«Стабільна бедная краіна». Эканаміст параўнаў заробкі ў Беларусі і ў іншых краінах Еўропы

Прадстаўнік Ціханоўскай па эканоміцы Алесь Аляхновіч прапануе паглядзець, да якіх заробкаў прывяла беларусаў палітыка Лукашэнкі.

«Гадамі нам казалі, што стабільнасць — гэта тое, што нам трэба. Але давайце параўнаем Беларусь з Польшчай (яшчэ 30 гадоў таму Беларусь і Польшча былі блізкія па ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця) і Украінай (самым горшым прыкладам эканамічнай трансфармацыі апошніх 30 гадоў, калі ацэньваць па аб'ёме ВУП на чалавека зараз і ў 1990 годзе).

Параўнаем сярэднія зарплаты:

У студзені 2021-га сярэдняя месячная зарплата ў Беларусі (да выплаты падаткаў) склала 1290 рублёў, альбо 503 долары. Для параўнання, у Польшчы сярэдняя месячная зарплата ў студзені 2021 года склала 1484 долары — у тры разы больш, чым у Беларусі. Сёлета па сярэдняй зарплаце абагнаць Беларусь зможа не толькі Украіна, але і Малдова (495 долараў у 4 квартале 2020), тады Беларусь стане самай беднай краінай па ўзроўню сярэдніх заробкаў у Еўропе.

Добра, гэта сярэдні заробак, а што з мінімальным заробкам?

* У рэгіёнах зарплата часцяком бліжэй да мінімальнай, чым да сярэдняй. «Мінімалка» ў Беларусі з 1 студзеня 2021 года складае 400 рублёў, альбо 156 долараў, паводле сярэднямесячнага курса ў студзені.

* У Польшчы амаль у пяць разоў больш — 751 долар, таксама па курсе ў студзені.

• «Мінімалка» ва Украіне з 1 студзеня 2021 вырасла да 6 000 грывень — гэта 213 долараў па курсе ў студзені. З 2014 года «мінімалка» ў нашых паўднёвых суседзяў намінальна вырасла ў пяць разоў, а ў доларавым эквіваленце ў паўтара раза — са 145 долараў у студзені 2014-га.

За гэты ж час «мінімалка» ў Беларусі ў доларавым эквіваленце скарацілася на 7% у параўнанні са студзенем 2014 года (174 долары). Аналагічна, як і ў выпадку з сярэдняй зарплатай, можна казаць пра ўпушчанае дзесяцігоддзе ў Беларусі.

Выснова:

Цікава, як доўга яшчэ беларуская дзяржпрапаганда будзе пытацца: «Хочаце, каб было як ва Украіне?» — і хваліцца нібыта сацыяльнай арыентаванасцю беларускай эканомікі? Украінская эканоміка, нават нягледзячы на вайну, на ўсе заганы алігархіі і іншыя праблемы, у апошнія гады развіваецца, а ў нас стагнацыя працягваецца ўжо дзесяць гадоў. За гэты час Беларусь стала краінай з найменшым мінімальным заробкам у Еўропе.

Без эканамічных рэформ мы не зможам жыць у свабоднай і паспяховай краіне, якой людзі будуць ганарыцца і адкуль перастануць масава з'язджаць за мяжу, каб там рэалізаваць свой патэнцыял. Таму не бойцеся перамен. Без іх у нас не будзе будучыні, а будзе дэградацыя, якую «ўлады» фальшыва называюць стабільнасцю».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: