Стаць фермерам і не збанкрутаваць?

За перыяд са студзеня па красавік 2019 года: на долю сяльгасарганізацый прыпадае 95,2% у жывой вазе жывёлаў і птушак і 97,2% — малака. Астатняе выпрадукавалі фермерскія і хатнія гаспадаркі. Як модна казаць, гэта ўсё, што трэба ведаць пра развіццё фермерства ў Беларусі.

Фота zhabinka.by

Між тым, менавіта фермеры прасоўваюць у сельскай гаспадарцы «зялёную эканоміку», дбаючы і пра экалогію, і пра здароўе нацыі. Быць фермерам у нашай краіне складана, а фермерам-арганікам — тым болей. Журналіст «Новага Часу» Міраслаў Гажэцкі разбіраўся, як стаць фермерам і вырабляць каштоўны натурпрадукт — кураў без антыбіётыкаў ды гародніну без пестыцыдаў.

Летась Белстат апрылюдніў даследаванне пра дзейнасць СФГ — сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак за 2010–2017 гады. За гэты час іх колькасць павялічылася ўсяго толькі з 2442 да 3168. А працавалі там меней за 10 тысяч чалавек. Няма і 4 чалавек на адну фермерскую гаспадарку. Дзве траціны працаўнікоў фермерскіх гаспадарак — наёмныя.

Доля фермераў сярод усёй сельскагаспадарчай прадукцыі ў Беларусі — 2%. Па відах прадукцыі: найбольш фермерскія гаспадаркі вырошчваюць гародніны — іх доля тут складае 18,7%, асобна лічацца бульба — 6% і буракі — 2,5%. Такім чынам, гэта першая падказка наконт таго, чым варта заняцца новаспечанаму фермеру — у прыватнасці, тымі самымі гуркамі ці зелянінай.

Рэнтабельнасць продажаў ад СФГ па краіне — 18,3%. Яшчэ адна падказка: у лідарах Брэстчына і Гродзеншчына — 23,9% і 20,1%. Ёсць сярод фермерскіх структураў і стратныя, але іх працэнт нашмат меншы за аграпрамысловыя прадпрыемствы — 10% супраць больш як 60%.


Круціцца як Шруб

Каб стаць фермерам, пажадана, канечне, мець досвед пасадак хоць бы на лецішчы ці біялагічную адукацыю. Зрэшты, хапае гісторыяў, калі паспяховымі фермерамі станавіліся гарадскія сем’і без аградосведу: інтэрнэт і спецыялізаваная літаратура ў дапамогу жаданню і працавітасці! Натуральна, варта вывучыць заканадаўства — Зямельны кодэкс, закон «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы», указ «Аб выманні і прадастаўленні зямельных участкаў». Фермер можа атрымаць ад дзяржавы ў дармавое пажыццёвае карыстанне да 50 гектараў зямлі, якую можна будзе перадаваць па спадчыне.

Заява аб пацвярджэнні магчымасці размясціць фермерскую гаспадарку на пэўным абшары разглядаецца мясцовым райвыканкамам цягам месяца. Па атрыманні дазволу можна рэгістраваць фірму — уласна фермерскую. Для гэтага патрэбны кароткі спіс дакументаў, у прыватнасці статут вашай гаспадаркі і аплата рэгістрацыі ў памеры ўсяго 0,8 базавай велічыні. Ажыццяўляецца рэгістрацыя ў дзень падачы адпаведнай заявы. Далей трэба зарэгістраваць зямельны надзел. Дарэчы, добрая навіна: першыя тры гады фермер вызвалены ад аплаты зямельнага падатку. Але і пасля гэтага тэрміну можна дамагчыся падатковых ільготаў ад мясцовых уладаў. Зразумела, што трэба будзе плаціць падаткі як вытворцу сяльгаспрадукцыі. Якія — залежыць ад таго, мае фермер наёмных працаўнікоў ці не. Бухгалтарскі ўлік — спрошчаны.

Ясная справа, што трэба мець стартавы капітал ці ўзяць крэдыт — на насенне, інвентар, тэхніку, заробак наёмным працаўнікам, на розныя гаспадарчыя пабудовы, упакоўку для прадукцыі ды іншае. Выдаткаў і завіханняў багата, але ж вочы баяцца, а рукі робяць! А раптам вы — новы Міхаіл Шруб, знакаміты беларускі буйны фермер, чыя гаспадарка ў Жыткавіцкім раёне з 3% яго земляў дае амаль 30% ад усёй сельскагаспадарчай выручкі тамтэйшых аграпрадпрыемстваў!

А пачынаў Міхаіл Шруб з 20 гектараў, маючы некалькі матыкаў ды кабылу. Праз 10 гадоў ён ужо вырабляў прадукцыі болей, чым суседнія калгасы, якія мелі ў дзясяткі разоў большыя плошчы, прычым плаціў працаўнікам у некалькі разоў болей. У выніку праз нейкі час працаўнікі аднаго калгасу — з нафталінавай назвай «Шлях да камунізму» — сабраліся і прынялі сенсацыйнае рашэнне далучыцца да фермерскай гаспадаркі Міхаіла Шруба!

У Беларусі ладзіцца дастаткова шмат розных семінараў па адкрыцці і вядзенні вясковага бізнесу ды існуе шэраг грантавых праграмаў для прадпрымальніцкіх ініцыятываў пры падтрымцы Еўрасаюза. Паўдзельнічаўшы ў іх, апрача ведаў, можна нават атрымаць дадатковыя грошы да ўласнага стартавага капіталу на добрую сельскагаспадарчую ідэю з бізнес-планам. Пашукайце ў інтэрнэце, да прыкладу, мерапрыемствы, падобныя да тых, што арганізуюцца ў межах праекта «Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь».

Так, удзельнікі Школы вясковага бізнесу ў мястэчку Камарова Мядзельскага раёна запусцілі ці цяпер ствараюць такія сельскагаспадарчыя справы, як пераробка арганічнага зерня грэчкі ў крупы, фасаванне іх і продаж, выраб біягумусу з утылізацыяй адходаў буйной рагатай жывёлы, праца безадходнай фермы з уласнай вытворчасцю кармоў.

Дастаткова шмат бізнес-навучальных праграм для вясковых прадпрымальніцкіх ініцыятываў скіраваныя менавіта на сельскагаспадарчыя вытворчасці з прыстаўкамі «бія» ды «эка». Прычым гаворка пра сапраўды арганік-прадукцыю, а не пра хітрыка-маркетынгавыя цэтлікі. Заахвочваннем такой сяльгасвытворчасці заняліся і ўлады Беларусі, прычым практычна асвойваюць яе перадусім фермеры.


Майстэрства арганікі

У лістападзе мінулага года быў апублікаваны закон «Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі». Дзейнічаць ён пачне ў лістападзе. Якія спрыяльныя змены ён прынясе для экафермераў, прыхільнікаў «зялёнай» эканомікі ды здаровага харчавання?

Вырошчванне экалагічна чыстых прадуктаў — сусветны трэнд. Бо ў сельскай гаспадарцы ўсё болей і болей выкарыстоўваюцца мінеральныя ўгнаенні пестыцыды, гербіцыды і розныя таксічныя хімічныя сродкі аховы агракультураў. А гэта — наўпроставая пагроза прыродзе і здароўю чалавека. Пры арганічным земляробстве нічога гэтага не ўжываецца.

Нават ва ўразлівым да праблемы экаежы Еўрасаюзе пад арганічнае земляробства задзейнічана пакуль што толькі 7% сяльгасугоддзяў. Дарэчы, самая перадавая краіна ў гэтым плане Аўстрыя — 23%, Эстонія — 20%, Швецыя — 19%, Італія — 15%, Чэхія і Латвія — па 14%. Так што падобны досвед пераймаць можна зусім блізка — у сусе­дзяў-латвійцаў.

У Беларусі сертыфікаваныя як тыя, што апрацоўваюцца ў арганік-спосаб, толькі паўтары тысячы гектараў зямель. Такое земляробства ў розных стадыях развіцця вядуць толькі некалькі дзясяткаў аграпрамысловых суб’ектаў.

Калі закон «Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі» запрацуе, вытворцу экаежы будзе выдавацца адмысловы знак-сертыфікат «Арганічны прадукт», якім можна будзе яе маркіраваць. Вось так спажывец і зможа адрозніваць сапраўды экалагічна чыстую прадукцыю ад падманнай.

Дарэчы, навуковыя даследаванні паказваюць, што нават тыдзень дыеты на арганічных прадуктах істотна зніжае канцэнтрацыю пестыцыдаў у арганізме (не забывайма, што ў кожным з нас гэтай дрэні багата). Рост папулярнасці здаровага ладу жыцця, у тым ліку здаровага харчавання і аховы наваколля, павінен паспрыяць попыту на такую прадукцыю. Пагадзіцеся, што культ гародніны і зеляніны «са свайго агароду» існуе. Але маюць такі натурпрадукт не ўсе, дый уладальнікі лецішчаў усё часцей пераўтвараюць грады ў газоны і адпачынкавыя зоны.

Дарэчы, паводле сацыялагічнага апытання, якое праводзіў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, купляць арганічную прадукцыю, якая будзе ўдвая даражэйшай за, скажам так, традыцыйную, гатовыя крыху больш за чвэрць беларусаў. Калі ж попыт унутры Беларусі будзе замалы, бо кошты, натуральна, на экаежу заўважна вышэйшыя, то калі ласка — экспартуй у больш заможны ЕС, дзе маштабы спажывання экапрадукцыі перавышаюць аб’ёмы вытворчасці, ці Кітай, дзе з экалогіяй зусім кепска.

Цяпер у Беларусі працуюць некалькі інтэрнэт-пляцовак («Экаежа», «Кансорцыя арганічных гаспадарак»), праз якія аб’ядналіся і прадаюць сваю прадукцыю экафермеры. Нехта з іх ужо мае аўтарытэтныя замежныя «зялёныя» сертыфікаты, якія пацвярджаюць арганік-статус вырашчанага ўраджаю, хтосьці — чакае атрымання такога дакумента. Бо працэс пераходу на экавытворчасць паводле прынятых стандартаў і ацэнкі адмыслоўцаў-інспектараў на адпаведнасць гэтым стандартам расцягваецца на гады.

Магчыма, калі-небудзь і наша дзяржава па прыкладзе Захаду зможа датаваць арганічнае земляробства на перыяд сертыфікацыі. Экалагічна-эканамічны энтузіязм варта падтрымліваць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!