«Стакгольмскі сіндром» беларускага бізнесу

Сённяшнія паводзіны айчыннага бізнесу нагадваюць узятага тэрарыстамі закладніка, якога спасціг «стакгольмскі сіндром». Ён верыць, што калі будзе выконваць усе патрабаванні тэрарыстаў, то застанецца жывым і цэлым. Ён нават адчувае спагаду да тэрарыстаў.


І нават калі злачынцы ўжо расстралялі некалькі іншых закладнікаў, а яшчэ аднаго катуюць — пад уздзеяннем «стакгольмскага сіндрому» той усё роўна верыць, што з ім нічога не здарыцца, калі ён будзе «добра сябе паводзіць».

Гэтак жа робіць беларуская бізнес-супольнасць. Бізнесменаў арыштоўваюць аднаго за адным, але тыя, што застаюцца на волі, пацокаўшы языком, працягваюць разважаць пра неабходнасць дыялогу з уладай, сумеснай працы над нарматыўнымі дакументамі і ўдасканаленнем заканадаўства.

З аднаго боку, улада дэкларуе стымуляванне дзелавой актыўнасці ў Беларусі — каб было каму плаціць падаткі. Са студзеня 2017 года група, створаная пры Адміністрацыі прэзідэнта, падрыхтавала сем дакументаў, якія павінны палепшыць умовы для вядзення бізнесу. Шмат якія з прапанаваных нормаў і на самай справе маглі б палепшыць бізнес-клімат.

З іншага боку, мы бачым рэгулярныя «пасадкі» нешматлікіх паспяховых бізнесменаў, часцяком па смяхотных, а тое і зусім надуманых падставах. І кожны арышт паспяховага прадпрымальніка, да таго ж добра вядомага за мяжой, абнуляе ўсялякі інвестыцыйны аўтарытэт Беларусі ў свеце.


Але пакуль адных прадпрымальнікаў адпраўляюць у СІЗА, іншыя працягваюць разважаць пра дыялог з уладай. І чамусьці асабліва захапляльна — ад пачатку гэтага года. Часцей за іншых тое робіць Уладзімір Карагін, кіраўнік Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва. «Дыялогу бізнесу і ўлады пакуль бракуе. Але за апошні год градус узаемадзеяння істотна павысіўся, што адзначаюць самі прадпрымальнікі. Пачалі працаваць грамадска-кансультатыўныя саветы, якія, паводле пастановы Савета Міністраў, не менш чым на 50% павінны складацца з прадпрымальнікаў, — рэгулярна распавядае Карагін. — Пры тым неабходна актывізаваць дыялог на ўзроўні абласцей і раёнаў. Трэба ў кожным раёне стварыць мінімум тры саветы: па развіцці вытворчасці, гандлю і паслуг. Прадпрымальнікі з уладай могуць абгаварыць большасць мясцовых праблем».

«Нашы чыноўнікі не ўмеюць весці дыялог, а калі дакладней — робяць гэта фармальна. Як муж, якога жонка застукала ў ложку з іншай, пачынае апраўдвацца, які ён добры: учора бульбу пачысціў, а сёння кватэру прыбраў. Нашы службоўцы ў большасці не ўмеюць ні думаць, ні казаць, — упэўнены эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. — Ну і што, што ВУП у доларавым выразе зваліўся на 40%? Ну і што, што пасыпаўся ўвесь экспарт? Чыноўнікі ж напісалі і прынялі 6 дакументаў, 4 пастановы, 15 указанняў, 24 тлумачэнні, 146 рэкамендацый і гэтак далей. Яны працуюць! А карысці з таго?»

Галоўнай падзеяй у дзіўным «дыялогу» з уладай самі прадпрымальнікі лічаць XVIII Асамблею дзелавых колаў. Яе наведалі міністр эканомікі Ула­дзімір Зіноўскі, міністр гандлю Уладзімір Калтовіч, намеснік міністра фінансаў Зміцер Кійко, таксама іншыя ўрадавыя чыноўнікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і прадстаўнікі райвыканкамаў. Як аказалася, шмат якія прапановы Нацыянальнай платформы бізнесу супалі з захадамі, якія плануе рэалізаваць урад і Нацыянальны банк. Натхненню прадпрымальнікаў не было мяжы… пакуль не пачаліся новыя арышты бізнесменаў.

«Ліберальны клуб» прадставіў уласнае даследаванне на тэму ўзаемадзеяння бізнесу і дзяржавы. Аўтары дакумента — эксперты Мікіта Бяляеў і Яўген Мардасевіч — найперш заявілі, што чыноўнікам на самай справе паставілі задачу па паляпшэнні дзелавога клімату.

«Вельмі важна, каб існаваў механізм зваротнай сувязі паміж бізнесам і ўладай. Менавіта механізм зваротнай сувязі, як паказвае досвед еўрапейскіх і паспяховых азіяцкіх дзяржаў, дазваляе ўтрымаць баланс паміж інтарэсамі ўлады і бізнесу, — адзначыў Бяляеў. — Мы папрасілі нашых рэспандэнтаў ацаніць узаемадзеянне ўлады і бізнесу ў Беларусі па 10-бальнай шкале, і атрымалі паказчык 5,6 бала. Што цікава, у Германіі бізнес эфектыўнасць свайго дыялогу з уладай ацэньвае прыкладна гэтак жа».

Як паказалі экспертныя інтэрв’ю, што правялі аўтары даследавання, у Беларусі прысутнічаюць механізмы для дыялогу ўлады і бізнесу, але іх эфектыўнасць абмежаваная.

Зрэшты, стрыманы аптымізм Мардасевіча і Бяляева разбіўся на кавалкі, калі пазней, падчас абмеркавання, аўтар гэтых радкоў прывёў прыклад: як Міністэрства інфармацыі падрыхтавала праект указу, які «забівае» прыватныя кабельныя тэлекампаніі. І пры гэтым цалкам праігнаравала патрабаванне Дырэктывы №4 — узгадняць падобныя дзеянні з зацікаўленымі бізнес-структурамі. «Як такога дыялогу ўлады і бізнесу ў Беларусі сапраўды няма, — сканфузіўся Мікіта Бяляеў. — Гэта прызналі практычна ўсе ўдзельнікі нашага апытання. Ёсць інфармаванне, калі органы ўлады паведамляюць бізнесменам свае рашэнні. А дыялогу пры гэтым няма».

Свой погляд на гэтую праблему НЧ выказаў Павел Данейка, дырэктар бізнес-школы ІПМ


— Дык ці ёсць сёння ў Беларусі дыялог паміж бізнесам і ўладай?

— Ёсць. Але вельмі стрыманы і не па ўсіх пытаннях. Але вось у чым пазітыў таталітарнага рэжыму: вырашылі, што мы павінны ўвайсці ў Топ–30 краін па рэйтынгу Doing Business. Да чыноўнікаў гэта было данесена, распісана, і таму нешта рухалася. Таму што была каманда зверху. Іншая справа, што ёсць галіны, якія не пападалі пад дзеянне гэтых задач, у рамках уваходжання ў Doing Business. Але і там «мяч», хутчэй, на баку бізнесу, а не ўлады.

Каб улада пачала нешта змяняць у гэтых галінах, павінны існаваць галіновыя бізнес-аб’яднанні, якія выпрацоўваюць прапановы па зменах і кудысьці іх накіроўваюць. Гэта значыць, павінен быць суб’ект перамоў. А пакуль галоўная праблема прыватнага бізнесу ў Беларусі ў тым, што няма галіновых бізнес-асацыяцый.

— А як жа Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва са сваёй Нацыянальнай платформай развіцця бізнесу?

— Гэта ўсё на вельмі абстрактным узроўні, і прынцыпова з гэтым усе згодныя. Але гэта агульныя размовы пра тое, як зрабіць жыццё лепш. А ў нас ёсць пэўныя праблемы — напрыклад, рэгуляванне паслуг таксі. Дзе аб’яднанне фірмаў таксі, якія разам выступаюць на перамовах? Або прыватныя медыцынскія паслугі. Зарэгуляванасць там страшэнная, шмат якія рэчы паўсталі ў мінулым, і ніхто ўжо не памятае, чаму. Дзе асацыяцыя прыватных медцэнтраў, якая б аб’яднала высілкі, наняла юрыстаў і выставіла свае прапановы, вяла перамовы? Але такой ініцыятывы няма.

У нас жаляцца, што ў бізнесу з уладай няма дыялогу. Ну дык пачніце такі дыялог! Улада пакуль дэманструе гатоўнасць размаўляць.

— І пры гэтым арыштоўвае бізнесменаў па смяхотных, а часта і надуманых падставах…

— Так, гэта, безумоўна, развальвае тую велізарную працу, якая была праведзеная за апошнія гады. Стварае атмасферу, якая гасіць інвестыцыйную актыўнасць. І мы бачым, як яскравыя, генераваўшыя мноства ідэй прадпрымальнікі проста пакідаюць краіну. А страта чалавечага капіталу — гэта тое, што немагчыма пакрыць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: