Старшыня "Беллегпрама": Мы адкрытыя для ўсіх, хто хоча працаваць празрыста і легальна

"Мы адкрытыя для ўсіх індывідуальных прадпрымальнікаў, якія хочуць працаваць празрыста і легальна", — заявіў журналістам 13 лютага ў Мінску на цырымоніі адкрыцця фірмавага магазіна "Мілавіца" ў гандлёвым цэнтры "Сталіца" старшыня канцэрна "Беллегпрам" Мікалай Яфімчык, адказваючы на пытанне БелаПАН, як ён ацэньвае праведзеныя на гэтым тыдні сустрэчы з індывідуальнымі прадпрымальнікамі.



"Мы чакаем нармальных вынікаў. Той, хто хоча працаваць празрыста, легальна ў межах існага заканадаўства, у іх усё будзе выдатна. А хто хоча атрымліваць прыбытак проста так: недзе купіў, прадаў, нічога не афармляючы і падманваючы свайго спажыўца, у яго нічога не атрымаецца", — адзначыў Яфімчык.
 
 
Як паведаміў генеральны дырэктар ТАА "Сільвана фэшн" (генеральны дыстрыбутар фабрыкі "Мілавіца" ў Беларусі) Яўген Зуеў, кампанія актыўна і нармальна працуе з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. "Мы сёння адкрытыя да супрацоўніцтва. Я ведаю, што многія прадпрымальнікі скардзяцца, што з беларускімі вытворцамі складана працаваць, атрымліваць тавар, заключаць дагаворы. У нас ёсць спецыяльнае падраздзяленне, якое займаецца аптовым продажам. Людзі там нацэленыя на супрацоўніцтва. Калі прадпрымальнік зробіць хаця б адно тэлефанаванне, яно адразу ператворыцца ў дыялог. Калі мы яго зацікавім, ён адразу атрымае кантракт, наш тавар, добрыя ўмовы і падтрымку", — адзначыў Зуеў.
 
 
Як раней паведамлялася, канцэрн "Беллегпрам" правёў 10—11 лютага ў Мінску і абласных цэнтрах сустрэчы з ІП, мэта якіх была наладзіць эфектыўнае супрацоўніцтва паміж айчыннымі прадпрыемствамі лёгкай прамысловасці і прадстаўнікамі малога бізнесу.
 
 
У "Беллегпраме" адзначаюць, што прадпрыемствы, якія ўваходзяць у склад канцэрна, гатовыя супрацоўнічаць з ІП у "максімальна гнуткіх і эфектыўных формах". Беларускія вытворцы могуць прапанаваць шырокі асартымент тавараў з гарантыяй якасці, бо ўсе вырабы адпавядаюць тэхрэгламенту Мытнага саюза аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці, а таксама прапануюць "прывабныя ўмовы набыцця тавараў" і "гнуткія сістэмы зніжак", падкрэсліваюць у канцэрне.
 
 
На сустрэчах былі прэзентаваныя формы і ўмовы супрацоўніцтва, прайшлі дэманстрацыі-паказы тавараў беларускай лёгкай прамысловасці.
 
 
Каментуючы БелаПАН планы "Беллегпрама", старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка адзначыў: "Калі б ІП была цікавая прапанова айчынных вытворцаў, то іх прадукцыя ўжо сёння была б на гандлёвых аб'ектах індывідуальных прадпрымальнікаў. Калі гэтай прадукцыі там да гэтага часу няма, то канцэрну, верагодна, яшчэ ёсць над чым працаваць".
 
 
Указ прэзідэнта № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі" ўвайшоў у сілу 1 студзеня 2016 года. Згодна з ім ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Прадпрымальнікі сцвярджаюць, што не могуць выканаць патрабаванні ўказа, бо большасць расійскіх пастаўшчыкоў, у якіх яны закупляюць тавар, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо даюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП штрафуюць, у іх канфіскуюць тавар. Прадпрымальнікі таксама дамагаюцца карэкціроўкі ўказа № 48 "Аб мерах па забеспячэнні дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў".
 
 
Паводле БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!