Стары калійны сябар з Дохі

Чарговае з'яўленне Лукашэнкі ў Персідскім заліве ў сяброў-манархаў цудоўным чынам зноў супала з пагаршэннем яго адносін з Масквой. На гэты раз па праблеме аплаты за расійскі газ.

Фота www.sb.by


Можна з вялікай ступенню ўпэўненасці выказаць здагадку, што Лукашэнка пайшоў на парушэнне дзеючага кантракту, дзе ясна прапісана цана за газ, банальна з-за адсутнасці грошай. Але сёння і ў Масквы няма такіх грошай, якія б дазволілі проста спісаць чарговы доўг беларускага боку. І, відавочна, натхнёны былой перамогай над расійскім «Уралкаліем», беларускі кіраўнік зноў вырашыў звярнуцца па дапамогу да казачна багатага Катару і без усялякіх анонсаў асабіста прыбыў у Доху.

Як уяўляецца, беларускі калій і ёсць тая ўласная валюта Лукашэнкі, з дапамогай якой ён можа адкрыць кашалькі арабскіх шэйхаў і выкруціцца з цяперашняй, небяспечнай для яго сітуацыі ў адносінах з Расіяй, дзе адзінаўладна валадарыць Пуцін. Трэба думаць, ён не забыўся і зрабіў свае высновы з гісторыі з «Уралкаліем».

Таму варта нагадаць былы калійны скандал паміж Мінскам і Масквой. Ён, мабыць, быў найбольш памятным для ўсіх у мінулы прэзідэнцкі тэрмін Лукашэнкі. А цяперашні нафтагазавы канфлікт можа стаць памятным ужо для наступнага прэзідэнцкага тэрміну.

Такім чынам, амаль тры гады таму гучны скандал паміж Мінскам і Масквой разгарэўся вакол найважнейшай беларускай кампаніі — «Беларуськалія». І катарскае кіраўніцтва, якое так гасцінна прымае сёння Лукашэнку і яго світу, тады выступіла ў гэтым канфлікце на беларускім баку.

Варта нагадаць, што сітуацыя вакол «Беларуськалія» паступова абвастралася ў 2011–2013 гадах. Урэшце канфлікт дасягнуў крытычнай кропкі. У ліпені 2013-га расійскі бок у асобе кіраўніцтва «Уралкалія» заявіў пра разрыў з «Беларуськаліем» і, адпаведна, пра спыненне сумеснай рэалізацыі калійных угнаенняў. Беларусь, якая не мела ўласных гандлёвых пляцовак, апынулася ў значна больш цяжкай сітуацыі, чым Расія. Аднак у Маскве не ўлічылі, што "Беларуськалій" імкнуліся набыць цэлы шэраг замежных бізнес-структур, уключаючы кітайскія, індыйскія, заходнія і катарскія, у інтарэсах якіх было скасаванне «калійнага шлюбу» Мінска і Масквы.

Адчайна паспрабаваўшы самастойна вырашыць праблему рэалізацыі сваёй прадукцыі, Мінск знайшоў (а можа, і яго самога знайшлі) дапамогу ў асобе расійскага антаганіста — Катара. І некаторыя назіральнікі адразу адзначылі, што манархічны Катар умяшаўся ў святая святых сферы расійскіх інтарэсаў на постсавецкай прасторы. А дакладней, ва ўнутраныя справы так званай Саюзнай дзяржавы. Падобна на тое, задуманая беларуска-катарская гульня апынулася выгаднай для двух сяброў з такіх розных светаў.

Не прайшло і тыдня з моманту афіцыйнага разрыву паміж дзвюма кампаніямі, як катарскі бок абавязаўся штогод прасоўваць на сусветны рынак праз уласную міжнародную пляцоўку, кампанію «Мунтаджат» (Muntajat, «Прадукцыя») 3 мільёны тон беларускіх калійных угнаенняў, што амаль раўняецца агульнаму выпуску прадукцыі «Беларуськалія» на дадзеным этапе. І афіцыйныя прадстаўнікі «Беларуськалія» заявілі ў сувязі з гэтым, што рады падпісаць гэтае пагадненне па маркетынгу калійных угнаенняў «Мунтаджат», якая з'яўляецца важным сусветным пастаўшчыком азотных угнаенняў. Была выказана зайздросная ўпэўненасць, што гэтая структура прывядзе да пашырэння недаступных для Беларускай калійнай кампаніі рынкаў.

Для многіх у Крамлі тады стала адкрыццём, што Катар, які шмат у чым асацыяваўся з газавай галіной, зможа нанесці ўдар, ды яшчэ ў сферы ўгнаенняў. Такім чынам былі прадэманстраваны небяспечныя для Масквы амбіцыі на ўкараненне на сусветным рынку ўгнаенняў і ажыццяўленне кантролю над іх замежнымі вытворцамі. Тады Мінск і Катар упершыню заявілі аб супрацоўніцтве па частцы сумесных продажаў мінеральных угнаенняў. І абвясцілі аб супрацоўніцтве па продажы беларускай прадукцыі на катарскай гандлёвай пляцоўцы.

Мінск і Доха праявілі гатоўнасць рабіць гэта ў абыход расійскага боку, з якім у Беларусі была дамоўленасць аб сумеснай рэалізацыі калійных угнаенняў. Паводле экспертных ацэнак, менавіта дапамога з боку катарскіх уладаў шмат у чым і пабудзіла Лукашэнку на такое выступленне. Без Дохі дзеянні Мінска, які знаходзіцца ў залежнасці ад расійскага боку ў пытанні распаўсюджвання прадукцыі, не былі б такімі выніковымі.

Варта асабліва адзначыць, што далейшае пашырэнне рамак функцыянавання «Мунтаджат» за кошт продажаў угнаенняў стала знамянальным этапам развіцця дзяржаўнага планавання катарскага кіраўніцтва. Пагадненне аб продажы калійных угнаенняў з Беларуссю адзначае стратэгічную эвалюцыю бізнесу катарскай кампаніі. У дадатак да функцый кампаніі, якая дзейнічае як канал збыту хімічных рэчываў, палімераў і ўгнаенняў, якія вырабляюцца ў Катары, пашыраецца яе сфера за кошт уласных глабальных аперацый з дадатковымі прадуктамі.

Гэта пагадненне мае выгаду і для растучай кліенцкай базы Катара, і для «Мунтаджат», і для «Беларуськалія». Вядома, што калійныя ўгнаенні карыстаюцца высокім попытам на сусветных рынках. Як адзначаюць спецыялісты, дабаўка гэтага прадукту ў партфель азотных угнаенняў, якія распаўсюджваюцца «Мунтаджат», умацоўвае нашы пазіцыі ў гэтым сектары і прапануе кліентам больш выгод.

У той жа час, хоць «Мунтаджат» яшчэ нельга назваць вядучай сусветнай гандлёвай пляцоўкай, у Дохі, улічваючы рост яе фінансава-эканамічнага патэнцыялу, маюцца для гэтага шырокія перспектывы. Не выпадкова, што літаральна за нейкія некалькі гадоў Катар зрабіў прарыў на газавым рынку, у металургіі, а ў апошнія гады — і ў аграсферы.

Паралельна Катар спрабуе ўсталяваць кантроль і над вытворчасцю ўгнаенняў, асабліва азотных. І ўжо зараз у гэтым сегменце Доха займае прыкметныя пазіцыі. Што ж тычыцца беларускага напрамку, то Доха мае намер пашырыць з Мінскам супрацоўніцтва ў працэсе вытворчасці фосфарных угнаенняў. У выніку за кошт пашырэння свайго ўплыву і ў калійнай сферы Катар яшчэ больш умацуе свой уплыў на гэтым рынку.

Пры гэтым катарскае кіраўніцтва сапраўды нацэлілася на далейшае развіццё эканамічных сувязяў з Беларуссю. Адпаведным індыкатарам служыць актывізацыя іх кантактаў у апошнія два-тры гады. У тым ліку арганізаваная пры пасярэдніцтве Катара сустрэча прадстаўнікоў кампаній «Белнафтахім» і «Беларуськалій» з кіраўніцтвам Бразіліі.

Важную ролю ў іх адыграла ўсё тая ж кампанія «Мунтаджат». Пры дапамозе Дохі Мінск дамовіўся не толькі наконт продажу бразільскаму боку ўгнаенняў, але і пра ўзвядзенне ў Бразіліі пры дапамозе беларускіх інжынераў аб'ектаў лагістыкі.

Такім чынам, Доха наўпрост садзейнічала адкрыццю для беларускага боку раней амаль недаступнага бразільскага рынку. Адначасова Катар наглядна прадэманстраваў беларускаму кіраўніцтву, што супрацоўніцтва з ім у дадзеным выпадку больш прадуктыўнае, чым з Расіяй, ад якой Мінск амаль прывык чакаць толькі сур'ёзныя непрыемнасці.

Такім чынам, можна чакаць новых глабальных дамоўленасцяў паміж Мінскам і краінамі Персідскага заліву.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: