Старыя песні аб адным. Лукашэнка прапанаваў «Газпраму» пабудаваць новы азотны камбінат у Гродне

Беларусь можа кампенсаваць падзенне спажывання расійскага газу пасля ўводу АЭС за кошт уводу ў эксплуатацыю новага комплексу на базе «Гродна Азота». Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Сочы.

Поўны ўвод у строй атамнай станцыі ў Астраўцы дазволіць зэканоміць прыкладна 5 млрд. кубаметраў прыроднага газу. Тым не менш патрэба ў гэтай сыравіне ў цэлым не знізіцца — з улікам планаў па будаўніцтве новага азотнага камбіната ў Гродна.

— Таму мы ўсё роўна будзем спажываць прыродны газ ва ўсёўзрастаючых аб'ёмах. Праект коштам 1,2 — 1,3 мільярда [долараў]. Новы камбінат [у Гродне]. Мы хочам павялічыць аб'ёмы азотных угнаенняў. Калі будзе ваша даручэнне прапрацаваць пытанне, мы з «Газпрамам» гатовыя гэты праект рэалізаваць,цытуе Лукашэнку tut.by cа спасылкай на яго прэс-службу

Беларусь ужо даўно разглядае «Газпрам» у якасці патэнцыйнага партнёра па будаўніцтве новага комплекса на базе «Гродна Азота», паколькі прыярытэтнае пытанне — гэта забеспячэнне завода сыравінай (прыродным газам).

У 2014 годзе Беларусь выставіла на продаж блокпакет акцый «Гродна Азота». Стартавая цана актыву склала 414 млн. долараў, укласці ў яго давядзецца яшчэ 1,6-1,8 млрд. долараў, а ў перспектыве пакупнік зможа атрымаць кантроль над камбінатам, даплаціўшы не менш за 440 млн. долараў.

Кола прэтэндэнтаў было абмежаванае ўмовай пастаўкі 2 млрд. кубаметраў газу ў год, сярод патэнцыйных інвестараў называлі «Газпрам», «Раснафту» і «Еўрахім». Але дадзеныя ўмовы расійскія кампаніі не зацікавілі, паколькі ацэнка актыву была завышаная.

У наступным улады Беларусі прапаноўвалі Кітаю стаць фінансавым інвестарам праекта ў надзеі на танныя крэдыты. Аднак і там дасягнуць дамоўленасцей не атрымалася. Таму Мінск вырашыў узводзіць аб'ект за свой кошт, але прыцягнуць замежнага генпадрадчыка.

Увод новага камбіната ў эксплуатацыю запланаваны на 2025 год. Кошт будаўніцтва ацэньваецца ў 1,3 млрд. долараў. Разліковы тэрмін акупнасці — дзесяць гадоў. У выніку «Гродна Азот» у два разы павялічыць магутнасці па выпуску карбаміду і значна нарасціць экспарт. Пры гэтым расход газу знізіцца прыкладна на 15%, энергаспажыванне — на 20%.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: