Мальдзівы, тэрыконы, сафары: дзе нетрывіяльна адпачыць у Беларусі

«Новы Час» склаў падборку месцаў для незвычайных экскурсіяў, якія могуць зацікавіць як замежнікаў, так і стомленых Мірам беларусаў. Спадзяемся, пасля прачытання вы пераканаецеся, што па радзіме вандраваць цікава, і ў нас сапраўды ёсць што паглядзець. 

Салігорскія тэрыконы. Фота Vandrouka.by

Выбітнасцяў на вандроўныя маршруты хапае: і сур’ёзных — з пагружэннем у гісторыю, і больш лёгкіх для баўлення часу. Паехалі.

Смяротная ўтопія

Беларускія Мальдзівы — хіба самая вядомая з незвычайных мясцін. Гэта колішнія крэйдавыя кар’еры каля Ваўкавыску, што пераўтварыліся ў азёры з блакітнай вадой і скалістымі берагамі. Яшчэ гадоў 15 таму пра іх ведалі адзінкі, але, дзякуючы распаўсюду праз інтэрнэт экзатычных краявідных фотаздымкаў, мясціна стала нефармальна турыстычнай. Шыльды з папярэджаннямі пра небяспеку купання і запалохванне штрафамі людзей не спынялі. Наадварот, забароненая прыгажосць стала яшчэ больш папулярнай. Пасля чарады няшчасных выпадкаў улады пачалі думаць — ці ўпарадкаваць некалькі кар’ераў у зону адпачынку, ці закрыць сюды праезд і патруляваць наваколле. Спыніліся на другім варыянце.

Цяпер на «пляжах» тутэйшых Мальдзіваў шмат часу, як раней з начоўкамі ў намётах, не прабавіш — ахова ўпільнуе і папросіць сысці, а вось некалькі ўражвальных фотаў з абрываў зрабіць удасца. Зрэшты, мы да гэтага не заклікаем, бо тое сапраўды небяспечная прамысловая зона на радовішчы. Сайт прадпрыемства «Краснасельскбудматэрыялы», якое тут працуе, адкрываецца настойлівай просьбай «устрымацца ад наведвання крэйдавых кар’ераў». А таксама відэаролікам «Смяротная ўтопія» пра рызыкі для жыцця, якія тояць гэтыя мясціны: небяспечны рэльеф дна, глыбіня да 50 метраў, высокая верагоднасць абрынання берагоў і прасядання грунту, да ўсяго — крэйда раз’ядае ды сушыць скуру, асядае ў лёгкіх, правакуе астму і алергію.

Падобнае месца ёсць і ля вёскі Глушкавічы Лельчыцкага раёна. Там, дзе быў прамысловы кар’ер па здабычы камянёў, цяпер скандынаўскія краявіды. І калі на «беларускіх Мальдзівах» жывуць ракі, то там — чарапахі. А каля возера Гінькава і вёскі Сахновічы Глыбоцкага раёна можна пабываць у адзінай у нашай краіне пячоры. Што праўда, патрапіць у яе можна, практычна запаўзаючы. І ўнутры можна знаходзіцца толькі седзячы.


Салігорскія тэрыконы

І яшчэ два пункты прамысловага турызму. З Мінску арганізуюцца экскурсіі на жодзінскі завод БелАЗ, які вырабляе славутыя самазвалы вышынёй 8 метраў, занесеныя ў Кнігу рэкордаў Гінеса. У турфірмаў кошты — ад 40 рублёў. У праграму экскурсіі, напрыклад, уваходзіць знаёмства з працэсам зборкі гіганцкіх машынаў і кава-гарбата з печывам у выглядзе самазвала. Дадаткова аплачваецца паездка на «БЕЛАЗе» — 85 рублёў.

У той самы вандровачны дзень яшчэ можна паспець з’ездзіць пад Салігорск, да тамтэйшых гор з адкідаў здабычы калійных угнаенняў «Беларуськалія». Гэта тэрыконы — разнавіднасць антрапагеннага ландшафту з пустых парод, што паўстаў у выніку падземнай распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў. Уяўляюць яны сабой нібы марсавыя краявіды. Натуральна, гэты аб’ект — не турыстычны і ахоўваецца. Але захапляльных фотаздымкаў салігорскіх тэрыконаў у інтэрнэце дастаткова шмат.


Дагары нагамі

Такі атракцыён, як перакулены дом, ёсць шмат у якіх краінах. У Беларусі «дамок Элі», пастаўлены пад асаблівым вуглом, які парушае ў тых, хто заходзіць у яго, раўнавагу, пабудавалі за 30 кіламетраў ад Мінска — у музейным комплексе «Дукорскі маёнтак». На дадатковае выпрабаванне для вестыбулярнага апарату разнастайную мэблю размясцілі на столі. Цана наведвання перакуленага дома ды іншых аб’ектаў музейнага комплексу: будні — 6 рублёў, выходныя — 8, дзецям да 10 гадоў — задарма.

Што да іншых цікавых спарудаў: на Тураўшчыну клічуць адпачыць на Прыпяці ў адзіным у краіне плывучым гатэлі «Палессе» — па некалькіх маршрутах. Напрыклад, Тураў—Петрыкаў—Мазыр і назад. Падчас рачнога круізу можна павячэраць на адкрытай палубе, палавіць рыбу, можна спыніцца для пікніка. Нумар на дваіх чалавек абыдзецца ў трохі болей за 50 рублёў за суткі. Што праўда, гаворка пра «берагавое забеспячэнне». Паплыве гатэль пры мінімальнай загрузцы 10 асобамі. Яго можна зняць «пад ключ» для карпаратыву: 6 гадзін ходавага часу абыдуцца ў амаль 900 рублёў.

І, калі ўжо будзеце ў Тураве, памятайце — у Нацыянальным парку «Прыпяцкі» можна пабываць на сафары. На 260 гектарах тут пракладзены аўтамабільны маршрут, а ўлетку перасоўвацца можна на чыгунцы. Удасца зблізку пабачыць аленяў, ласёў, дзікоў, зайцоў, зуброў. Супрацоўнікі парка кажуць, што вы абавязкова сустрэнеце і сфатаграфуеце жывёлаў. Адных дзікоў тут больш за 2,5 тысячы.


Тур-катастрофа

Калі вам спадабаўся серыял «Чарнобыль», то, імаверна, зацікавіцеся вандроўкай у «зону». З нядаўняга часу ёсць магчымасць афіцыйна трапіць і ў беларускую яе частку. Хаця будзе і не так уражвальна, як на ўкраінскай — з тамтэйшым горадам-прывідам Прыпяццю. У Беларусі экскурсіі ладзіць Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. У зону адчужэння можна выправіцца на 7 ці 10,5 гадзінаў. Самастойна паехаць туды нельга, толькі ў суправаджэнні супрацоўнікаў запаведніка. І пераначаваць там не атрымаецца. Калі хочаце выправіцца на некалькі дзён, то давядзецца спыняцца ў гатэлях Брагіна ці Хойнікаў.

Для групы да 11 асобаў на 7 гадзінаў экскурсія каштуе 340 рублёў. Калі вы з замежнікамі, то ім давядзецца за асобны кошт рабіць пропускі ў памежную зону. Будуць і дадатковыя дробныя выплаты: напрыклад, дазіметрычны кантроль па вяртанні з «зоны» (каля 2 рублёў).

Правілы строгія: нельга кранацца любых збудаванняў і раслін, падымаць пыл, сядаць на зямлю ці ставіць на яе фотаапарат з відэакамерай, піць ваду з калодзежаў і ручаёў, есці садавіну, ягады. Трэба мець закрытае адзенне і абавязкова — галаўны ўбор, варта насіць рэспіратар. Паехаць знянацку ў «зону» не атрымаецца: заяўка на вандроўку разглядаецца 10–15 дзён.


Турысты-мініяцюрысты

У Беларусі маюцца адразу дзве калекцыі нашых выбітнасцяў у мініяцюры. Першая — мінскі музей «Краіна Міні» ў Палацы прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы. Яго экспанаты — паменшаныя копіі больш за дзясятак славутасцяў: Брэсцкая крэпасць, Нясвіжскі замак, Чырвоны касцёл і Оперны тэатр у Мінску, касцёл у Гервятах ды іншыя. Збор экспанатаў будзе павялічвацца і павінен дасягнуць 70 макетаў. Кошт для грамадзян Беларусі — 7,5 рубля, для грамадзян іншых краінаў — 15.


Фонд «Краіна замкаў» ужо некалькі гадоў стварае мініяцюры замкаў і палацаў часоў ВКЛ, вырабляе іх з дапамогай 3D-прынтара. Музей павінен размясціцца на некалькіх гектарах, але пакуль мадэлі ў маштабе 1:25 знаходзяцца ў двары сядзібы ў вёсцы Родзевічы на Ашмяншчыне, якую набыў дырэктар фонду Алесь Варыкіш.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: