Страйкам «Беларуськалія» усё ж папрасіў кампанію Yara пераглядзець дзелавыя адносіны з прадпрыемствам

Страйкавы камітэт ААТ «Беларуськалій» выступіў з адкрытым зваротам да нарвежскай кампаніі Yara, у якім просіць яе перагледзець далейшыя дзелавыя адносіны з «Беларуськаліем». Тэкст звароту распаўсюджаны ў телеграм-канале страйкаму.


Страйкам інфармуе нарвежскую кампанію, што «з боку наймальніка і прадстаўнікоў сілавых структураў працягваецца беспрэцэндэнтны ціск на працоўных і членаў страйкавага камітэта».

«21.09.2020 горны майстар 4 РУ Алег Кудзёлка абвясціў пратэст супраць незаконнага звальнення, пакарання рабочых прадпрыемства і рэпрэсій, адмовіўшыся выязджаць з шахты. Мы, прадстаўнікі страйкавага камітэту, прыйшлі падтрымаць нашага калегу да прахадной 4 РУ, дзе ўсе прысутныя, 22 чалавекі, былі жорстка затрыманыя сілавымі структурамі з парушэннямі базавых правоў чалавека», — адзначаецца ў звароце.

«Сустаршыня страйкаму Анатоль Бокун быў паўторна пазбаўлены волі на 25 сутак арышту без прадастаўлення адваката і знаходзіцца ў жудасных умовах, што можа пацягнуць пагаршэнне стану здароўя. 24 верасня стала вядома, што Анатоль Бокун абвясціў галадоўку ў ІЧУ г. Узда. Працягваюцца ціск і незаконныя звальненні ўдзельнікаў страйку, якія да яго далучыліся», — гаворыцца ў звароце.

Страйукам просіць кампанію Yara пераглядзець далейшыя дзелавыя адносіны з ААТ «Беларуськалій», кіраўніцтва якога «працягвае груба парушаць правы працоўных».

Нагадаем, што раней прадстаўнікі кампаніі Yara выказалі занепакоенасць парушэннем правоў працоўных, і нават даслалі сваю дэлегацыю для ацэнкі сітуацыі на прадпрыемстве. Тады страйкам не выступіў за спыненне супрацоўніцтва.

Нарвежская кампанія Yara з'яўляецца найбуйнейшым у свеце пакупніком мінеральных угнаенняў. Яна купляе калійныя ўгнаенні ў «Беларуськалія» праз Беларускую калійную кампанію.

Паводле naviny.media



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: