Сусветны банк дасць Беларусі 90 мільёнаў еўра на барацьбу з COVID-19

Сусветны банк зацвердзіў 22 траўня пакет фінансавай падтрымкі на 90 мільёнаў еўра для барацьбы з пандэміяй каронавіруса, паведамляе «Свабода».



У банку адзначаюць, што праект прынясе максімальныя вынікі пры выкананні рэкамендацыі аб сацыяльным дыстанцыяванні, якіх беларускія ўлады не выконваюць.

Праект бязвыплатнай пазыкі, як піша Сусветны банк, дапаможа задаволіць неадкладныя патрэбы сістэмы аховы здароўя ў медычным абсталяванні, вырабах медычнага прызначэння і навучанні персаналу для вядзення выпадкаў інфекцыі COVID-19 цяжкай ступені, у тым ліку праз забеспячэнне сучаснымі апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх, абязбольвальнымі сродкамі і антыбіётыкамі, а таксама сродкамі індывідуальнай абароны для работнікаў арганізацыяў аховы здароўя.

Таксама праект накіраваны на «ўзмацненне патэнцыялу» лабараторыяў сістэмы аховы здароўя і службаў эпідэміялагічнага кантролю, куплю тэст-сістэмаў, сродкаў лабараторнай гігіены і іншага, аўтамабіляў хуткай дапамогі з адпаведным абсталяваннем.

У межах праекту, на які даюць грошы, таксама маюць ладзіць захады павышэння інфармаванасці грамадзянаў аб сацыяльным дыстанцыяванні і метадах падтрымкі гігіены.

«Праект прынясе максімальныя вынікі ў спалучэнні з захадамі сацыяльнага дыстанцыявання, у тым ліку пераносам масавых мерапрыемстваў, скарачэннем фізічнай прысутнасці на працоўным месцы і ў навучальных установах, а таксама абмежаванні неабавязковых перасоўванняў людзей, — адзначыў кіраўнік беларускага прадстаўніцтва Сусветнага банку Аляксандр Крэмер. — Усе гэтыя захады дапамогуць знізіць смяротнасць і змякчыць эканамічныя наступствы ў доўгатэрміновай перспектыве. Чым раней мы іх рэалізуем, тым лепшыя будуць вынікі ў выратаванні чалавечых жыццяў і захаванні сродкаў да існавання».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: