Сусветны банк: У Беларусі наспела крайняя неабходнасць структурных рэформаў у эканоміцы

У Беларусі наспела крайняя неабходнасць структурных эканамічных рэформаў для таго, каб пазбегнуць эканамічнай нестабільнасці, заяўляе кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка Алекс Крэмер.
„Сусветны банк на працягу многіх гадоў казаў, што Беларусі неабходныя структурныя эканамічныя рэформы для паскарэння эканамічнага росту. Але сёння наша пазіцыя трохі іншая: Беларусі вельмі неабходныя структурныя эканамічныя рэформы для таго, каб пазбегнуць эканамічнай нестабільнасці”, — падкрэслівае Крэмер у афіцыйным блогу СБ.

Ён адзначае, што ў найбліжэйшыя гады эканамічная сітуацыя можа істотна пагоршыцца, калі Беларусь не дамовіцца з Расіяй аб кампенсацыі па „падатковым манеўры”. У прыватнасці, МВФ прагназуе, што, калі краіна не атрымае кампенсацыю ад Расіі за „падатковы манеўр”, то Беларусі неабходна будзе знайсці спосаб прыцягнуць 1,5 млрд долараў у 2021 годзе, а ў 2022 годзе гэта сума павялічыцца да 2 млрд долараў. Дзярждоўг, паводле прагнозаў, вырасце з 55% ВУП да 70% у 2019—2023 гадах.

„Такім чынам, цалкам верагодна, што ў 2020—2022 гадах эканоміка Беларусі зведае істотную карэкціроўку, каб скараціць разрыў паміж расходамі і даходамі. Гэтая карэкціроўка будзе альбо спланаванай і структураванай, што будзе цяжка, альбо яна будзе стыхійнай і дэструктыўнай, што будзе яшчэ цяжэй”, — падкрэслівае кіраўнік прадстаўніцтва СБ.

На яго думку, самай важнай задачай з’яўляецца рэструктурызацыя сектара дзяржпрадпрыемстваў, якая прадугледжвае некалькі ключавых момантаў. Па-першае, варта пакінуць прыбытковыя дзяржпрадпрыемствы ў дзяржаўнай уласнасці або прыватызаваць іх празрыстым чынам і па справядлівых рыначных цэнах. Па-другое, пакінуць пастаўшчыкоў дзяржаўных паслуг і рэгулятараў дзяржаўнымі, але дакладна вызначыць, што яны павінны даваць у абмен на дзяржаўныя сродкі. Па-трэцяе, рэструктурызаваць стратныя дзяржпрадпрыемствы, якія можна было б хутка зрабіць прыбытковымі, забяспечыўшы добрую аддачу ад дадатковых інвестыцый.

Астатнія прадпрыемствы закрыць або прыватызаваць”, — лічыць Алекс Крэмер.

Размяркоўваць прадпрыемствы па гэтых катэгорыях, на яго думку, павінны незалежныя эксперты, якія змогуць даць аб’ектыўную ацэнку, якія прадпрыемствы з’яўляюцца жыццяздольнымі, а якія — не.

„На жаль, рэструктурызацыя прадпрыемстваў пацягне за сабой страту часткі працоўных месцаў. Але ёсць спосабы падтрымаць тых, хто страціць сваю працу. Па-першае, неабходна працягнуць спрашчаць нарматыўна-прававую базу для мікрапрадпрыемстваў і самазанятасці, а па-другое, узмацніць праграмы сацыяльнай абароны насельніцтва”, — указвае кіраўнік прадстаўніцтва СБ.

„Нават калі пашырыць ужо існую праграму дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў пяць разоў, яна абыдзецца бюджэту ўсяго ў 0,1% ВУП (у 95 разоў менш за суму сродкаў, якія беларусы патрацілі на падтрымку дзяржпрадпрыемстваў у 2015 годзе). Таксама неабходна забяспечыць належную праграму падтрымкі беспрацоўных”, — адзначае Крэмер.

Паводле яго ацэнак, каб скараціць фінансавы разрыў, беларускаму ўраду неабходна будзе павялічыць свае даходы і скараціць расходы. Сусветны банк рэкамендуе адмяніць падатковыя льготы і скараціць субсідыі на цэнтралізаванае ацяпленне. Пры гэтым банк лічыць вельмі важным павялічыць расходы на безнаяўныя жыллёвыя субсідыі, каб рахункі за ацяпленне не сталі непад’ёмнымі для сямейнага бюджэту.

„Пры існай сістэме дзяржпадтрымкі больш багатыя сям’і ў сярэднім атрымліваюць больш субсідый на ацяпленне, чым больш бедныя. Таму неабходна ўмацаваць праграму субсідый на аплату камуналкі, каб тая была накіраваная на найменш забяспечаныя сем’і, а не на тых, хто валодае вялікай колькасцю квадратных метраў”, — падкрэслівае Крэмер.

У той жа час, канстатуе ён, Беларусь паляпшае ўмовы для вядзення бізнесу і развіцця IT-сектара. „Мы можам уявіць лепшую будучыню: з ростам заробкаў, высакаякаснымі дзяржаўнымі паслугамі, адукацыяй сусветнага ўзроўню і абноўленай інфраструктурай — якая будзе забяспечвацца за кошт дынамічнага прыватнага сектара і падаткаў, што выплачваюцца кампаніямі. Але гэта — у доўгатэрміновай перспектыве. І каб такая будучыня стала магчымай, Беларусі неабходна вырашаць сённяшнія эканамічныя праблемы, ажыццяўляючы адпаведныя рэформы”, — рэзюмуе кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка.

Паводле belapan.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!