Сусветны банк знізіў прагноз па эканамічнаму росту Беларусі

Сусветны банк выпусціў красавіцкую справаздачу пра стан эканомікі краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Прагноз росту беларускай эканомікі у 2019 годзе паніжаны.
Ён складае 2,2%. У студзеньскім дакуменце арганізацыя ацэньвала рост айчыннага ВУП у гэтым годзе ў 2,7%.

Таксама паніжаны ацэнкі росту на 2020-21 гады. У 2020 годзе прагназуецца павелічэнне ВУП на 2,4%, а ў 2021 - на 2,1%. Раней прагноз складаў 2,5%.

Прагноз інфляцыі ад Сусветнага банка на 2019 г. складае 5,8%. Яна нават вырасце ў параўнанні з 2018-м на 0,2 п.п. У 2020-21 гадах інфляцыя замарудзіцца да 5%.

Па ўказе прэзідэнта ВУП у гэтым годзе павінен вырасці на 4%, даходы насельніцтва - на 3,4%, інфляцыя - скласці не больш за 5%. Пакуль жа ВУП Беларусі за студзень-люты вырас на 0,8%.

Сусветны банк у сярэднетэрміновай перспектыве чакае ў нашай краіне слабага росту каля 2% у год з-за спалучэнняў структурных слабасцяў і пагаршэння ўмоў знешняга гандлю з-за стагнацыі эканомік асноўных гандлёвых партнёраў. Арганізацыя адзначае ўплыў падатковага манёўру а Расіі. Без кампенсацыі за яго рост беларускай эканомікі можа стаць менш 2%, дэфіцыт бягучага рахунку вырасце і спатрэбіцца дадатковая бюджэтная кансалідацыя. З пазітыўных з'яў банк адзначае меры па лібералізацыі, а таксама рост ІКТ-экспарту.

Сусветны банк зноў звяртае ўвагу на праблемы неэфектыўнасці і закрэдытаванасці дзяржпрадпрыемстваў, якія застаюцца асноўнай крыніцай фіскальнай рызыкі.

Павышэнне кошту ЖКГ і выхад на поўную акупнасць па шэрагу пазіцый у гэтым годзе будуць ствараць інфляцыйны ціск. У цэлым банк бачыць мэту стрымлівання інфляцыі ніжэй за 6% цалкам дасягальнай.

Сусветны банк яшчэ раз паказвае на важнасць рэформаў дзяржсектара.

Арганізацыя ў красавіцкай справаздачы таксама панізіла прагноз росту ВУП для Расіі на 0,1 п.п. да 1,4% у 2019 годзе. У 2020-21 гадах ацэнка росту засталася без зменаў. Яна складае 1,8%.

Рост у Польшчы ацэньваецца ў 4% у 2019 годзе, ва Украіне - у 2,7%.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!