Свята працы ў кавіданоміцы

Сёлетні Дзень працы (Першамай) — свята з трывогай у вачах за гэтую самую працу і даходы. Прычына — каронавірус, які з кожным днём павялічвае колькасць беспрацоўных па ўсім свеце.


У тым ліку і ў Беларусі, хаця афіцыйных маштабных захадаў па каранціне ўлады нашай краіны не ўжылі. Але вытворчасць і бізнес па аказанні шэрагу паслуг пакрысе згортваюцца — праз захворванні і смерці, якія звязваюць з сovid-19, а таксама праз перасцярогі многіх людзей, якія чакаюць у самаізаляцыі.  

Зрэшты, як паказалі цёплыя дзянькі пры канцы красавіка, пераважная большасць беларусаў (альбо носячы ахоўныя маскі, альбо не) публічных месцаў не пазбягае. Таму нефармальныя «маёўкі» ў выглядзе шпацыраў, адпачынку ў парках ды пікнікоў, безумоўна, будуць. Афіцыйныя ж масавыя адзначэнні Дня працы наўздагон аніяк не абмежаванаму тыдзень таму суботніку адменены. Дарэчы, Міжнародная арганізацыя працы на просьбу нашых незалежных прафсаюзаў заклікала ўлады Беларусі не праводзіць суботнік, але безвынікова. А Першамай Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў разам з глабальнымі галіновымі прафсаюзамі і нацыянальнымі прафцэнтрамі паводле новай моды будуць святкаваць у інтэрнэце. Гэта будзе сусветны шматгадзінны прафсаюзны марафон на віртуальнай пляцоўцы labourstart.org. Нашы незалежныя прафсаюзы запрашаюць далучацца беларускіх працаўнікоў.

Апрача гэтага, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў выступіў з першамайскім зваротам да грамадзян і ўладаў. У ім адзначаецца рост эканамічных праблемаў, звязаных з пандэміяй, і гучыць патрабаванне ад уладаў прыняць праграму неадкладных дзеянняў па захаванні працоўных месцаў, а таксама па падтрымцы працаўнікоў і беспрацоўных. У прыватнасці, прапануецца павялічыць дапамогу па беспрацоўі да велічыні мінімальнага спажывецкага бюджэту — гэта 480 рублёў. Дарэчы, ва ўрадзе ўжо заявілі, што працуюць над гэтым пунктам у пакеце захадаў па падтрымцы эканомікі і сацыяльнай сферы. Гаворка вядзецца, праўда, пра меншую суму — у памеры бюджэту пражытачнага мінімуму, які з 1 траўня складае 247 рублёў. Але і гэта істотнае падвышэнне: цяпер дапамога па беспрацоўі вагаецца ў сціплым дыяпазоне ад 27 да 54 рублёў.

Таксама незалежныя прафсаюзы патрабуюць падтрымаць малы і сярэдні бізнес, адмяніць кароткатэрміновыя працоўныя кантракты і скасаваць дэкрэт аб дармаедах. Дарэчы, з 1 траўня асобы, не занятыя ў эканоміцы, павінны былі пачаць стоадсоткава аплачваць ацяпленне і газазабеспячэнне, калі з’яўляюцца ўладальнікамі жылля. Але зразумела, што беспрацоўных бліжэйшым часам праз каронавірус паболее. Таму ў выніку Савет міністраў аператыўна перасунуў тэрмін гэтай павіннасці датычна тых, каго дзяржава залічыла ў дармаедскую базу, на год — на 1 траўня 2021 года. Зрэшты, сацыяльная напружанасць у грамадстве і без таго не можа не павялічыцца. А на носе, нагадаем, прэзідэнцкая выбарчая кампанія.

Таксама ўрад плануе падтрымаць працоўных на прадпрыемствах, якія вымушана апынуцца ў прастоі, а таксама тых, каго наймальнік перавядзе на працу ў рэжыме няпоўнай занятасці. Яны будуць мець гарантаваныя даплаты да мінімальнай зарплаты. Што праўда, гэта не густа — 375 рублёў.
Між тым, займець уяўленне пра тое, як змяніўся рынак працы ў Беларусі апошнім часам, можна паводле даследаванняў праекта «Кавіданоміка». Вось вынікі сацыялагічнага апытання 17-22 красавіка. Зразумела, што за два тыдні сітуацыя магла стаць толькі горш.

Сярод іншага беларусаў запыталі, якіх захадаў па барацьбе з каронавірусам яны чакаюць ад уладаў. Выявілася, што 74% — забароны ўсіх грамадскіх мерапрыемстваў, 71% — лепшага інфармавання, 52% — закрыцця на каранцін усіх навучальных установаў. Між тым, сёлетні Першамай у Беларусі адметны тым, што для настаўнікаў гэта ўвогуле на загад Аляксандра Лукашэнкі працоўны дзень. Для ўсёй краіны выхадны, а яны павінны вучыць у школах дзяцей. І няважна, што запаўняльнасць класаў школьнікамі апошнім часам мізэрная.

52% грамадзян ужо адчулі зніжэнне сваіх даходаў. У сакавіку такіх было 45%. Сярод асноўных прычын падзення даходаў — скарачэнне замоваў (33% сярод тых, у каго зменшыўся даход), скарачэнне заробкаў (24%), адмена прэмій (23%) і страта падпрацоўкі (18%). Людзі сталі сутыкацца са скарачэннем працоўнага часу (17%) і адпачынкамі за свой кошт (16%). Многія адзначаюць як чыннік зніжэння даходу змяненне курсу рубля (36%). Больш за ўсё пацярпелі ад зніжэння даходаў тыя, хто заняты ў гандлі і рамонце, у сферы паслуг, транспарце і сувязі, адукацыі і прамысловасці.

Усё гэта зрабіла нашых грамадзян больш песімістычнымі: яны чакаюць з вялікай верагоднасцю далейшага зніжэння даходаў, працяглай рэцэсіі і няхуткага сканчэння эпідэміі. 90% насельніцтва не чакаюць аднаўлення эканомікі раней, чымсьці праз паўгода. На рынку працы, натуральна, выраслі рызыкі беспрацоўя. 7% з апытаных у сярэдзіне красавіка ўжо страцілі працу цягам апошніх двух тыдняў. 20% сказалі, што знаёмыя з тымі, хто пацярпеў такім чынам і стаўся беспрацоўным...

Таму ў Дзень працы хочацца пажадаць усёй краіне здароўя і дабрабыту!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: