«Swedbank» разблакаваў рахункі санаторыя «Беларусь» у Літве

Санаторый «Беларусь» у Друскінінкаі належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта Беларусі.


«Swedbank» разблакаваў замарожаныя паўгода таму рахункі друскінінкайскага санаторыя «Беларусь», паведамляе REFORM.by са спасылкай на літоўскія СМІ. Установа можа аднавіць сваю дзейнасць.

Пра гэта паведаміў сёння старшыня савета працоўных санаторыя Уладзіслаў Шаруцкі. Інфармацыю пацвердзіў мэр Друскінінкая Рычардас Малінаўскас. Паводле яго слоў, ён быў інфармаваны аб тым, што рахункі санаторыя размарожаныя, пасля таго, як з кантралюючага яго Кіраваўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі сышоў Віктар Шэйман.

Ён паведаміў, што супрацоўнікі санаторыя ўжо выкліканыя на працу, ёсць верагоднасць, што ўжо ў суботу санаторый зможа зноў пачаць прадастаўленне паслуг.

Санаторый «Беларусь» у Друскінінкаі трапіў пад санкцыі ЕС, бо належыць Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленню Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, у дачыненні да якога дзейнічаюць санкцыі. Сам Шэйман быў унесены ў спіс санкцый ЕС яшчэ дзесяць гадоў таму. У снежні 2020 года «Swedbank» заблакаваў рахункі санаторыя. Праз гэта ва ўстановы ўзніклі праблемы з выплатай заробкаў работнікам. У студзені санаторый падаў у суд на «Swedbank». Грамадзянская справа разглядаецца ў Віленскім участковым судзе. Таксама літоўская пракуратура правяла расследаванне па заяве мэра Друскінінкая і прыйшла да высновы, што рахункі санаторыя «Беларусь» былі заблакаваныя на законных падставах.

Указ аб вызваленні Віктара Шэймана ад пасады кіраўніка справамі прэзідэнта Лукашэнка падпісаў у сярэдзіне чэрвеня.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: