Шчасце — не ў рэйтынгах

Жыццё — яно стракатае. Мінулы тыдзень вяртае нас у рэальнасць. Але без аптымізму, расчараванняў, радасці, жыццё — і не жыццё зусім.

Фота www.lifesecrets.in.ua


У аматараў замежнага шопінгу зноў кепская навіна. Услед за Польшчай Літва збіраецца абмежаваць гандаль у супермаркетах выходнымі днямі. Як паведамляе delfi.lt, міністр сацыяльнай абароны і працы Лінас Кукурайціс 20 сакавіка сустрэўся з кіраўніком Літоўскай асацыяцыі гандлёвых кампаній, а таксама Літоўскай федэрацыі бізнесу, дзе ішло абмеркаванне пытання аб працы ў выходныя дні.

Парламент Літвы ўжо разглядаў гэта пытанне. У 2016 годзе былі прапанаваныя змены ў Працоўны кодэкс краіны на забарону працы крамаў у святочныя дні. Аднак тады парламентарыі так і не здолелі зацвердзіць законапраект.

Як падкрэсліў Кукурайціс, калі рашэнне будзе прынятае, то змены адбудуцца не на ўзроўні закону, а праз сацыяльныя дамоўленасці і кантракты. А кіраўнікі буйных гандлёвых цэнтраў Літвы правядуць адмысловае апытанне сярод супрацоўнікаў, ці згодныя яны выходзіць на працу ў выходныя.

І тут мажлівыя варыянты. Бо нікому — ні кіраўніцтву гандлёвых сетак, ні іх працоўным — грошы губляць не хочацца. Па словах гендырэктара кампаніі «Maxima» Крысціна Мэйдэ, калі супрацоўнікі выкажуцца за дадатковыя выходныя, гандлёвая сетка прыслухаецца да іх. Аднак дагэтуль такіх праблем не ўзнікала, а жадаючых працаваць у гэтыя дні заўсёды хапала.

Так што, хутчэй за ўсё, зменаў у працы ўлюбёных нашымі пакупнікамі «Акропалісе» і «Ікеі» не адбудзецца. Але ўсё ж сітуацыя дзіўная. Бо літоўцы, як і мы, мяжуюць з Польшчай, і павінны былі ўлічыць іх негатыўны досвед.

Галоўнае, канешне, каб у нашых грамадзян былі грошы — і на еўрасаюзаўскія візы, і на шопінг у той самай Літве. А грошай застаецца ўсё менш і менш. У нас іх аджымаюць пакрысе.

Мабільны аператар velcom павялічвае тарыфы на мабільную сувязь. У апошні раз кошт мабільнай сувязі velcom змяняўся год таму — 12 красавіка 2017 года. Тады падаражанне склала 9% і закранула большасці паслуг. Зараз паведамляецца, што падаражанне не перавысіць 3%. Стала большай абаненцкая плата, таксама вырас кошт выходных выклікаў, мабільнага інтэрнэту, SMS, MMS і іншых паслуг.

Рост, пагадзіцеся, нязначны, і не апераджае афіцыйную інфляцыю. Аднак усё роўна не вельмі добрая навіна — асабліва таму, што рэальныя заробкі ў нас не растуць.

Сінхронна з velcom і на тыя ж 3% з 1 красавіка павялічвае тарыфы «Белтэлекам». Як гаворыцца на сайце кампаніі, у асноўным павышэнне закране тэлефонную сувязь і інтэрактыўнае тэлебачанне Zala. Доступ у інтэрнэт па тарыфах «Ясна» застанецца без зменаў — і на тым дзякуй.

Беларуская чыгунка таксама падымае кошт квіткоў. Праўда, міжнародных ліній гэта не тычыцца. З 20 сакавіка ў Беларусі падаражэў праезд у цягніках гарадскіх ліній (2–6% у залежнасці ад тарыфнага пояса) і рэгіянальных ліній эканомкласа (24%). Акрамя таго, з 1 красавіка падаражэе праезд у цягніках рэгіянальных ліній бізнес-класа (24%) і міжрэгіянальных ліній (32%).

Гэтая навіна ўзрушыла насельніцтва больш, чым падаражанне сувязі. Зразумела, чаму. Хоць мы і атрымалі «бонусны месяц» зімы ў сакавіку, але ж і зіма калі-небудзь скончыцца. Наперадзе — пасяўная, Вялікдзень, Радаўніца, майскія святы… І ўсе паедуць займацца адвечным беларускім фетышам — бульбу саджаць.

Але не толькі ў бульбе справа. Справа ў справядлівасці. Багата каментатараў абураюцца: падвышэнне коштаў адбылося пасля таго, як улады прыціснулі «нерэгулярных перавозчыкаў». То бок, народ пазбавілі зручных для іх маршрутак, і на гэтым фоне плануюць народ абдзерці — менавіта такія меркаванні пераважаюць у сацсетках.

Падавалася б, насамрэч змены не вельмі балючыя — падаражанне праезду ў электрычках складае ад 2 да 6 капеек за квіток. Аднак калі пералічыць гэтыя капейкі на пасажырапаток… Нездарма кажуць: «Капейчына да капейчыны — вось і рубель».

І, як заўсёды, пытанне: куды пойдуць гэтыя грошы?

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з творчай моладдзю ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры 20 сакавіка сказаў, што ён быў вельмі ўсцешаны працай над дэкрэтам пра лічбавую эканоміку, і назваў той працэс прыкладам творчага падыходу ў сваёй працы. А таму задумаўся пра тое, каб стварыць міністэрства лічбавай эканомікі. «Хутчэй за ўсё, я такое рашэнне падтрымаю», — дадаў ён.

Заява, мякка кажучы, шакуе і выклікае сумневы ў тым, што кіраўнік краіны «творча падыходзіў» да таго дэкрэту. Бо лічбавая эканоміка, шчыра кажучы, скіраваная на «дэгуманізацыю» працы. Гэта адкрытыя базы дадзеных замест клеркаў, якія выдаюць даведкі. Гэта запіс да доктара праз інтэрнэт і лічбавыя гісторыі хваробы, што пазбаўляе бальніцы і паліклінікі рэгістратур. Гэта безнаяўныя разлікі і карткі, якія скарачаюць колькасць касіраў. І пошта неаднаразова скардзілася, што людзі не пішуць лісты асадкамі — усё больш мэйлы…

А ў нас у выніку лічбавай эканомікі ствараецца цэлае міністэрства! То бок, не скарачаецца, а павялічваецца колькасць чыноўнікаў! Парадокс.

Зразумела ж, гэтым чыноўнікам трэба плаціць заробак. Прычым, не ў крыптавалюце, а ў беларускіх рублях.

І яшчэ на тыдні, адначасова з днём вясенняга раўнадзенства незаўважаным прайшоў Міжнародны дзень шчасця. Гэтым днём ААН абвясціла 20 сакавіка, адзначаючы, што «імкненне да шчасця з’яўляецца неад’емным жаданнем кожнага чалавека на планеце».

Кожны год Інстытут даследаванні шчасця, які знаходзіцца ў Капенгагене, складае рэйтынг самых шчаслівых краін свету. Згодна гэтаму рэйтынгу, беларусы за год сталі менш шчаслівымі. Нашая краіна трапіла на 73-е (са 156) месца, а ў мінулым годзе мы былі на 67-й пазіцыі.

Краіны, з якімі мяжуе Беларусь, апынуліся больш шчаслівымі — за выключэннем толькі ваюючай Украіны, якая трапіла на 138-е месца.

Але паняцце шчасця ўсё ж у кожнага сваё. І рэйтынгамі гэта не памераеш.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: