Як стаць «мясным баронам»

Мода на вегетарыянства наўрад ці калі-небудзь стане масавай, а таму звязаны з перапрацоўкай мяса бізнес — выгадная галіна. А якія-ніякія ўменні маюць нават гараджане: адбіўныя і шашлык любяць гатаваць многія. Дый генетычная памяць жывая: шмат у каго продкі гадавалі на вёсцы хатнюю жывёлу ды калолі-смалілі парсюкоў

Фота www. intex-press.by

Як знайсці працу ў мясной прамысловасці — ці наймітам з прыстойным заробкам, ці прадпрымальнікам, запачаткаваўшы ўласную справу?

Ад мясніка да тэхнолага

Мы вывучылі самыя розныя вакансіі ў гэтай галіне, калі трэба непасрэдна працаваць з мясам і мяснымі прадуктамі. Самая хадавая вакансія — абвальшчык мяса. Гэта не абвалка кавалкаў мяса ў паніровачных сухарах, а мясніцкая праца. Трэба аддзяляць мяса ад костак. Вострымі нажамі ды сякерамі. Хутка і максімальна безадходна. Патрэбная не столькі фізічная сіла (гэтая прафесія не лічыцца мужчынскай — жанчын-абвальшчыц шмат), колькі віртуозна-хірургічнае валоданне інструментам, даведзенае да аўтаматызму.

Прапановы ад харчовых цэхаў гіпермаркетаў і мясакамбінатаў для абвальшчыкаў мяса — ад 800 да 1500 рублёў.

Каб працаваць абвальшчыкам, трэба павучыцца ў тэхналагічным каледжы. Зрэшты, адмысловыя стажорскія курсы могуць быць пры мясакамбінатах. Галоўны плюс гэтай прафесіі — заўсёдная запатрабаванасць, прычым вы зможаце працаваць па ўсім свеце. Натуральна, калі не ўразлівыя да крыві і да мёртвай, хай і жывёльнай, плоці. Зрэшты, абвальшчык не забівае скаціну. Мінусы — увесь працоўны дзень на нагах і з рызыкай для здароўя ад вострых нажоў і лёзаў, таксама жывёлы могуць быць пераносчыкамі розных хваробаў, хаця на прадпрыемствах гэта пільнуюць лекары-ветэрынары. А яшчэ магчыма, што працаваць давядзецца пры нізкіх тэмпературах.

У мясных цэхах таксама запатрабаваныя такія працоўныя прафесіі, як жылоўшчык мяса і субпрадуктаў (дастае сухажыллі, вельмі часта вакансія гучыць як зборная — абвальшчык-жылоўшчык мяса), складальнік фаршу, фармоўшчык каўбасных вырабаў, апаратчык тэрмічнай апрацоўкі мясапрадуктаў... А вось на галоўнага тэхнолага мясной прамысловасці з заробкам нават больш за 2000 рублёў, трэба навучацца ў ВНУ. Напрыклад, у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання ці ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. У гэтай гродзенскай ВНУ на спецыяльнасці «Тэхналогія мяса і мясных прадуктаў» трэба вучыцца 4 гады, уступныя іспыты на ЦТ — руская або беларуская мовы, хімія і матэматыка. Прахадны бал кожны год расце — летась быў 257.

Займець сваю справу ў мясной вытворчасці — задача няпростая. Апрача спецыялізаваных тэхналагічных ведаў, патрэбны і дастаткова сур’ёзны стартавы капітал. Гаворка пра мінімум некалькі дзясяткаў тысяч долараў. І, вядома, пры існай высокай канкурэнцыі ў жывёлагадоўчай і мясаперапрацоўчай галіне трэба знайсці нішу, дзе яна найменшая, і распрацаваць грунтоўны бізнес-план.


Як стаць гаспадаром фермы

Дарэчы, наконт грошай: як ужо неаднаразова раіў «Новы Час», варта звяртаць увагу на разнастайныя праграмы падтрымкі малога бізнесу. Прыклад — гісторыя прадпрымальніка з Мядзельскага раёна Аляксандра Гатоўкі з яго трусінай фермай у вёсцы Рудашаны.

Аляксандру 33 гады, родам амаль з тых жа мясцінаў — з Вілейкі, а вырас у пасёлку Нарач. Задумаў адкрыць трусагадоўчую ферму, каб прадукаваць экалагічна чыстае мяса (яно важнае ў рацыёне алергікаў і дзяцей). Спажывецкі попыт ёсць, а канкурэнцыя ў трусагадоўлі не надта высокая. Купіў участак непадалёк ад Нарачы, узвёў збудаванне пад ферму. Сваімі рукамі, бо, апрача эканамічнай адукацыі, мае досвед працы цягам некалькіх гадоў у будаўнічай фірме.

Свой бізнес-план Аляксандр Гатоўка назваў «Безадходная трусіная ферма з уласнай вытворчасцю камбікорму». Камбікорм ён вырашыў вырабляць сам, каб была гарантыя якасці. Уласных грошай, каб так разгарнуцца, не было. Але неяк ён прачытаў у газеце пра інкубатар малога прадпрымальніцтва ў яго Мядзельскім раёне — «Школа сельскага бізнесу». Там кансультуюць свежаспечаных прадпрымальнікаў у сельскай мясцовасці, дапамагаюць скласці бізнес-план, а самае галоўнае — даюць магчымасць з гэтым бізнес-планам выйграць грант Еўрасаюза памерам да 10 тысяч еўра.

Аляксандр Гатоўка паўдзельнічаў у працы гэтага бізнес-інкубатара ў 2017 годзе — і выйграў са сваім праектам грант. Усяго іх атрымалі больш за 20 ініцыятываў з некалькіх раёнаў Беларусі.

Дзякуючы гранту Аляксандр Гатоўка пашырыў гаспадарку і набыў абсталяванне для лініі па вытворчасці ўласнага камбікорму. У прыватнасці, купіў зернедрабілку, гранулятар, ахаладжальнік гранулаў, бункер для змешвання складнікаў камбікорму, дазатар ды іншыя апараты. Прычым, абсталяванне набыў беларускае, і задаволены ім.

Цяпер фермер займаецца безадходнасцю — наладжвае перапрацоўку адходаў жыццядзейнасці трусоў ва ўгнаенні. У перспектыве не толькі для патрэбаў сваёй фермы, але і на продаж. Як і камбікорм. А пакуль Аляксандр Гатоўка жыве з продажу трусінага мяса. Гаспадарку ж ён за год з нечым пашырыў у некалькі разоў — цяпер гадуе 60 прадукцыйных трусіх.

У гутарцы з «Новым Часам» Аляксандр здзівіў тым, што з усёй фермай ад старту спраўляецца адзін. Але ўжо задумваецца пра памочніка. Пра атрыманую грантавую дапамогу на развіццё сваёй справы кажа так: «Калі б не гэтая дапамога, то я хіба б ужо сабраў валізы і з’ехаў з Беларусі. А так вось маю імпэт і планы, хаця і цяжка». Што тычыцца даходаў ад фермы, то на жыццё хапае: «То-бок, каб не сядзець на макаронах ды тушонцы».

Не хочаце пачынаць жывёлагадоўчы бізнес з нуля — купіце гатовую фермерскую гаспадарку. Прапановы ёсць па ўсёй Беларусі, але няшмат. Напрыклад, ва Ушацкім раёне прадаецца за 90 тысяч рублёў ферма, дзе гадуюцца на натуральных кармах самыя розныя жывёлы і птушкі: 70 авечак, 50 свінняў, 150 курыц, 50 качак і гусяў. Там жа можна і жыць — маецца дом з інтэрнэтам.

А ў Мазырскім раёне на продаж выстаўлена страусіная ферма. Кошт — 100 тысяч рублёў за два дзясяткі страусаў і ферму ў лесе на 4 гектары з сажалкай. Ферма — гэта карпусы, дзе месцяцца птушкі, кармавы цэх, забойны цэх з лядоўнямі, інкубатары для яек.

Рэкламуе гаспадар сваю ферму з макраэканамічнай перспектывай: «Насельніцтва планеты хутка расце, і ў гэтым стагоддзі па прагнозах навукоўцаў з-за недахопу кармавой базы чалавецтву прыйдзецца адмовіцца ад вытворчасці мяса жывёлы і перайсці на птушку, бо птушка спажывае менш за іншых жывёл кармоў на кілаграм прыбаўкі. У сабекошце вытворчасці мяса 70% займаюць кармы. Параўнаем курыцу і страуса. Камбікорм для страуса на 15% таннейшы за курыны, бо яны любяць самае таннае зерне — авёс. А атрыманы тлушч, пер’е і скура — звышпрыбытак. Варта задумацца». Эх, мець бы яшчэ 100 тысяч рублёў, каб хоць задумацца...


Лепім сваю справу

І ўсё ж у жывёлагадоўлі патрэбныя спецыялізаваныя веды. А без іх, напрыклад, можна стварыць пельменны міні-камбінат. Гэта можа быць толькі лепка з продажам прадукцыі праз гандлёвыя сеткі або выраб пельменяў з рэалізацыяй праз уласную гандлёвую кропку на нейкім рынку. Каб не траціцца на ўпакоўку, можна прапаноўваць пельмені рэстаранам і кафэ.

Натуральна, трэба адрознівацца ад гастранамічнага шырспажыву. Напрыклад, пазіцыянаваць свой прадукт як пельмені ручной лепкі з натуральным мясным змесцівам, зробленым з сыравіны фермерскіх гаспадарак. Такім чынам пайшла гаспадыня пельменнага брэнду «Як дома» Анастасія Варанкова, жонка футбаліста Ігара Варанкова, які вядомы заўзятарам гульнёй за шэраг клубаў — ад «Гомеля» да мінскага «Дынама». Сям’я прыехала з украінскага Данбасу. Стартавым капіталам для бізнесу жонкі сталі акурат футбольныя зберажэнні мужа. Практыка паказвае, што на монапрадукце рабіць бізнес можна толькі нейкі час, таму цяпер у асартыменце фірмы Варанковай — не толькі пельмені з розным мясным начыннем (ад свініны да качкі), але і бліны ды чабурэкі.

Адмыслоўцы, якія дапамагаюць адкрываць бізнес з нуля, кажуць, што пельменны цэх можа акупіцца цягам года. Пачаць магчыма нават з лепкі пельменяў дома. Калі ж у вас будзе асобнае памяшканне пад цэх, то трэба вызначыцца з фарматам лепкі — ручная ці аўтаматычная. Пры першым варыянце вы эканоміце на абсталяванні і арэндзе, бо цэх можна мець невялікі, пры другім — эканоміце на персанале...

І так на ўсіх этапах развіцця ўласнага бізнесу — трэба добра думаць і ўмець лічыць і пралічваць.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: