Шрайбман: «Гэта не перамога нейкага з бакоў, гэта прызнанне ўзаемнай стомленасці ад спрэчкі»

Палітычны аглядальнік пракаментаваў нафтавыя навіны. Па сутнасці, інтрыга засталася толькі адна.

Нагадаем, шэраг крыніц заявілі аб згодзе Масквы павялічыць зніжку на нафту для Мінска. У прыватнасці, Reuters са спасылкай на тры крыніцы ў нафтавай галіне паведаміла, што Расія пагадзілася павялічыць зніжку на нафту, што пастаўляецца ў Беларусь, да $ 15,7 за тону, што на $ 12 больш, чым прапаноўвалася раней.

Па словах суразмоўцаў Reuters, расійскія нафтавікі гатовыя з 1 красавіка ў поўным аб’ёме аднавіць пастаўкі нафты ў Беларусь. Аднак Беларусь, чые ўлады раней заяўлялі аб жаданні наладзіць закупкі ў альтэрнатыўных пастаўшчыкоў, пакуль не паведаміла, колькі менавіта нафты з Расіі ёй трэба.

Пазней «Раснафта» пацвердзіла аднаўленне паставак нафты ў Беларусь.

«Ну што, здаецца, нафтавы канфлікт набліжаецца да канца, — піша Арцём Шрайбман. — Па паведамленнях розных СМІ і крыніц, расіяне зрабілі яшчэ большую зніжку, чым прапаноўвалі раней — пакідаюць прэмію за ўсё $ 5 на тону.

Беларусь прайграла вялікую вайну за падатковы манёўр, але дамаглася кампраміснага рашэння спрэчкі аб прэміях. Дзякуй трэба сказаць саўдзітам, якія абрынулі сусветны рынак і прымусілі Расію змякчаць пазіцыі для захавання рынкаў.

Калі дапусціць, што беларускія НПЗ будуць далей загружацца, як і планавалася ў пачатку года, на 2 млн тон у месяц і цалкам расійскай нафтай па трубе, то сума нашай эканоміі ад гэтай здзелкі — каля $ 100-130 млн да канца 2020 года.

Але гэта вельмі грубы разлік, таму што мы не ведаем не толькі, якой менавіта была гэтая прэмія першапачаткова (хтосьці кажа $ 10, хтосьці — $ 16), але і ці трэба нам будзе столькі нафты да канца года. Хутчэй за ўсё, трэба будзе менш. Плюс, частка нафты нейкі час будзе ісці ад альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. А значыць адваяваў Мінск менш 100 млн долараў.

Гэта, вядома, капейкі на фоне сённяшняга прасядання эканомікі. Ды і на нафтавай вайне да гэтага часу страты былі большымі, але хоць так.

Галоўнае, што НПЗ будуць загружаны і можна будзе вярнуць сабе ўкраінскі рынак нафтапрадуктаў, які Расія пачала ў Беларусі забіраць у апошнія месяцы.

Гэта не перамога нейкага з бакоў, гэта прызнанне ўзаемнай стомленасці ад спрэчкі і жаданне перагарнуць гэтую старонку, калі новыя каронавірусныя праблемы выглядаюць нашмат больш сур’ёзна для абодвух бакоў.

Па сутнасці інтрыга засталася адна. У якіх аб’ёмах Мінск захавае (і ці захавае) закупкі альтэрнатыўнай нафты і ці будзе працягваць спробы рэанімаваць балтыйскія нафтаправоды. Думаю, што будучая дыета і рэцэсія асушаць даступныя рэсурсы для такіх праектаў».

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: