Што чакае беларускую эканоміку ў 2019-2021 гадах?

Беларуская эканоміка ў бягучым годзе вырасце на 1,6%, а інфляцыя па выніках года будзе ў межах 5%.
Такімі чаканнямі з прадстаўнікамі СМІ падзяліўся ўчора падчас медыясняданка дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. Ён з калегамі прэзентаваў новы прадукт Даследчага цэнтра ІПМ - макраэканамічны прагноз для Беларусі.

ВУП, дэвальвацыя і зарплаты

У базавым сцэнары прагнозу даследчыкі чакаюць некаторага запаволення росту эканомікі па прычыне больш слабога знешняга попыту, у першую чаргу з-за меншых тэмпаў росту эканомікі Расіі і Еўразоны. Аднак пасля некаторага зніжэння у 2019 годзе тэмпы росту беларускай эканомікі будуць патроху павялічвацца ў 2020 - 2021 гадах (у 2020 - да 1,9%, ў 2021 - да 2%). Умовай для гэтага стане вырашэнне пытання з цаной і аб'ёмамі паставак нафты, якія не пагоршаць пазіцыі беларускага бюджэту і не знізяць аб'ём нафтаперапрацоўкі.

Манетарная палітыка, паводле ацэнак экспертаў, застанецца нейтральнай. Рызыкі дэвальвацыі ва ўмовах базавага прагнозу - нязначныя. Курс беларускага рубля ў адносінах да даляра ЗША працягне нязначна аслабляцца ў сярэднім на 3-4% у год з-за адрозненняў ва ўзроўні інфляцыі ў Беларусі і ў асноўных гандлёвых партнёраў.

Рост рэальнай заработнай платы пры разгляданым сцэнары замарудзіцца да канца 2019 года, а з 2020 года рэальная зарплата будзе расці тэмпам каля 4,5-5% штогод.

У грашовым вылічэнні эканамісты прагназуюць сярэднія зарплаты па выніках 2019 года на ўзроўні 1051,6 рубля, па выніках 2020 году - 1151,6, па выніках 2021 году - 1260,8 рубля.

 Рызыкі для эканомікі

Акрамя рызык, якія з'яўляюцца агульнымі для Расіі і Беларусі ў сілу цеснай ўзаемасувязі эканомік (узмацненне боязі набліжэння глабальнай рэцэсіі, санкцыйныя рызыкі для Расіі, рызыка ваганняў патокаў капіталу ў Расію і, адпаведна, рэзкага паслаблення курсу расійскага рубля), супрацоўнікі Даследчага цэнтра ІПМ вылучаюць рызыку павышэння коштаў на нафту для Беларусі і пытанні, звязаныя з кампенсацыяй наступстваў падатковага манёўру ў РФ. Страты беларускай эканомікі ад рэалізацыі ў Расіі падатковага манэўру ў 2019-2024 гадах афіцыйна ацэньваюцца на ўзроўні 10,2 млрд долараў. У гэтых умовах Сусветны банк пагоршыў прагноз па росце эканомікі Беларусі ў 2019-2021 гадах і не выключае рэцэсіі ў краіне ў выпадку адсутнасці кампенсацыі выдаткаў беларускай нафтаперапрацоўкі з-за рэалізацыі Расіяй падатковага манеўру ў нафтавай сферы.

«На думку экспертаў Сусветнага банка, без кампенсацыі выдаткаў ад падатковага манёўру эканамічны рост у Беларусі замарудзіцца да ўзроўню ніжэй 2%, можа вырасці дэфіцыт рахунку бягучых аперацый і спатрэбіцца дадатковая кансалідацыя бюджэту. У найгоршым сцэнары адсутнасці кампенсацыі ад Расіі эканоміка можа «скаціцца» у рэцэсію з-за скарачэння выпуску нафтахімічнай прадукцыі нароўні з пагаршэннем бюджэту і знешняй пазіцыі», - гаворыцца ў макраэканамічным прагнозе Даследчага цэнтра ІПМ.

Разам з тым, як папярэдзіў намеснік генеральнага дырэктара Даследчага цэнтра ІПМ Ігар Пеліпась, на дакладнасць прагнозу можа паўплываць змена перадумоў. Напрыклад, эканамічнай сітуацыі ў суседніх краінах. Акрамя таго, па словах Ігара Пеліпась, эканамісты пры складанні падобных прагнозаў звычайна працуюць з імавернаснымі велічынямі. І чым доўгатэрміновы прагноз, тым яго верагоднасць можа змяншацца.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!