Што хаваецца паміж радкоў афіцыйных лічбаў

У савецкія часы была народная забаўка — чытаць паміж радкоў. Журналісты імкнуліся напісаць так, каб цэнзар не зразумеў, а чытачы — даведаліся, што ж сапраўды меў на ўвазе аўтар. Цяпер гэтая традыцыя ў пэўным сэнсе адраджаецца.
Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў

Урадавыя органы падкінулі нам новыя звесткі для развагаў. Напрыклад, Мінфін паведаміў, што дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту за чэрвень вырас да 1 мільярда 561,6 мільёна рублёў. Падавалася б, калі ён запланавана-скарэктаваны да 6 мільярдаў рублёў, то за паўгода — дэфіцыт невялікі. Але пры гэтым ведамства дадае, што за чэрвень гэты паказчык павялічыўся на 585,2 мільёна рублёў.

Атрымліваецца, што за адзін месяц дэфіцыт бюджэту вырас на палову ад усяго папярэдняга перыяду! А гэта ўжо — даволі трывожны званочак. Значыць, дзесьці скончыліся грошы.

На мінулым тыдні эканамічную сітуацыю абмяркоўвалі на пашыраным пасяджэнні Нацбанка, пасля чаго рэгулятар апублікаваў аб’ёмныя даклады па тэме. Нацбанк прызнае, што рэальная інфляцыя нават вышэйшая, пры гэтым негатыўныя чаканні і сярод насельніцтва, і сярод прадпрыемстваў працягваюць расці.

Адчувальная інфляцыя (гэта значыць, не «сухая лічба статыстыкі», а тое, як на самай справе ўспрымаецца рост цэн) вырасла да 14,6% у чэрвені. «Паводле звестак маніторынгу прадпрыемстваў, росту спажывецкіх цэн у найбліжэйшыя месяцы чакаюць звыш 90% апытаных кіраўнікоў арганізацый. З іх 47,5% лічаць, што інтэнсіўнасць росту спажывецкіх цэн захаваецца на бягучым узроўні, а 33% — што рост цэн паскорыцца», — адзначаюць у Нацбанку.

Сярод негатыўных фактараў пералічваюцца «недастатковы ўзровень развіцця канкурэнцыі ў краіне» і «невысокая эфектыўнасць працы шмат якіх айчынных прадпрыемстваў». Уплываюць і высокія інфляцыйныя чаканні, а таксама насцярожанасць на валютным і дэпазітным рынках.

«Ва ўмовах, якія склаліся, чакаецца, што па выніках III квартала 2021 года гадавая інфляцыя захаваецца паблізу ўзроўню, які склаўся ў чэрвені. Такая дынаміка шмат у чым абумоўленая яе паскарэннем, што ўжо адбылося. У далейшым інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў замарудзіцца: па выніках 2021 года прырост спажывецкіх цэн ацэньваецца каля 9%», — прагназуе Нацбанк.

Пры гэтым рэгулятар вызнае, што фінансавы сектар Рэспублікі Беларусь ужо больш за пяць кварталаў функцыянуе ў стрэсавых умовах. Асноўныя пагрозы для яго — «нарастаючы санкцыйны ціск» і «няўстойлівасць рэсурснай базы банкаў».

А яшчэ, як заўсёды ў нашых чыноўнікаў, — «народ дрэнны». «Найбольшую ўразлівасць да дзеяння негатыўных фактараў дэманстравалі тэрміновыя дэпазіты насельніцтва ў замежнай валюце. Іх велічыня за паўгоддзе знізілася на 13,4%», — канстатуе рэгулятар. Народ выносіць валюту, як толькі ў яго заканчваецца тэрмін дзеяння ўкладаў.

То-бок, нягледзячы на тое, што сістэма яшчэ трымаецца, фінансава-эканамічны крызіс ужо маячыць на гарызонце. Адказваць за такія нярадасныя паказчыкі, зразумела, нехта павінен. Але ў нашай сітуацыі «адказваць» — гэта раўназначна турэмнаму зняволенню. А сядзець ніхто не хоча.

На сайце Мінскага аблвыканкама размешчана аб’ява, у якой паведамляецца пра 42 вакансіі кіраўнікоў дзяржарганізацый у розных сферах. Больш за ўсё ў Мінскай вобласці не хапае дырэктараў-«гаспадарнікаў» у аграсектары.

«Еўрарадыё» паглядзела сайты па пошуку працы і высветліла, што дзяржкіраўнікоў не хапае ва ўсіх абласцях Беларусі. Пры гэтым ёсць і цалкам «дырэктарскія» заробкі: больш за 3000 рублёў, а ёсць і цалкам «народныя» Напрыклад, маючы фізкультурную адукацыю, можна папрацаваць дырэктарам спецыялізаванай спартыўнай школы ў Рэчыцкім раёне — за 550 рублёў на месяц.

Карацей, наменклатура паціху пачала разбягацца. У асноўным, напэўна, таму, што яны зразумелі — рашэнні прымаюцца не імі, а адказваць за выкананне гэтых рашэнняў давядзецца менавіта ім.

Вось, напрыклад, арганізавала Беларусь мігранцка-турыстычны бізнес у Літву — як наш адказ на санкцыі. На тыдні быў у чарговы раз пабіты рэкорд — у нядзелю, 1 жніўня, з беларускага боку незаконна перайшлі мяжу і апынуліся ў Літве 289 мігрантаў. Для параўнання — за ўвесь мінулы год Літва затрымала ўсяго 81 нелегальнага мігранта з Беларусі.

Што толькі ні рабілі нашыя суседзі, каб спыніць гэтую хвалю: і плот з калючага дроту пачалі будаваць — ды так, што ў іх запасы гэтага дроту скончыліся, і еўрапейскіх памежнікаў на дапамогу паклікалі… А цяпер вырашылі дзейнічаць больш радыкальна — прынята рашэнне вяртаць нелегальных мігрантаў назад у Беларусь.

«Мяжу Літвы павінны абараняць усімі законнымі спосабамі ад любога незаконнага перасячэння, як інструмента гібрыднай атакі, якую цяпер праводзяць супраць Літвы. Людзей, якія наўмысна незаконна перасякаюць мяжу ў забароненых месцах, павінны расцэньваць як злачынцаў, якія маюць намер здзейсніць супрацьзаконнае дзеянне — незаконна перайсці мяжу», — сказала кіраўніца аперацый дзяржаўнай надзвычайнай сітуацыі Літвы Агне Білатайтэ.

І на наступны дзень пасля гэтай заявы літоўскія памежнікі выправадзілі назад у Беларусь некалькі груп нелегальных мігрантаў.

У выніку нелегальная міграцыя стане галаўным болем ужо менавіта для нашай улады. І цяпер літоўцы змогуць узяць на ўзбраенне рыторыку Лукашэнкі, які казаў, што «вы ж запрасілі мігрантаў да сябе». А нашы ўлады — менавіта запрасілі, бо, па паведамленнях СМІ, «мігранцкім турызмам» у нас займаецца дзяржаўнае агенцтва «Цэнтркурорт».

Ну і прыемная навіна — хаця, зноў жа, з якога боку на яе паглядзець — у Беларусі стварылі прататып айчыннай вакцыны ад каронавіруса, заявіў кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў. Ён мяркуе, што ў наступным годзе ўдасца перадаць распрацоўку для ўсеагульнай вакцынацыі.

Цікава, што нашае Мінздароўя планавала да канца гэтага года прышчапіць ад каронавіруса да 60% насельніцтва. Калі гэтыя планы спраўдзяцца (а можна быць упэўненым, што на паперцы намалююць усё, што заўгодна), то каму будзе патрэбная тая «айчынная вакцына» ў наступным годзе? Не, тое, што на фундаментальныя даследаванні нарэшце выдаткавалі грошы — безумоўна, добра. Але хваліцца такім мала патрэбным дасягненнем, напэўна, не варта было.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: