Што такое расійскі нафтавы падатковы манеўр і чым ён пагражае Беларусі

Кіраўнік падатковага дэпартамэнту Міністэрства фінансаў Расіі Аляксей Сазанаў у інтэрвію агенцтву Reuters сярод іншага расказаў пра падатковы манеўр у нафтавай галіне і пра ўплыў гэтай змены на беларуска-расійскія адносіны.
«Раней гэта было "шэрае поле“, калі грошы губляў федэральны бюджэт Расіі, а атрымлівалі нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі. Цяпер адбываецца значнае "абяленне“ ўзаемаадносінаў у гэтай частцы, і гэта вельмі добра», — сказаў Аляксей Сазанаў.

Ён таксама заявіў, што Расія на «братэрскіх стасунках» страчвала велізарныя сумы: пачынаючы ад сярэдзіны нулявых, гэта больш за трыльён расійскіх рублёў (прыкладна 16 мільярдаў даляраў па бягучым курсе).

Радыё Свабода тлумачыць, што азначае падатковы манеўр і якія наступствы ён будзе мець для Беларусі.

Што такое падатковы манеўр

Падатковы манеўр — змена спагнання экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў.

Раней і да канца 2018 году ў Расіі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Пры гэтым гэтае мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасійскі рынак і паставак у межах квоты ў Беларусь у адпаведнасці з саюзнымі пагадненнямі.

Аб’ём бязмытных паставак нафты ў Беларусь складаў 18-20 мільёнаў тон у год. Пры гэтым Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны.

Беларусь пры гэтым дадаткова зарабляла на тым, што нафтапрадукты, якія яна вырабляла з бязмытнай нафты, абыходзіліся ёй танней, чым калі б даводзілася аплочваць расійскім прадаўцам нафты яшчэ і іх экспартнае мыта.

Гэтыя больш танныя нафтапрадукты можна было прадаваць у трэція краіны, абкладаючы яго сваім, беларускім, мытам, забіраючы яго ў бюджэт.

Што змянілася сёлета і што зменіцца пазней

Сёлета ў ліпені ў Расіі прынялі закон аб паступовым скарачэнні памеру экспартнага мыта з цяперашніх 30% да нуля на працягу 6 гадоў, да 2024 году. Экспартнае мыта плацілі расійскія экспарцёры нафты ў расійскі бюджэт.

Штогадова памер мыта будзе скарачацца на 5 працэнтных пунктаў: у 2019 годзе яно будзе складаць 25% ад цаны, у 2020-м — 20%, у 2021-м — 15%, у 2022-м — 10%, у 2023-м — 5%, у 2024-м мыта абнуліцца.

Адпаведна будзе падвышацца падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ) на нафту. Гэтым падаткам будзе абкладацца не толькі нафта, якая прадаецца на экспарт, але ўся нафта, якая здабываецца ў РФ. Гэтым падаткам будуць абкладацца ўсе расійскія прадаўцы нафты — і экспарцёры, і пастаўшчыкі на ўнутраны рынак, і пастаўшчыкі нафты ў Беларусь.

Пры гэтым цана расійскай нафты для краінаў далёкага замежжа мяняцца ня будзе, у яе структуры зніжэнне экспартнага мыта будзе скампенсаванае ростам ПЗКВ.

Але для расійскага спажыўца падатковы манеўр будзе азначаць рост цаны на нафту і адпаведна на нафтапрадукты. Прадавец будзе вымушаны плаціць у бюджэт РФ падатак на здабычу карысных выкапняў і за пастаўкі на ўнутраны рынак, адпаведна перакладаючы яго на спажыўца.

Як гэта адаб’ецца на Беларусі?

Тое самае будзе адбывацца і ў бязмытным гандлі нафтай з Беларуссю. Для яе цана на нафту будзе расці гэтак жа, як і для расійскага спажыўца. Беларусь захавае права абкладаць нафтапрадукты на экспарт мытам, але памер гэтага беларускага экспартнага мыта будзе змяншацца ўслед за змяншэннем расійскага. Беларусь не зможа вызначаць памер мыта, каб цана на яе нафтапрадукты пераўзышла сусветную.

Пры завяршэнні падатковага манеўру ў 2024 годзе цана на расійскую нафту будзе аднолькавай (без уліку транспартных выдаткаў) што для расійскага спажыўца, што для Беларусі, што для Нямеччыны.

Паводле ацэнак эканамістаў, Беларусь ад расійскага падатковага манеўру будзе штогод губляць значную частку сваіх бюджэтных даходаў, праз скарачэнне памеру беларускага экспартнага мыта ў 2019 годзе беларускі бюджэт недаатрымае каля 300 мільёнаў даляраў, а ў 2024 годзе гэтыя страты перавысяць 2 мільярды даляраў (у параўнанні з сітуацыяй, калі б Расія захавала як цяперашні ўзровень экспартнага мыта, гэтак і абʼёмы бязмытных паставак нафты ў Беларусі).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: