Шырспажыў: ад Zara да сэканд-хэнду

Выбар адзення па асартыменце і коштах такі разнастайны, што кожнаму вельмі лёгка кіравацца выслоўем славутага мадэльера Крысціяна Дыёра: «Уменне апранацца трымаецца на трох кітах — простасці, добрым гусце і звычцы даглядаць за сабою — і гэта зусім не дорага!» Хаця, канешне, хапае тых, хто з розных прычынаў робіць з вопраткі культ. Узяць хаця б нядаўні ажыятаж падчас адкрыцця першай крамы H&M у Мінску. Ува што і за колькі апранаюцца беларусы ў часіны не надта вялікага дабрабыту?


Фота relax.by

Штогод у Беларусь прыходзіць нейкі мас-маркетны (разлічаны на масавага спажыўца) брэнд адзення. І гэта становіцца падзеяй як для тых, хто знаёмы з гэтымі папулярнымі маркамі праз шопінг за мяжой, так і для тых, хто проста быў начуты пра іх. А вядомасць брэндаў сусветная, бо для згаданага H&M Беларусь стала 73-й краінай прысутнасці, а для прыйшоўшай у 2017 годзе фірмы Zara — аж 94-й. Калі для большасці пакупнікоў Versace — гэта нешта недасяжнае з тэлевізійных fashion-паказаў, то мас-маркетныя брэнды — вось яны, з недарагімі цэннікамі.


Трэнды брэндаў

Многія з іх узняліся на тым, што аператыўна па-дызайнерску рэагуюць на модныя тэндэнцыі, не цураючыся рабіць мадэлі-двайнікі прэміумных модных дамоў, часта абнаўляюць калекцыі. Усё гэта называецца стратэгіяй «імгненнай моды». Калі ад дызайнерскай распрацоўкі мадэлі да яе размяшчэння на вешалцы ў краме прамінае ўсяго толькі нейкія паўмесяца. У выніку вопратка прадаецца ў сапраўды шырокім асартыменце, і пры гэтым, дзякуючы шыццю ў краінах з таннай працоўнай сілай, па нізкіх коштах. Як кажуць, «дэмакратычных»: таму рэчы хадавых брэндаў — у гардэробе як студэнтаў, так і зорак шоу-бізнесу. Пра папулярнасць і даходы, напрыклад, Zara можа сведчыць тое, што яе заснавальнік іспанец Амансіа Артэга ў 2015 годзе на нейкі час нават узначаліў спіс самых багатых людзей планеты паводле версіі часопіса «Forbes».

Чаму яшчэ адкрыццё першай крамы H&M у Мінску выклікала сапраўдны пакупніцкі ажыятаж і выглядала так, як у пачатку 1990-х у савецкіх рэспубліках адчыняліся «Макдональдсы»? Няўжо беларусам няма чаго насіць, як у згаданыя часы скону СССР, калі палова моладзевай кампаніі магла быць апранутая ў аднолькавыя турэцкія швэдры і ласіны.

H&M па завядзёнцы правёў доўгую (цягам некалькіх месяцаў) і інтэнсіўную рэкламна-маркетынгавую кампанію. У выніку некаторыя беларусы ўзначалілі чаргу яшчэ напярэдадні адкрыцця. Заахвочвалі да гэтага сертыфікаты на некалькі соцень рублёў і зніжкі першым пакупнікам. На адкрыцці хапала блогераў і селебрыці, якія потым натхнёна і не за так справаздачыліся ў сацыяльных сетках. Такім чынам розгалас працягнулі яшчэ на некалькі дзён.

Піяршчыкі адзначаюць, што беларусы не надта разбэшчаныя сусветна вядомымі брэндамі і хочуць быць датычнымі да такой моды, хай яна і не высокая, а з мас-маркетнага сегменту. Гэта натуральна ў краіне, дзе сярэдні заробак не сягае 500 долараў. То-бок, да тусовачнага хайпу ад пэўнай фэшн-падзеі далучаецца элементарнае жаданне зэканоміць. Зрэшты, кошты на адзенне папулярных замежных брэндаў у мінскіх крамах агулам вышэйшыя за віленскія і варшаўскія, але больш прыемныя за маскоўскія.

З аднаго боку, гэта азначае, што выязны шопінг многіх беларусаў не змізарнее, а па-другое, што айчыннай лёгкай прамысловасці з’яўленне крамаў ад розных замежных брэндаў дадае канкурэнцыі не надта крытычна. Яна, ясна, і так сур’ёзная. І брэнды б’юцца самымі рознымі метадамі і трэндамі. Апошні піск у модзе — пазіцыянаванне вырабу адзення як экалагічна бяспечнага. Лідарскія мас-маркетныя брэнды навыперадкі заяўляюць, што неўзабаве цалкам пазбавяцца выкарыстання ў вытворчасці атрутных хімікатаў. Прыемны момант у сусветным эка-трэндзе: напрыклад, Аршанскі льнокамбінат пастаўляе сваю тканіну ў тым ліку ў цэхі Zara ды H&M. А ў планах гэтага прадпрыемства, між іншым, значыцца выпуск памперсаў, пракладак, вільготных сурвэтак ды іншых санітарна-гігіенічных вырабаў.


Вайна з «цюбецейкамі»

Што да канкурэнцыі на ўнутраным рынку, то кіраўніцтва канцэрну «Беллегпрам» публічна наракае перадусім на распаўсюд апошнімі гадамі па ўсёй краіне «азіяцкіх крамаў». Яшчэ іх называюць «крамамі цюбецеек» — яны належаць, у асноўным, узбекам. Там блузы, сукенкі, нагавіцы, цішоткі ды іншая вопратка прадаюцца па коштах, якія могуць быць у разы ніжэйшыя, чым нават у гандляроў на рынках. Моцна дэмпінгуюць крамы выхадцаў з Азіі нібыта таму, што іх тавар не мае патрэбных суправаджальных дакументаў, а продаж вядзецца з «шэрай» бухгалтэрыяй. То-бок, праз касавыя апараты пакупкі не праводзяцца, падаткі не сплачваюцца і абарона правоў пакупнікоў кульгае.

Пакупнікі ж пра інтарэсы нацыянальных вытворцаў не дбаюць і спажывецкай ксенафобіяй не пераймаюцца, а спакойна закупляюцца там, дзе танней. У Мінску працуе прыкладна дзясятая частка такіх супертанных крамаў, большасць жа сканцэнтраваная ў рэгіёнах, дзе вялікі попыт, улічваючы даходы, забяспечаны.

Ва ўнісон «Беллегпраму» і прадпрыемствам, якія ўваходзяць у сістэму гэтага канцэрна, скардзяцца ўладам на «азіяцкія» крамы і гандляры на рынках. У траўні прадпрымальніцкае аб’яднанне «Перспектыва» атрымала адказ па гэтай праблеме ад Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Там паведамілі, што час ад часу ладзяць маніторынг працы «азіяцкіх» гандлёвых аб’ектаў: практычна ва ўсіх правераных крамах знаходзяць парушэнні, у тым ліку паўторныя, адпраўляюць у суды адпаведныя пратаколы. Больш за 3 тысячы найменняў тавараў у такіх крамах сёлета праверыў і Дзяржстандарт. Парушэнні былі выяўленыя ва ўсіх правераных суб’ектах гандлю практычна па ўсёй прадукцыі.

Якія вынікі? Выдаюцца прадпісанні прыбраць няякасны і незаконна ўвезены тавар з продажу. Крамы рапартуюць, што выконваюць іх, але адразу ж раскладаюць-развешваюць новае адзенне — такое самае, з парушэннямі. Калі выдаюцца пастановы аб штрафах, то ўладальнікі «азіяцкіх» крамак іх сплачваюць — і працуюць далей. Пры звышпрыбытках гэта, гледзячы па ўсім, не праблема.

Фота vitebsk.biz

Таксама сем’і з нізкім узроўнем даходаў пераарыентаваліся на пакупку адзення ў крамах сэканд-хэнду і на анлайн-пакупкі. Крамам, якія прадаюць ношаныя рэчы дасталася ад «Беллегпраму» за тое, што нібыта дзве траціны адзення там — не былое ва ўжытку, а акурат новае. Маўляў, завозіцца з-за мяжы не распрададзены там і істотна патаннелы тавар нават з этыкеткамі. І таму ён павінен адмыслова размытняцца са сплатай увазных пошлін, каб канкурэнцыя была сумленнай. Уладальнікі і прадаўцы «сэкандаў», з якімі пагаварыў «Новы Час», распавялі, што, сапраўды, купляюць яны на гуртовых складах партыі і з новым адзеннем. Але іх адсотак не сягае за 30%, а ў продаж трапляе яшчэ меней такога тавару. Бо няношанае адзенне збольшага разыходзіцца паміж «сваімі» — супрацоўнікамі і іх сваякамі.

«Беллегпрам» раней ужо рабіў спробы ўскладніць жыццё «сэканд-хэнду». У 2018 годзе з ініцыятывы канцэрна была ўнесеная заканадаўчая норма аб забароне прадаваць праз інтэрнэт патрыманыя рэчы. Прапанаванае табу тычылася толькі анлайн-продажу ІП і юрыдычнымі, а не фізічнымі асобамі. Падстава фармулявалася так: у пакупнікоў няма магчымасці атрымаць у поўным аб’ёме інфармацыю пра стан тавару, яго недахопы, бо апісанняў і фотаздымкаў у інтэрнэце недастаткова для належнага ўяўлення. Апроч таго, даводзілася, што, набываючы такія тавары ў інтэрнэт-краме і ажыццяўляючы дыстанцыйную аплату перад дастаўкай, пакупнікі пазбаўляюцца магчымасці вярнуць тавар. Бо, паводле закона, былыя ва ўжытку рэчы абмену і вяртанню не падлягаюць.

Але па выніках грамадскага абмеркавання, калі паступіла мноства негатыўных водгукаў ад людзей, гэтую забарону з падрыхтаванай пастановы Саўміна выкасавалі. Думаецца, што пакуль у Беларусі ў народа будуць такія даходы, як цяпер, сэканд-хэндам нічога не пагражае. Такія крамы, афлайнавыя ці анлайнавыя, дапамагаюць людзям элементарна выжываць і зніжаюць сацыяльную напружанасць у грамадстве. А ў «сэкандзе» можна купіць прыстойную вопратку проста па дзіўных коштах, асабліва калі разлік ідзе за вагу. Так, адна рэч (скажам, летняя сукенка) можа абысціся ў 3–4 рублі. Для сям’і ў правінцыі з агульным даходам у якія-небудзь 800 рублёў — гэта спажывецкі паратунак. Калі, канешне, людзі не грэбуюць паношанымі рэчамі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!