Тонкая грашовая справа

Галоўны беларускі фінансавы рэгулятар натхніўся з прычыны стабільнасці нацыянальнай валюты. Аднак пакуль што гэтую стабільнасць аплачваюць грамадзяне. Што будзе, калі аплата скончыцца, — загадка.

Як вядома, афіцыйная інфляцыя ў Беларусі за мінулы год склала 10,6%. Улічваючы, што прагноз быў на ўзроўні 12%, гэта ўразіла Нацбанк. І таму гэтае ведамства вырашыла з 18 студзеня знізіць стаўку рэфінансавання з 18% да 17% гадавых, а таксама паменшыць стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях па падтрымцы бягучай ліквіднасці банкаў з 23% да 22% гадавых.

Што гэта азначае для шараговага грамадзяніна? Фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха распавёў, што зніжэнне стаўкі рэфінансавання ў першую чаргу паменшыць прывабнасць укладаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце. Але наўрад ці варта чакаць вялікага адтоку рублёвых дэпазітаў з банкаў. З гэтай прычыны стаўкі па рублёвых дэпазітах або зменшацца на 1 працэнтны пункт, або ўвогуле застануцца нязменнымі.

У структуры ўкладаў насельніцтва на 1 студзеня 2017 года валютныя дэпазіты займаюць 76,3%, а рублёвыя — усяго 23,7%. Прычым многія рублёвыя рахункі — гэта бягучыя разліковыя рахункі (у асноўным, заробкавыя) і сродкі кансерватыўнай часткі насельніцтва (пенсіянераў, жыхароў рэгіёнаў і гэтак далей), якія наўрад ці сочаць за змяненнем стаўкі рэфінансавання і не будуць забіраць свае сродкі з банкаў. Тыя ж актыўныя фундатары, якія пастаянна назіраюць за стаўкамі, хутчэй за ўсё, ужо даўно «сышлі» ў валютныя ўклады або валютныя аблігацыі, стаўкі па якіх вышэй, чым па рублёвых дэпазітах.

Аднак ад зніжэння стаўкі выйграюць пазычальнікі — юрыдычныя і фізічныя асобы. Бо стаўкі па крэдытах могуць зменшыцца не на 1, а на 2–3 працэнтныя пункты, таму што ў мінулым годзе памяншаліся больш павольна за стаўкі па дэпазітах.

Такім чынам, Нацбанк крыху паляпшае становішча ўсёй банкаўскай сістэмы. Калі будзе лягчэй аддаваць крэдыты — зменшыцца праблемная запазычанасць, якая апошнім часам выклікае вялікія асцярогі рэгулятара.

Адклікання банкаўскіх унёскаў насельніцтва можна не чакаць яшчэ і таму, што насамрэч беларусам няма чаго зберагаць. Рэальныя даходы насельніцтва ў студзені-лістападзе мінулага года, паводле Белстату, упалі на 7,5% — гэта антырэкорд, калі паглядзець, як зніжаліся прыбыткі ў параўнанні з папярэднім годам. Напрыклад, у студзені-кастрычніку 2016 года рэальныя даходы насельніцтва знізіліся на 7,3% у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года, у студзені-верасні — на 7,2%. Між тым, урад планаваў, што па выніках мінулага года рэальныя даходы павінны былі павялічыцца на 0,5% да паказчыка 2015 года.

На пачатак 2017 года, згодна банкаўскай статыстыцы, тэрміновыя валютныя ўклады насельніцтва скараціліся ў адносінах да мінулага года на 9% — 6,99 мільярда долараў супраць 7,7 мільярда. Пры гэтым рублёвыя ўклады павялічыліся на 12% — але толькі за кошт налічаных працэнтаў, і не выраслі ў рэальным выразе.

У 2016 годзе скарачаліся не толькі банкаўскія ўклады, а і «кубышкі». У мінулым годзе беларусы прадалі валюты на 2,4 мільярда долараў больш, чым набылі.

Па словах спецыялістаў, раставаць зберажэнні беларусаў будуць яшчэ на працягу двух-трох гадоў. МВФ прагназуе, што да 2020 года Беларусь апынецца аўтсайдарам у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе па ўзроўні валавых нацыянальных зберажэнняў, хоць яшчэ нядаўна была рэгіянальным лідарам.

«Рэальныя даходы насельніцтва ў мінулым годзе знізіліся, і, каб падтрымаць спажыванне на ранейшым узроўні (а жаданне такое ў насельніцтва прасочваецца), у ход ідуць зберажэнні», — тлумачыць спецыяліст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Зміцер Крук.

Але такая аплата насельніцтвам «стабільнасці беларускага рубля» можа закансерваваць «інвестыцыйную дэпрэсію», разважае Крук. Калі раней кампаніі не былі гатовыя да інвестыцый з-за эканамічнага спаду, то цяпер другім фактарам можа стаць меншая доля сродкаў у насельніцтва, якія маглі б быць накіраваны ў эканоміку. Гэта можа выклікаць другую хвалю спаду ў эканоміцы, папярэджвае адмыслоўца.

То бок, падзенне даходаў насельніцтва не менш небяспечнае, чым іх неабгрунтаваны рост. І калі ў беларусаў скончацца «заначкі» і «кубышкі», мы можам сутыкнуцца з крахам унутранага попыту, што прывядзе да новай «затаваранасці» складоў і, адпаведна, новым спадам. Крохкая гэта штука — эканоміка.

Што ж да даходаў у цэлым, то яны працягнуць падаць. Расія ў першым квартале паставіць у Беларусь толькі 4 мільёна тон нафты, паведаміў журналістам віцэ-прэзідэнт расійскай кампаніі «Транснафта» Сяргей Андронаў. Гэта прыкладна на 12% менш, чым першапачаткова планавалася, нават з улікам нафтагазавай спрэчкі, і на 2 мільёны тон менш, чым трэба Беларусі.

Раней Расія планавала пастаўляць у 2016֪–2024 гадах у Беларусь 24 мільёны тон нафты штогод. Аднак у другім паўгоддзі 2016 года аб’ём паставак быў зменшаны з-за неаплаты газу з боку Беларусі і недапаставак нафтапрадуктаў у РФ.

Каб атрымаць грошы, можна, як казаў той кот Матроскін, прадаць што-небудзь непатрэбнае. Але справа ў тым, што непатрэбнае нам не трэба і нікому іншаму. Хіба што задарма.

Напрыклад, «ілжэ-Кемпінскі» ў Мінску, які знявечыў гістарычную панараму горада ў раёне цырка. Нагадаем, з нагоды яго будаўніцтва быў вялікі скандал, бо дзеля гатэлю знеслі гістарычны помнік — будынак першай мінскай электрастанцыі. Потым высветлілася, што «Кемпінскі» да гатэлю дачынення не мае, а працы вядзе кампанія Юрыя Чыжа. Чыж будаўніцтва не скончыў, і яго пасадзілі. Гатэль, які павінны былі ўвесці ў дзеянне ў 2014-м, так і не здалі.

Зараз у Мінск прыляцеў старшыня праўлення расійскага Ашчадбанка Герман Грэф, ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Па афіцыйных паведамленнях, размова ішла «аб удзеле Ашчадбанка ў дафінансаванні складаных праектаў у Беларусі». У выніку, як паведамляе прэса, «недабудоўля» была прададзеная кампаніі «Ашчадбанк Капітал» — дачцэ Ашчадбанка, якая займаецца будаўніцтвам.

Сума здзелкі —1,99 беларускага рубля. Добра, праўда?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: