Трэба 1,5 млрд. Электрасеткі Беларусі не дазваляюць выкарыстоўваць магутнасці БелАЭС на бытавыя патрэбы

Наяўныя ў краіне электрасеткі маюць недастатковую прапускную здольнасць для таго, каб выкарыстоўваць электраэнергію БелАЭС на ацяпленне і бытавыя патрэбы, неабходная рэканструкцыя сетак коштам 1,5 млрд. рублёў.
Пра гэта расказаў першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер ДВА «Белэнерга» Уладзімір Баброў, распавядае select.by.

Ён падкрэсліў, што магчымасць выкарыстання электрычнай энергіі для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы залежыць ад наяўнасці прапускной здольнасці паветраных ліній электраперадачы з напругай 0,4-10 кВ, а беларускія электрасеткі, аказваецца, маюць недастатковую прапускную здольнасць, таму для зніжэння іх зносу і забеспячэння ўмоў для павелічэння выкарыстання электраэнергіі патрабуецца будаўніцтва альбо рэканструкцыя парадку 2,7 тыс. км электрасетак у год.

Грошы на гэта патрабуюцца немалыя. Урад плануе накіраваць на гэтыя мэты з 2021 года па 2025 год каля 1,5 млрд. рублёў, з якіх толькі 0,5 млрд. рублёў — з рэспубліканскага бюджэту. Астатнія — уласныя сродкі энергазабеспячальных арганізацый.

Мяркуецца прыцягваць сродкі грамадзян, у тым выпадку, калі яны зацікаўлены ў выкарыстанні электраэнергіі для названых вышэй мэт.

Акрамя таго, у якасці эксперыменту плануецца будаўніцтва электрасеткі з напругай 20 кВ у мінскім мікрараёне «Паўночны бераг». Гэты раён мяркуецца цалкам забяспечыць ацяпленнем электрычнасцю.

Як паведамілі ў «Мінскэнерга», пры гэтым будуць рэалізаваны сучасныя схемныя рашэнні, узроўні аўтаматызацыі размеркавальных сетак, ужытыя сучасныя сістэмы сувязі, кантролю, уліку электраэнергіі і іншыя новаўвядзенні. Мэта дадзеных тэхналагічных навінак — знізіць страты электраэнергіі і павялічыць прапускную здольнасць электрасетак. Першыя аб'екты з напругай 20 кВ мяркуецца ўвесці ўжо ў чацвёртым квартале 2022 года.

Пакуль пытанне аб выкарыстанні энергіі БелАЭС толькі пачынае вырашацца, але яна ўжо на ўсю моц працуе. «Расатам» 24 мая паведаміў, што на БелАЭС паспяхова завяршыўся этап комплекснага апрабавання першага энергаблока. Гэта быў заключны этап доследна-прамысловай эксплуатацыі станцыі.

Яго паспяховае завяршэнне азначае гатоўнасць энергаблока № 1 да прамысловай эксплуатацыі. Апрабаванне складалася ў тым, што станцыя працавала 15 сутак на 100% магутнасці.

Як падкрэсліў дырэктар праекта па ўзвядзенні Беларускай АЭС АТ ВК «АСЭ» Віталь Палянін, вынікі этапа стануць асновай для магчымасці падпісання акта папярэдняй прыёмкі блока прыёмачнай камісіяй і пачатку прамысловай эксплуатацыі першага энергаблока. Гэта значыць, яго праверка і наладка завяршыліся.

Куды пойдзе вырабленая на БелАЭС электраэнергія, пакуль не вельмі зразумела. У 2020 годзе ў РБ спажыванне электраэнергіі складала каля 38 млрд. кВт.г, а праз 5 гадоў павінна падняцца, паводле афіцыйных прагнозаў, да 44 млрд. кВт.г.

Пры гэтым БелАЭС будзе вырабляць каля 18,5 млрд. кВт.г. электраэнергіі ў год. Гэта азначае, што ў Беларусі павінны быць спыненыя нейкія дзеючыя электрастанцыі ці ж павялічыцца экспарт электраэнергіі. Але пакуль ні пра тое, ні пра іншае афіцыйнай інфармацыі няма.

Урад РБ, хутчэй за ўсё, разлічваў адправіць лішак энергіі за мяжу, аднак з-за пагаршэння адносін з заходнімі краінамі, у прыватнасці, у сувязі з вымушанай пасадкай замежнага самалёта ў Мінску, гэта становіцца праблематычным.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: