Трэба больш золата

Міжнародны валютны фонд пагоршыў прагноз росту беларускай эканомікі ў 2019 годзе. Яшчэ летась у кастрычніку МВФ прагназаваў рост эканомікі Беларусі на 3,1%, зараз гэтая лічба складае 1,8%. Што гэта азначае?

Азначае гэта, што наша эканоміка працуе кепска, і лепей — не будзе. Найперш, лепей не будзе ў дэпрэсіўных рэгіёнах. Амаль адначасова з такой высновай МВФ Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі заявіла, што ў краіне налічваецца некалькі дзясяткаў дэпрэсіўных раёнаў з пункту гледжання памеру заработнай платы. Сем’і, якія жывуць там, не могуць сабе дазволіць купляць мінімальны спажывецкі набор прадуктаў.

Больш за ўсё такіх раёнаў у Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Называць гэтыя раёны ў федэрацыі не сталі. Нагадаем, у траўні мінулага года ў цэлым па краіне было 35 такіх праблемных раёнаў, а ў лістападзе — 6, сярод іх — Шаркаўшчынскі, Браслаўскі і Мёрскі. Тут зарплаты не дазваляюць набыць набор прадуктаў і аплаціць паслугі ў межах мінімальнага спажывецкага бюджэту.

«У асноўным гэта сельскагаспадарчыя раёны, дзе летам заробкі павялічваюцца, а да зімы значна падаюць. Нізкі ўзровень заработнай платы, як правіла, звязаны з тым, што там зачыняюцца апошнія прамысловыя прадпрыемствы і не вельмі добрая глеба, якая дае не вельмі добры ўраджай, — тлумачыць намесніца старшыні ФПБ Алена Манкевіч. — Ёсць разлікі Мінпрацы і Міністэрства аховы здароўя, якую колькасць і чаго людзі павінны з’ядаць на месяц. Гэтыя прадукты ўваходзяць у мінімальны спажывецкі набор. Мы глядзім, колькі зарабляе сям’я з двух дарослых і двух дзяцей у кожным раёне і колькі ды чаго яна можа сабе дазволіць набыць на гэтыя грошы».

«Самых-самых» дэпрэсіўных раёнаў ФПБ налічыла сем. Гэта азначае, што людзі там фактычна галадаюць. «Беларускі эканамічны цуд» і «сацыяльная дзяржава» — ва ўсёй сваёй прыгажосці.

ФПБ збіраецца прапанаваць ураду стварыць рабочую групу па развіцці такіх раёнаў. Але на іх развіццё, зноў жа, трэба грошы, якія таксама з неба не зваляцца. Таму не дзіўна, што нашы чыноўнікі пачалі шукаць іх больш актыўна.

Самы звыклы шлях — пазычыць. Днямі беларуская дэлегацыя на чале з міністрам эканомікі вылятае ў ЗША для ўдзелу ў вясновай сесіі МВФ. Традыцыйны візіт можа стаць пачаткам чарговых і працяглых перамоваў паміж Беларуссю і фондам. У склад дэлегацыі, якая паляціць у Вашынгтон, увойдуць высокапастаўленыя службовыя асобы Беларусі: міністр эканомікі Дзмітрый Круты, міністр фінансаў Максім Ермаловіч і намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц. Праграма перамоваў не афішуецца, але відавочна, што такая прадстаўнічая дэлегацыя ляціць на перамовы з МВФ не проста так.

Але наўрад ці грошы МВФ пойдуць на развіццё рэгіёнаў. У нас і так праблем хапае. У 2019 годзе, згодна з лютаўскімі дадзенымі Мінфіна, даўгавыя выплаты Беларусі складуць 3,5 мільярда долараў, у 2020-м — 3,9 мільярда долараў, у 2021 годзе — 3,7 мільярда долараў. «Напружаны графік плацяжоў» па дзярждоўгу, як называюць яго ўлады, прымушае шукаць грошы па ўсім свеце для рэфінансавання даўгавых выплат. Крэдыт МВФ — адзін з самых танных варыянтаў вырашыць гэтую задачу.

На тыдні паспрабавалі знайсці яшчэ адну крыніцу грошай — «забраць у багатых і аддаць бедным». Беларусь пісьмова апавясціла кампанію «Транснафта», што плануе павысіць тарыфы на транзіт нафты на 23% з 1 траўня. Паводле словаў дарадцы кіраўніка «Транснафты» Ігара Дзёміна, такая прапанова была зроблена са спасылкай на экалагічную сітуацыю ў Беларусі.

 «Яны хочуць палепшыць экалогію за кошт трубаправоднага транспарту. Калі мы не пагаджаемся з павелічэннем, яны звяртаюцца ў антыманапольнае ведамства. ФАС Расіі і Беларусь павінны правесці гэтыя перамовы і дамовіцца аб павышэнні», — адзначыў Дзёмін.

Паміж Расіяй і Беларуссю з 2010 года дзейнічае міжурадавае пагадненне, якое рэгулюе тарыфы на паслугі па транзіце нафты па магістральных трубаправодах у Беларусі. Пагадненне дапускае планавы і пазапланавы перагляд тарыфаў. Планавы перагляд тарыфаў ужо быў зроблены ў студзені 2019 года — была праведзена планавая індэксацыя на 7,6%. Новыя тарыфы ўступілі ў сілу 1 лютага 2019 года. Для пазапланавага перагляду тарыфаў беларускімі арганізацыямі трубаправоднага транспарту павінны быць падрыхтаваныя абгрунтаваныя прапановы, пасля чаго іх перадаюць на ўзгадненне ў Расію. Калі дамоўленасці аб памеры павышэння дасягнуць не атрымліваецца, то новы тарыф вызначаецца ўпаўнаважанымі органамі краін пры ўдзеле транспартных арганізацый.

Але гэта яшчэ — не блізкі свет. І таму ёсць трэці шлях здабывання «золата» — «узяць усё і падзяліць». Пра гэта казаў Аляксандр Рыгоравіч падчас паездкі ў Лагойскі раён. Паводле прэс-службы кіраўніка дзяржавы, той надаў асаблівую ўвагу працы гаспадарак Лагойскага раёна, якія раней былі перададзеныя ў якасці падшэфных арганізацый буйным прадпрыемствам і прыватным структурам. Ён пацікавіўся, наколькі эфектыўна яны працуюць, і даручыў правесці іх рэвізію. «Хачу паглядзець, як гэтыя падшэфныя, кажучы па-старому, гаспадаркі працуюць. Думаю, трэба кагосьці яшчэ дагрузіць дадаткова калгасамі, саўгасамі. Дапусцім, МТЗ ці «Беларуснафту», — сказаў ён.

Канешне, МТЗ скончыў 2018 год са станоўчай дынамікай, але нельга сказаць, што ён шыкуе. Мы рэгулярна бачым здымкі, калі гатовай прадукцыяй — трактарамі — забітая ўся тэрыторыя прадпрыемства. «Дадаткова дагружаць» яго калгасамі… Ну не вытрымае гэтага МТЗ!

І, канешне ж, узнікае пытанне — а чаму самі калгасы не могуць працаваць без «шэфства»? Чаму могуць гэта рабіць нешматлікія фермеры, а калгасы — не? Зноў «беларускі эканамічны цуд»?

А можна яшчэ скарыстацца «параўнальна сумленным адбіраннем грошай у насельніцтва». Больш за 16 мінчанаў (як уласнікаў, так і наймальнікаў жылля) у сакавіку атрымалі жыроўкі з поўнай аплатай падагрэву вады. Яны апынуліся ў спісе «дармаедаў», і да іх, пры разліку жыллёва-камунальных паслуг выкарысталі «эканамічна абгрунтаваны тарыф». Прычым, як інфармуе сайт minsknews.by, па поўным тарыфе налічылі аплату не толькі за люты 2019-га, але зрабілі пераразлік за студзень.

Дзіўна, што ўладам не прыходзіць на розум самы звычайны шлях здабывання грошай — зарабіць і зэканоміць. Можа, у гэтым і ёсць сутнасць «беларускага эканамічнага цуду»?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!