У 2020 годзе беларускі бюджэт прадзіравіўся на 5 млрд BYN

Чыноўнікі апублікавалі інфармацыю па выкананні бюджэту ў мінулым годзе. Яна паказвае, наколькі крызісны 2020 быў цяжэй 2019-га.


Кожны месяц Мінфін дае кароткую інфармацыю пра выкананне бюджэту сектара дзяржкіравання. У беларускіх рэаліях у казну сектара дзяржкіравання ўваходзяць рэспубліканскі бюджэт, мясцовыя бюджэты і бюджэт Фонду сацыяльнай абароны (ФСАН), тлумачаць banki24.by.

У параўнанні з расійскімі і ўкраінскімі калегамі Мінфін Беларусі дае вельмі абмежаваны аб’ём звестак і з вялікім спазненнем. Тым не менш, з урыўкаў мінфінаўскай статыстыкі можна вывудзіць каштоўныя звесткі аб стане бюджэтнай сістэмы і эканомікі.

Першае, што кідаецца ў вочы — малое павелічэнне плана паступленняў даходаў пры прыкметным росце выдаткаў у параўнанні з 2019 годам. Удакладнены план даходаў сектара дзяржкіравання на 1 снежня склаў 53,3 млрд BYN, тады як годам раней дасягаў 52,9 млрд BYN. У намінале (без папраўкі на інфляцыю) чаканыя даходы ў 2020 павялічаныя ўсяго на 0,9%. Гэта значыць, што з улікам росту коштаў у эканоміцы (інфляцыя склала не менш за 6%) рэальныя даходы бюджэту скарачаюцца.

У мінулым годзе чыноўнікі з Мінфіну казалі, што з-за крызісу рэспубліканскі бюджэт недабірае некалькі мільярдаў рублёў.

Расходная частка да 1 снежня па намінале падрасла амаль на 10% — да 56,6 млрд BYN. Праўда, галоўны імпульс росту выдаткаў дала не сацыялка, а так званыя марнаванні на агульнадзяржаўную дзейнасць. У параўнанні з удакладненым планам 2019 года яны ўзляцелі на 37,9%.

У Беларусі важную частку выдаткаў на агульнадзяржаўную дзейнасць складае абслугоўванне дзяржаўнай запазычанасці. Паводле разлікаў Мінфіна, у 2021 годзе вялікія марнаванні працягнуцца — на гэтыя мэты з рэспубліканскага бюджэту сыдзе кожны дзявяты рубель. Фактычнае паступленне даходаў бюджэту таксама не радуе. За 11 месяцаў сектар дзяржкіравання сабраў 47,4 млрд BYN. Гэта на 1,667 млрд BYN менш, чым за такі ж перыяд 2019 года.

Іншымі словамі, даходная частка бюджэту скарацілася нават у намінале. Калі браць пад увагу рост цэн у эканоміцы, які вымяраецца дэфлятарам ВУП, то рэальнае скарачэнне даходаў складзе двухзначны працэнт.

Расходная частка бюджэту склала 48 млрд BYN. Адносна мінулага года рост выдаткаў склаў 3,466 млрд BYN. Праўда, як ужо было адзначана вышэй, драйверам сталі выдаткі на агульнадзяржаўную дзейнасць. У намінале выдаткі сектара дзяржкіравання падняліся на 7,8%. Але з папраўкай на дэфлятар ВУП рэальнага росту не было, адзначалася зніжэнне. Крызіс 2020 прывёў да таго, што бюджэтнае сальда (розніца паміж даходамі і выдаткамі) пагоршылася на 5,133 млрд BYN.

Калі ў 2019-м адзначаўся салідны прафіцыт бюджэту, то ў 2020-м ён цалкам растварыўся і перайшоў у дэфіцыт.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: