У Беларусі дарожны збор адвяжуць ад тэхагляду

Міністэрства фінансаў рыхтуе праект указа прэзідэнта, які прадугледжвае адвязку дзяржпошліны ад тэхагляду. Таксама збор за дарогу можна будзе плаціць па месяцах, а не за год ці два наперад, як гэта адбываецца зараз, піша Радыё Свабода.
avto.ria.com

avto.ria.com

Як нагадвае БелаПАН, з 2014 года для фінансавання дарожнай інфраструктуры ўсіх аўтаўладальнікаў у Беларусі абавязалі выплачваць дзяржпошліну за выдачу дазволу на допуск транспарту да дарожнага руху. Пры гэтым дзяржпошліну аўтаўладальнікі зараз павінны выплачваць падчас праходжання тэхнічнага агляду за ўвесь пэрыяд дзеяння дазволу, то бок, да наступнай праходжання тэхагляду.

«Гэта выклікае нараканні з боку асобных грамадзян (пэнсіянеры, асобы, якія эпізадычна эксплюатуюць транспартныя сродкі, у тым лік матацыклы, прычэпы і інш.), паколькі такі парадак не ўлічвае інтэнсіўнасць (сезоннасць) выкарыстання дарог», — канстатуюць у Мінфіне.

У сувязі з гэтым Міністэрства рыхтуе праект указа прэзідэнта «Аб плаце за карыстанне аўтамабільнымі дарогамі і асобнымі элемэнтамі вулічна-дарожнай сеткі». Гэты дакумент прадугледжвае адвязку выплаты дзяржпошліны фізічнымі асобамі ад праходжання тэхагляду транспарту.

Якія змены прапануе Мінфін і калі яны ўступяць у сілу?

Плануецца, што плата будзе ўносіцца грамадзянамі па заяўным прынцыпе на падставе таго, колькі часу яны плануюць выкарыстоўваць свой транспартны сродак у дарожным руху. Напрыклад, калі грамадзянін не будзе карыстацца транспартным сродкам (у зімовы пеэрыяд), то плата уносіцца не будзе. У той жа час грамадзяне, якія цэлы год выкарыстоўваюць транспартныя сродкі, будуць плаціць пры ўліку паніжаючага каэфіцыенту 0,8 (калі яны адначасова будуць уносіць плату за 12 і больш месяцаў запар).

Такім чынам, памер месячнай платы за легкавы аўтамабіль у залежнасці ад дазволенай максімальнай масы транспартнага сродку будзе складаць ад 0,25 да 0,91 базавай велічыні.

Новы парадак прадугледжваецца ўвесці ў дзеянне не раней за 1 студзеня 2020 года.

У МУС таксама выказваліся за тое, каб адвязаць выплату дарожнага збору ад тэхагляду. Па звестках ведамства, у 2018 годзе тэхагляд прайшлі 1,239 мільёна аўтамабіляў, а ў 2013-м, да ўвядзення дзяржпошліны, — 1,869 мільёна. Такім чынам, летась зафіксавана зніжэнне колькасці пройдзеных тэхаглядаў на 34% у параўнаньні з 2013 годам.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!