У Беларусі дэфіцыт бюджэту ўжо большы, чым у 2011 годзе, калі былі крызіс і дэвальвацыя

Нацыянальны банк Беларусі выпусціў аналітычны агляд «Асноўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы Рэспублікі Беларусь». Паводле гэтых даных, у Беларусі дэфіцыт бюджэту ўжо большы, чым у 2011 годзе, калі былі страшны крызіс і дэвальвацыя.


InfoBank прымеціў: слізгаючы гадавы (сума за апошнія 12 месяцаў, з лютага 2020 года па студзень 2021-га) дэфіцыт (нястача) кансалідаванага бюджэту (без ФСАН) склаў велізарную, рэкордную лічбу: 4,182 мільярды рублёў.

Хаця паўтара-два гады таму быў, наадварот, велізарны (звыш 4 мільярдаў рублёў) прафіцыт бюджэту. Як бачым, падзенне проста каласальнае: ад рэкорднага «плюсу» да рэкорднага «мінусу» ўсяго за два гады — разам мінус 8 мільярдаў рублёў.

І ў супастаўных цэнах дэфіцыт кансалідаванага бюджэту ўжо большы, чым быў перад самым пачаткам крызісу 2011 года, акурат перад знікненнем валюты ў абменніках.


У доларах дэфіцыт бюджэту таксама перавысіў мінулае, перад валютным крызісам 2011-га, «доларавае дно». Дзесяць гадоў таму найбольшае значэнне дэфіцыту бюджэту зафіксавана на ўзроўні мінус 1,419 мільярда долараў, а цяпер яно склала ўжо мінус 1,756 мільярда долараў у эквіваленце. А ў 2018-19 гадах быў прафіцыт, які перавышаў 2 мільярды долараў (сумарнае падзенне амаль на 4 мільярды долараў).

Яшчэ адзін важны паказчык — прафіцыт/дэфіцыт бюджэту ў працэнтах да гадавога ВУП — таксама ўпаў ніжэй за перадкрызіснае значэнне 2011-га, склаўшы мінус 2,82%. Дзесяць гадоў таму «дно» было не такое глыбокае: толькі мінус 2,39%.


Пры гэтым крытычным лічыцца дэфіцыт больш чым 5% ВУП. І, мяркуючы па дынаміцы, гэты парог можа быць пераадолены ўжо праз некалькі месяцаў.

Такім чынам, такога моцнага гадавога дэфіцыту кансалідаванага (без ФСАН) бюджэту Беларусі не было з 1990-х гадоў. А шэсць-сем папярэдніх гадоў даходы бюджэту перавышалі яго выдаткі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: