У Беларусі хочуць забараніць аднаразовы пластыкавы посуд у грамадскім харчаванні

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) запытала ў Міністэрства аховы здароўя, Мінжылкамунгаса, Дзяржстандарта, Мінпрыроды і ў бізнесу інфармацыю наконт выключэння выкарыстання ў аб'ектах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду.

Фота ypakovka.by

«У адпаведнасці з пунктам 2 даручэння Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 ліпеня 2019 г. № 02 / 102-243 / 7608р аб неабходнасці прапрацоўкі пытання выключэння выкарыстання ў аб'ектах грамадскага харчавання пластыкавага аднаразовага посуду» МАРГ просіць дзяржаўныя органы і бізнес-саюзы да 25 ліпеня 2019 года акрэсліць сваю пазіцыю па гэтым пытанні, гаворыцца ў лісце антыманапольнага ведамства.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю просіць пазначыць праблематыку пры ўтылізацыі пластыкавага аднаразовага посуду і яе аб'ёмы, а таксама падлічыць колькасць аб'ектаў грамадскага харчавання, якія выкарыстоўваюць пластык, і вывучыць абставіны, якія перашкаджаюць выкарыстанню ў аб'ектах грамадскага харчавання сталовага посуду.

У Беларусі ў 2019 годзе прынята дырэктыва № 7, у якой гаворыцца пра паэтапнае зніжэнне колькасці поліэтыленавай упакоўкі і замяшчэнне яе бяспечнай  — у тым ліку са шкла і паперы.

Еўрапарламент у канцы сакавіка ўвёў на тэрыторыі ЕС забарону на аднаразовыя пластыкавыя талеркі, кантэйнеры, шклянкі, посуд для фастфуду, відэльцы, нажы, лыжкі. Табу накладзена таксама на вытворчасць кактэйльных саломінак і ватных палачак. Закон пачне дзейнічаць у 2021 годзе.

Паводле tut.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!