«У Беларусі падняў галаву фашызм». Страйкам «Беларуськалію» звярнуўся да нарвежскай кампаніі Yara

Страйкавы камітэт «Беларуськалію» заклікаў генеральнага дырэктара нарвежскай кампаніі Yara International, якая купляе ў Беларусі калійныя ўгнаенні, запатрабаваць ад кіраўніцтва прадпрыемства выканання абяцанняў, перадае Радыё Свабода.
Акцыя салідарнасці з Беларуссю ля нарвежскай кампаніі Yara International. Архіўнае фота.

Акцыя салідарнасці з Беларуссю ля нарвежскай кампаніі Yara International. Архіўнае фота.

У звароце да кіраўніка нарвежскай кампаніі Свайна Тура Гульсэтэра сцвярджаецца, што яго «мэтанакіравана ўводзілі ў зман», запэўніваючы, што нікога з рабочых-страйкоўцаў не звольнілі. Акрамя таго, «у галіне аховы працы не зроблена нічога, бо спецыялісты гэтай службы цяпер занятыя на вытворчасці толькі выяўленнем непажаданай сімволікі і прыгнётам пратэсных настрояў у калектыве».


«Ідзе сістэматычны ціск на работнікаў, якія знаходзяцца ў незалежным прафсаюзе. Работнікі, якія пажадалі выйсці з дзяржаўнага праўладнага прафсаюзу, не могуць гэтага зрабіць — ім не падпісваюць заявы. Гэта сотні людзей!» — адзначаецца ў лісце.

Страйкам заяўляе, што ў Беларусі «падняў галаву фашызм у самым чыстым яго выглядзе» і гэта «бяда не толькі беларускага народа, дзясяткаў забітых і сотняў скалечаных, тысяч затрыманых і рэпрэсаваных, але і ўсіх тых, хто змагаўся з карычневай чумой падчас Другой сусветнай вайны».

«Усе словы пра тое, што бізнес ёсць бізнес і ўгоды не могуць скасоўвацца паводле палітычных матываў, будуць усяго толькі звычайнай хітрасцю і нежаданнем паступіцца імгненнай выгадай дзеля перамогі агульначалавечых каштоўнасцяў», — пішуць аўтары звароту.

Яны заклікаюць кіраўніцтва Yara запатрабаваць ад «Беларуськалія» «неадкладнага выканання» абяцанняў і «безумоўнага выканання ўсіх правоў і свабод работнікаў». У адваротным выпадку працяг супрацоўніцтва Yara з беларускім прадпрыемствам «будзе выкарыстаны для прыгнёту працоўных і рэпрэсій супраць іх».

Нарвежцы двойчы прыязджалі ў Беларусь для вывучэння сітуацыі (18 верасня і 10 снежня) і праводзілі перамовы з кіраўніцтвам «Беларуськалію». 18 снежня гендырэктар Yara сустрэўся з экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай. Бакі абмеркавалі рэпрэсіі ў дачыненні да шахцёраў і ўмовы працы на прадпрыемстве.

Ціханоўская, як паведаміла яе прэс-служба, «выказала падзяку калектыву Yara за цвёрдую пазіцыю і асуджэнне парушэнняў грамадзянскіх правоў працоўных на «Беларуськаліі». Яна падкрэсліла важнасць таго, каб Yara выяўляла салідарнасць са страйкоўцамі і бараніла іх правы, чыніла ціск на кіраўніцтва «Беларуськалія» і публічна асуджала рэпрэсіі.

Свайн Тур Гульсэтэр і іншыя прадстаўнікі кампаніі заявілі, што падзяляюць пазіцыю нарвежскага ўраду аб падтрымцы дэмакратычнай Беларусі і правоў чалавека. Паводле слоў гендырэктара, парог непрымальнасці сітуацыі на «Беларуськаліі» ўжо пройдзены, і будуць разглядацца новыя магчымасці ціску на беларускіх партнёраў і спосабы дапамогі страйкоўцам.

З моманту пачатку страйку ў жніўні на «Беларуськаліі» звольнілі 55 супрацоўнікаў, працоўныя атрымалі ў суме больш за 330 сутак адміністрацыйнага арышту.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: