У Беларусі пашыраецца дзірка ў бюджэце

У 2021 годзе сітуацыя з выкананнем бюджэту прыкметна ўскладнілася. Пакуль даходная частка казны напаўняецца вельмі млява, расходная частка пухне на вачах.


У снежні дэпутаты прынялі рэспубліканскі бюджэт з планавым дэфіцытам 4,047 млрд. BYN. Дэфіцыт — гэта стан, калі даходы казны меншыя за выдаткі. Некалькі гадоў запар да 2020 года Беларусь мела прафіцытныя бюджэты — калі даходы былі вышэй за выдаткі. Гэта дазваляла Мінфіну назапашваць бюджэтныя рэшткі ў рублях і валюце, тлумачаць banki24.by.

У 2020-м скарбонку ўлад патрапала эканамічным крызісам. А 2021 год са старту становіцца яшчэ больш складаным для беларусаў.

Калі параўноўваць прыняты бюджэт-2021 з «Законам аб бюджэце на 2020 год», то памер дэфіцыту павялічыўся ў 4 разы, а ў дачыненні да фактычнага выканання за 2020-ы дэфіцыт вырас удвая.

У студзені 2021-га ўлады ўлілі праз банкі і бюджэт велізарныя рэсурсы ў падтрымку БМЗ. У статыстыцы гэта выявілася як рост унутранага дзярждоўгу і рэзкае павелічэнне дэфіцыту бюджэту. Удакладнены абъём дэфіцыту рэспубліканскай казны падскочыў да 5,610 млрд. BYN.

На мяжы сакавіка і красавіка выйшлі даныя па бюджэце за 2 месяцы. Рэкордны планавы дэфіцыт на год застаўся на месцы — звыш 5,6 млрд. BYN. Фактычны дэфіцыт па 2 месяцах (выкананне) перасягнуў 1,3 млрд. BYN — 1,369 млрд. BYN па ўсім сектары дзяржкіравання і 1,323 млрд. BYN па рэспубліканскай казне. Іншымі словамі, за студзень і люты ўлады выбралі па дэфіцыце амаль чвэрць гадавой квоты.

У сектар дзяржкіравання ўваходзяць рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, а таксама бюджэт ФСАН. Таму дэфіцыт у сістэме фармуе ў асноўным цэнтральная казна. Як у студзені, так і ў лютым бюджэт зводзіўся значна горш, чым у мінулым годзе. Калі ў 2020-м прафіцыт па сістэме за студзень склаў 1,454 млрд. BYN, то ў 2021-м ужо быў дэфіцыт на 165,5 млн. BYN. Аналагічна ў лютым: у 2020-м — дэфіцыт 871,8 млн. BYN, а ў 2021-м — дэфіцыт 1,203 млрд. BYN.

Пагаршэнне бюджэтных паказчыкаў і пашырэнне дэфіцыту адбываецца за кошт слабога напаўнення даходнай часткі і вялікага росту расходнай. За 2 месяцы бюджэт сектара дзяржкіравання па даходах вырас усяго на 0,9%, а па выдатках — аж на 25,9%.

З улікам інфляцыі атрымліваецца скарачэнне рэальных даходаў на фоне двухзначнага росту рэальных выдаткаў. У намінальных рублях гэта выглядае так: даходы — толькі +75,6 млн. BYN, затое выдаткі — +2,027 млрд. BYN. Адпаведна, да 2020-га бюджэтнае сальда пагоршылася амаль на 2 млрд. BYN.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: