У Беларусі павялічылася колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў

Паводле звестак Белстата, на 1 кастрычніка 2019 года ў краіне дзейнічала 142,6 тысяч юрыдычных асоб і 255,5 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. Колькасць юрыдычных асоб у параўнанні з такой жа леташняй датай вырасла на 0,1%, ІП – на 5,2%.
Найбольшая колькасць юрыдычных асоб знаходзілася ў Мінску – 51.622 (за год іх колькасць вырасла на 1,3%). У Мінскай вобласці іх было 25.993 (-0,8%), у Берасцейскай – 14.610 (-0,1%), Гомельскай – 13.899 (-0,6%), Віцебскай – 13.084 (на ўзроўні мінулага года), Магілёўскай – 11.925 (-0,6%), Гарадзенскай – 11.443 (-0,7%).

Найбольшая колькасць ІП таксама знаходзілася ў Мінску – 78.445 (за год іх колькасць павялічылася на 4,7%). У Мінскай вобласці налічвалася 41.630 ІП (рост на 7,1%), у Берасцейскай– 34.134 (4,4%), Гомельскай – 28.425 (+ 4,6%), Гарадзенскай – 25.840 (+ 6,1%), Магілёўскай – 24.553 (+5,1%), Віцебскай – 22.511 (+4,1%).

Удзельная вага арганізацый дзяржаўнай і з доляй дзяржаўнай формы ўласнасці склала 12,3% агульнай колькасці арганізацый, якія дзейнічаюць, і ў параўнанні з 1 кастрычніка 2018 года знізілася на 0,1 працэнтнага пункта. З 142,6 тысяч дзейных арганізацый у сферы вытворчасці працавалі 31,8 тысячы арганізацый (22,3% ад агульнай колькасці), у сферы паслуг – 110,8 тысяч арганізацый (77,7%).

У 2018 годзе было зарэгістравана 11.214 юрыдычных асоб і 35.153 ІП. Ліквідавана 11.239 юрыдычных асоб, спыніў сваю дзейнасць 32.091 індывідуальны прадпрымальнік.

Аляксандр Лукашэнка ў ходзе выступлення з пасланнем народу і Нацыянальнаму сходу 19 красавіка паабяцаў падтрымку вытворчаму малому бізнесу, а не «драбнаце» і «мяшэчнікам». Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што «апошнім часам у грамадстве толькі і чуваць: „малы і сярэдні бізнес, малы і сярэдні бізнес”. Але давайце не будзем граху таіць – да чаго часам прыводзяць нашы заклікі да развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Да «тарбэшнікаў» і «мяшэчнікаў», як часта ў народзе гавораць. Нам гэтая перспектыва патрэбна? Не!» – заявіў ён.

racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!