У Беларусі рэзка вырастуць аклады бюджэтнікаў. Каму гэта выгадна?

І хто можа пацярпець.
Як паведаміў віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын, з 1 верасня ў Беларусі вырасце тарыфная стаўка першага разраду, у адпаведнасці з якой налічваюцца зарплаты бюджэтнікам.

Тое, што гэтая стаўка перыядычна падвышаецца — не навіна. Напрыклад, у траўні яе памер вырас нязначна: з 35,5 да 36,4 рубля. Такая ж карціна была ў кастрычніку мінулага года: рост з 34 да 35,5 рубля. А вось у верасні, калі верыць віцэ-прэм’еру, стаўка рэзка пойдзе ўверх.

Яе падвысяць да 41 рубля — гэта значыць, адразу на 12,6%! Адпаведна, адчувальна вырастуць і аклады работнікаў бюджэтных арганізацый.

Каму гэта выгадна?

Самім бюджэтнікам, якіх у Беларусі налічваецца значна больш, чым у іншых еўрапейскіх краінах. У іх лік, дарэчы, уваходзяць розныя чыноўнікі, якія займаюцца арганізацыяй парламенцкіх выбараў, якія пройдуць у краіне ўжо гэтай восенню. Выйграюць ад павышэння таксама работнікі шматлікіх сілавых структур.

А хто можа пацярпець?

Усе астатнія грамадзяне Беларусі, якія будуць пажынаць плён такога павышэння ў выглядзе росту коштаў у крамах. Бо такое рэзкае павышэнне заробкаў дзясяткам тысяч бюджэтнікаў наўрад ці выклікана ростам прадукцыйнасці працы або павелічэннем эфектыўнасці работы дзяржструктур.

Хутчэй, гэта нагадвае традыцыйную «плюшку», якую беларускія чыноўнікі падкідваюць уладнай вертыкалі, каб тая як след папрацавала ў ходзе выбарчай кампаніі. Увосень гэтага года і летам наступнага. А потым — хоць патоп.

Паводле Салідарнасці

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!