У Беларусі трэці месяц запар падаюць рэальныя пенсіі

Рэальныя пенсіі, якія разлічваюць з папраўкай на рост цэн, у сакавіку знізіліся на 0,7% — вынікае з даных Белстата. Гэтыя выплаты былі ў мінусе на працягу ўсяго першага квартала. Сярод прычын зніжэння пенсій —разагнаная інфляцыя, піша TUT.BY.

У лютым рэальныя пенсіі ўпалі на 1,9% да ўзроўню студзеня, а месяцам раней — на 1,1%.

Сярэдні прызначаны памер пенсій не мяняецца ўжо 4 месяцы запар і складае 482,6 рубля. На канец сакавіка ў Беларусі пражывала 2 мільёны 477,5 тысячы пенсіянераў.

Нагадаем, у 2020 годзе рэальныя пенсіі падалі 8 месяцаў з 12. Рост быў толькі ў траўні, ліпені, жніўні, снежні. Працоўныя пенсіі ў мінулым годзе падвышалі ў ліпені і снежні.

У сакавіку гэтага года прыкметна выраслі цэны на многія тавары і паслугі, а гадавая інфляцыя разагналася да 8,5% гадавых. У лідарах па росце цэн аказаліся морква, бульба, курыца, свініна, сланечнікавы алей, соль. Гэта ў тым ліку наступствы пераднавагодніх змен ад улад — павышэння ПДВ на многія прадукты, лекі, медвырабы, дзіцячыя тавары.

У лютым суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй зарплаты склалі 40,2%. Праўда, звязана гэта не з тым, што ў краіне выраслі працоўныя пенсіі, а з тым, што знізілася сярэдняя зарплата.

У сакавіку ж сярэдняя зарплата зноў вырасла пасля двухмесячнага падзення, з-за чаго суадносіны сярэдніх пенсіі і зарплаты змянілася не на карысць першых выплат.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: