У Беларусі вызначылі самы «дармаедскі» горад

Адзіным горадам, які трапіў у спіс тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы на 2019 год, аказаўся Бабруйск. Летась у спіс уваходзілі таксама Віцебск, Наваполацк, Брэст, Баранавічы і Пінск.
Цэнтр занятасці ў Бабруйску. Фота: Сяргей Балай, TUT.BY.

Цэнтр занятасці ў Бабруйску. Фота: Сяргей Балай, TUT.BY.

У спісе тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы на 2018 год было 48 раёнаў і гарадоў, а на гэты год — 53. Пры гэтым у ім усяго адзін горад — Бабруйск. Тут амаль кожны шосты жыхар працаздольнага ўзросту трапіў у лік не занятых у эканоміцы.

Чаму Бабруйск застаўся праблемным па беспрацоўі горадам?

У 2018 годзе Бабруйск аказаўся ў спісе тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы шмат у чым з-за таго, што прадпрыемствы больш актыўна звальнялі, чым прымалі на працу (разбежка ў 12%), а таксама з-за таго, што 10,4% работнікаў працавалі ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці. Затое ў Бабруйску было адносна няшмат тых, хто больш за год не можа знайсці працу, — 1,3% ад усіх афіцыйных беспрацоўных.

У абноўлены спіс праблемных з занятасцю раёнаў і гарадоў Бабруйск шмат у чым патрапіў з-за работнікаў, якія працуюць на няпоўнай занятасці. Тут 12,4% работнікаў працуе ў такім рэжыме. Гэта самы высокі паказчык у Беларусі, паведамляе «Вячэрні Бабруйск» са спасылкай на начальніка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Бабруйскага гарвыканкама Наталлю Казакову. Праблемнае пытанне з занятасцю абмеркавалі напярэдадні на пасяджэнні Бабруйскага гарсавету.

У базе дадзеных незанятых у эканоміцы цяпер 21 240 бабруйчан, распавялі на пасяджэнні Бабруйскага гарсавету. Гэта прыкладна кожны шосты жыхар горада працаздольнага ўзросту. І толькі 3871 з не занятых у эканоміцы — плацельшчыкі за ЖКП, гэта значыць ім трэба плаціць за гарачую ваду па поўных тарыфах.

Для параўнання: у Брэсце раней налічылі каля 20 тысяч не занятых у эканоміцы, а ў Баранавічах — каля 13 тысяч.

Дарэчы, у Бабруйску спісы патэнцыйных дармаедаў пачалі складаць яшчэ ў 2014 годзе, хоць дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» кіраўнік дзяржавы падпісаў у красавіку 2015 года. Стварыць такую ​​базу даручыў тагачасны губернатар Магілёўскай вобласці Пётр Руднік.

Па новым дэкрэце па незанятых у эканоміцы жыхары Бабруйска ў ліку першых сталі атрымліваць «лісты шчасця».

Што адбываецца на рынку працы


За 11 месяцаў мінулага года ў Бабруйску прынялі на працу 11 597 чалавек, а звольнілі — 12 656 чалавек. У студзені-лістападзе 2018 года занятых у эканоміцы Бабруйска было 86 994 чалавек. Пры гэтым з 2011 года колькасць занятых у эканоміцы знізілася на 14,5 тысяч чалавек.

— Людзі кідаюць працу і едуць працаваць за мяжу. Згодна дэкрэта № 3, яны працаўладкаваны. Час ужо прымаць нейкія дзейсныя меры, — адзначыў на пасяджэнні дэпутат гарсавета Сяргей Чабатароў, начальнік зборачнага цэха № 3 завода масавых шын ААТ «Белшына». — Яны прыязджаюць сюды і карыстаюцца бясплатна тымі ж медыцынскімі паслугамі, тут жыве іх сям'я, яны карыстаюцца ЖКП. Можа, пара ўжо на нейкім заканадаўчым узроўні ўводзіць карты сацыяльнага страхавання? То бок, людзі, занятыя ў эканоміцы ў Беларусі, прыходзяць у паліклініку з картай сацыяльнага страхавання і іх абслугоўваюць, а тыя, хто не заняты ў эканоміцы Беларусі, плаціць поўны кошт.

Наталля Казакова адзначыла, што адток кадраў ёсць, і меры зараз прымаюцца: напрыклад, за кошт павышэння зарплаты імкнуцца вярнуць у краіну спецыялістаў будаўнічай галіны. На яе думку, людзі з'язджаюць, у тым ліку сыходзяць з «Белшыны», у тым ліку з-за недастатковай зарплаты.

Цяпер у горадзе адкрыты каля 1250 вакансій. Пры гэтым прыкладна па 850 вакансіях зарплата не перавышае 450 рублёў. Пры гэтым «запаветныя» 1000 рублёў у Бабруйску гатовыя плаціць нямногім, адкрыты толькі 13 вакансій з такімі заробкамі. Да прыкладу, дырэктару Бабруйскага камбіната хлебапрадуктаў абяцаюць заробак ад 1200 рублёў, дырэктару «Жылкамгаса» Бабруйскага раёна — ад 1500 рублёў, начальніку маркетынгу, продажаў, гандлю, грамадскага харчавання і знешнеэканамічнай дзейнасці Бабруйскага мясакамбіната — 1590 рублёў.

TUT.BY

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!