У чарговы раз: вытворчасць кардона ў Добрушы плануюць запусціць у красавіку

Вытворчасць кардона ў Добрушы плануецца запусціць у красавіку 2021 года. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры назваў старшыня «Беллеспаперапрама» Міхаіл Касько.


«На Добрушскай папяровай фабрыцы «Герой працы» мы павінны ў красавіку пачаць выпуск прынцыпова новай прадукцыі. Гэта двухслаёвы, трохслаёвы мелаваны і немелаваны кардон. З 7 пускавых комплексаў па 6 работы завершаныя, застаўся апошні — непасрэдна кардонастваральная машына», — цытуе Касько REFORM.by.

Таксама ён анансаваў выхад Светлагорскага ЦКК у 2021 годзе на 100% загрузку вытворчасці сульфатнай беленай і віскознай цэлюлозы. У 2020-м узровень загрузкі складзе 65-70%. Па яго словах, уся прадукцыя запатрабавана на знешніх рынках.

«Уся прадукцыя запатрабаваная, рэалізуецца на розныя экспартныя рынкі (Кітай, Еўропа), досыць шмат спажываецца ў нас у краіне. Са збытам сёння праблем няма. Якасць вельмі высокая, беласць дастатковая для таго, каб еўрапейскія спажыўцы набывалі нашу цэлюлозу», — сказаў ён.

Касько таксама назваў камбінат драйверам росту для ўсёй галіны. Ён дадаў, што трэба думаць не толькі аб экспарце. Дзякуючы цэлюлозе Светлагорскага ЦКК, айчынныя спажыўцы могуць атрымаць больш якасную паперу, ўпакоўку.

Як перадае тэлеграм-канал «Эканоміка», «драйвер росту для ўсёй галіны» разам з дрэваапрацоўкай скончылі 2020-ы фінансавы год з лагічным вынікам — чыстыя страты перавысілі 400 млн рублёў. І гэта яны скарысталіся ўказам 159 і не паказалі ўсе адмоўныя курсавыя розніцы ў 2020-м!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: