У Германіі біткоін прызналі законным плацежным сродкам

Міністэрства фінансаў Германіі падпісала пастанову аб прызнанні біткоіна законным плацежным сродкам.

Фота coinotaku.com

 Дакумент вызначае, што пакупкі, зробленыя за крыптавалюту, не абкладаюцца падаткамі, піша Cointelegraph.

Пастанова была падпісана 27 лютага, і ў ёй цытуецца рашэнне Еўрапейскага суда за 2015 год, які вызначыў біткоін валютай з пункту гледжання падаткаабкладання і які адмяніў падатак на даданую вартасць пры набыцці тавараў і паслуг пры дапамозе крыптавалют.

Варта адзначыць, што рашэнне Еўрапейскага суда дапускае разыходжанне ў меркаваннях дзяржаў Еўрасаюза адносна сутнасці і рэгулявання крыптавалют. Кожная краіна можа мець сваё меркаванне адносна таго, што такое біткоін: валюта або тавар, адзначае ForkLog.

Германія зараз афіцыйна вызначае біткоін валютай — як адзначана ў пастанове Мінфіна краіны, крыптавалюты становяцца эквівалентам законных сродкаў плацяжу, бо выкарыстоўваюцца ўдзельнікамі транзакцый як альтэрнатыўны дамоўны і неадкладны спосаб аплаты.

Характэрна, што раней у гэтым годзе кіраўнік Бундесбанка Ёахім Вюрмелінг заявіў, што лічбавыя валюты накшталт біткоіна павінны рэгулявацца з дапамогай набору міжнародных правілаў, а не на ўзроўні асобных нацый.

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!