У Гомелі няма мукі. «Гомельхлебпрам» не можа выканаць заяўкі крамаў

Памятаеце, перад выбарамі Лукашэнка палохаў выбарцаў 1990-мі і казаў што тады «мукі не было на тры дні»? Дык вось, Лукашэнка пакуль ёсць, а ў Гомелі няма мукі і на два дні.


Чытачы Свабоды даслалі копію дакументу, з якога вынікае, што на прадпрыемстве «Гомельхлебпрам» няма мукі.

«ААТ “Гомельхлебпрам” паведамляе, што ў сувязі з адсутнасцю мукі 21 і 22 лютага прадпрыемства не мае магчымасці выканаць заяўкі на хлебабулачную прадукцыю ў гандлёвую сетку Гомеля і вобласці. Просім праінфармаваць гандлёвыя аб’екты пра зрыў паставак 21 і 22 лютага», — напісана ў копіі дакумента, які дасланы начальніку ўпраўлення гандлю і паслуг.


Што ў крамах?

У краме «Доброном» на вуліцы Рагачоўскай у Гомлі па стане на 13.00 свежага хлеба маркі «Валатоўскі» вытворчасці «Гомельхлебпрам» ужо не было. Быў толькі хлеб, спечаны 20 лютага.

Прадаўцы нічога не патлумачылі, ці будзе ў продажы свежы. Але наўрад ці пакупнікі застануцца без хлебу наагул — у краме шырокі асартымэнт тавару з Мінску і Брэста.

У краме «Друзья» на праспекце Перамогі таксама не знайшлося свежага хлебу, вырабленага «Гомельхлебпрамам». Быў толькі «Царскі» і «Барадзінскі», выраблены 19 лютага.

У астатніх гомельскіх крамах — вялікі выбар хлеба розных вытворцаў, асабліва мінскіх хлебазаводаў.

У склад ААТ «Гомельхлебпрам» уваходзяць тры вытворчасці ў Гомлі, сем хлебазаводаў у Добрушы, Жлобіне, Калінкавічах, Мазыры, Рэчыцы, Рагачове і Светлагорску.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: