У Кіеве ля амбасады РФ успаміналі загінулых пад Ілавайскам

У Кіеве ў сераду праходзяць акцыі памяці ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі 4 гады таму ў баях за горад Ілавайск у Данецкай вобласці. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода
У адной з самых крывапралітных бітваў канфлікту на ўсходзе Украіны загінулі, паводле афіцыйных дадзеных, 366 украінскіх вайскоўцаў і добраахвотнікаў, сотні былі параненыя. Больш за 80 да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак.

Украіна сцвярджае, што ў баях пад Ілавайскам на баку сепаратыстаў так званай "ДНР" удзельнічалі рэгулярныя часткі расійскай арміі. У выніку баёў украінскія ваенныя трапілі ў акружэнне і вымушаныя былі пакінуць Ілавайск і шэраг іншых населеных пунктаў. Расія адмаўляе ўдзел сваіх вайскоўцаў.

Каля будынка амбасады Расіі ў Кіеве ў сераду актывісты правялі акцыю "Пуцін, за Ілавайск адкажаш" і ўсталявалі на праезнай частцы 366 белых крыжоў у памяць аб загінуўшых. Як паведамляе агенцтва "Укрінфарм", у акцыі ўдзельнічалі сотні людзей.

Яны ўсклалі на расійскага прэзідэнта адказнасць за гібель украінскіх ваенных пад Ілавайскам. Супрацоўнікі амбасады, аднак, адмовіліся прыняць ва ўдзельнікаў акцыі зварот з патрабаваннем вызваліць украінскіх палітвязняў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: