У Львове прапануюць байкатаваць беларускія тавары. З-за Лукашэнкі

Львавяне сур’ёзна пакрыўдзіліся на некаторыя заявы датычна расійска-ўкраінскай вайны з вуснаў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя ім днямі ў эфіры радыё «Эхо Москвы». Дэпутаты гэтага абласнога цэнтра Украіны выступілі са зваротам да мэра горада з патрабаваннем спыніць закупы тэхнікі беларускай вытворчасці.



Фота varianty.lviv.ua

Як паведамляюць «Навіны Львова і Львоўшчыны», дэпутаты Львоўскай мясцовай рады абурыліся наступнымі словамі Лукашэнкі пра падставы для ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны: «Украіна ў нейкай ступені сама падставілася: рускіх пачалі душыць, мову там ды іншае... Я не апраўдваю Расію. Я не дакараю Украіну. Аднак як бы тое ні было, Украіна хоць маленькую, але дала падставу да гэтага сутыкнення».

Што праўда, кіраўнік Беларусі заяўляе нешта падобнае не ўпершыню. Паўтарыў ён цяпер сваё стаўленне і да анексіі Расіяй Крыму: «Дэ-факта Крым расійскі, юрыдычна гэта не аформлена». Разам з тым Лукашэнка панаракаў на адрас украінцаў: «Вы скажыце, як вы абаранялі Крым?».

Львоўскія дэпутаты запатрабавалі ад мэра Андрэя Садавога спыніць закупы беларускай тэхнікі — снегаўборачнай, трактароў і аўтобусаў. І гэта дастаткова сур’ёзная негатыўная перспектыва для нашага знешняга гандлю ва ўкраінскім кірунку. Палітычны чыннік мае вагу. Так, гэтым летам акурат Львоў вярнуў беларускім пастаўнікам тры эвакуатары пасля выпрабаванняў аднаго з іх. З дзвюх прычынаў. Па-першае, праз тэхнічныя заўвагі, а па-другое, у гэтай тэхніцы былі выяўленыя дэталі расійскай вытворчасці — і львоўскія ўлады спаслаліся на заканадаўства, якое забараняе гандаль з краінай-агрэсарам, якой прызнаная Расія.

Тыя ж самыя беларускія аўтобусы «МАЗ» Львоў закупляе ў даволі вялікай колькасці.

Даведка «Новага Часу»: апошні кантракт быў падпісаны пры канцы 2018 года на пастаўку 100 машын. Кожная каштуе 118 тысяч еўра. І, дарэчы, мэру Львова ужо даводзілася апраўдвацца нават у Вярхоўнай Радзе Украіны за яўнае аддаванне перавагі ў закупах грамадскага транспарту беларускай прадукцыі. Тады ён патлумачыў, што мясцовы завод «Электрон» не можа і блізка задаволіць патрэбаў горада, а да таго ж беларускія аўтобусы таннейшыя.

Між тым, львоўскія дэпутаты з нагоды заяваў Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрв’ю «Эха Москвы» звярнуліся таксама і да ўсіх ўкраінцаў — з заклікам увогуле ігнараваць беларускія тавары.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: