У Мінску да Еўрагульняў высадзяць кветак на 10 млн рублёў

Зялёны партал прыкладна ацаніў кошт дадатковых 6-7 мільёнаў кветак, якія высадзяць ў Мінску гэтым летам.

Ілюстрацыйнае фота: Мінск-Навіны

«У 2018-м у сталіцы было высаджана каля двух мільёнаў кветак, у гэтым годзе плануецца — восем-дзевяць мільёнаў», — заявіў 24 траўня кіраўнік Мінгарвыканкама Анатоль Сівак падчас сумеснага з Аляксандрам Лукашэнкам агляду прыдарожных тэрыторый МКАД.

Гэта значыць, што ў Мінску сёлета плануюць пасадзіць дадатковыя 6-7 мільёнаў кветак у параўнанні з мінулым годам. Нагода відавочная — правядзенне II Еўрапейскіх гульняў. Да 21 чэрвеня 2019 года ўсё павінна квітнець. Толькі вось цікавіць кошт пытання.

Дакладны спіс відаў кветак з цэнамі сабраць вельмі складана з улікам таго, што пасадкамі займаюцца не толькі «Зелянбуд», але і ЖКГ, а таксама мноства прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, якія не маюць прамога дачынення да азелянення.

Аднак прыблізна ацаніць выдаткі можна — узяўшы для прыкладу бягонію — адну з самых распаўсюджаных і недарагіх у азеляненні Мінска кветак. Уявім, што ўсе 6-7 мільёнаў кветак будуць бягоніі. Оптам у Мінскім парнікова-цяплічным камбінаце ў касетах па 24 штукі гэтыя кветкі каштуюць 1,34 рубля за штуку.

Кошт пасадкі кветак «Мінскзелянбуда» — каля 15 капеек за штуку. Атрымліваем, што ў пераліку на бягоніі кветкавыя выдаткі Еўрапейскіх гульняў складуць 8,94-10,43 млн рублёў. І гэта без уліку ўсялякіх жалезных кашпо, пластыкавых вазонаў і іншых мудрагелістых ёмістасцяў.

А цяпер давайце прыкінем, колькі за гэтыя грошы можна было б высадзіць нармальных дрэў, а не выкапаных у лесе дубчыкаў. Кошт ясеня-буйнамера вышынёй чатыры з паловай метры з тых, што былі высаджаныя ў красавіку добраахвотнікамі каля Зыбіцкай — 15 рублёў (калі самому дастаўляць і высаджваць).

А калі групавую пасадку робіць «Зелянбуд» Цэнтральнага раёна, то адно дрэва абыйдзецца ў 60 рублёў з грунтам. Разам нашых гіпатэтычных 8,94-10,43 мільёнаў рублёў хапіла б на 149-174 тысяч дрэў. Нармальных дрэў з добрай прыжывальнасцю з гадавальнікаў.

Цяпер пытанне, што паглынае больш вуглякіслага газу і вылучае больш кіслароду за час свайго жыцця — дрэва або кветка-адналетка? Адкажыце, спецыялісты Акадэміі навук!

Што стварае больш ценю, мацней зніжае тэмпературу навакольнага паветра, дрэва або кветка-адналетка? Адкажыце, навукоўцы-кліматолагі!

Што, нарэшце, валодае большай доўгачасовай каштоўнасцю, нават выяўленай у грошах? Адкажыце, ацэншчыкі БТІ!

Увага, правільны адказ: дрэвы.

А зараз успомнім аб дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь, які складае 44,1 млрд рублёў. З яго улікам трата 9-10 млн рублёў на кветкі выглядае як баль падчас чумы. Яркі баль.

Колькі магла б каштаваць высадка ў Мінску 6 і 7 млн бягоній

 Колькасць   1 штука   6 млн штук   7 млн штук 
 Бягонія працыліс ружовая  1,34 рубля  8 040 тысяч рублёў  9 380 тысяч рублёў
 Пасадка  0,15 рубля   900 тысяч рублёў  1 050 тысяч рублёў
 Бягонія + пасадка 

 
 1,49 рубля  8 940 тысяч рублёў  10 430 тысяч рублёў
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!