У Мінску таксісты гатовыя перакрыць вуліцы

Мінскія таксісты запатрабавалі павялічыць кошт кіламетра прабегу на 5 капеек. Кіроўцы незадаволеныя заробкамі. Яны пагражаюць з 31 студзеня блакаваць працу дыспетчарскіх. Самыя радыкальныя прапануюць перакрываць вуліцы ў цэнтры Мінска, паведамляе Еўрарадыё.
У сферы таксі ў Беларусі — свабоднае цэнаўтварэнне: любая служба можа вазіць па любым тарыфе. Зрэшты, расцэнкі ва ўсіх практычна аднолькавыя — з той жа прычыны, з якой аднолькавыя цэны на памідоры ва ўсіх прадаўцоў у адным шэрагу на Камароўскім рынку. Што ж у такім выпадку перашкаджае службам таксі дадаць гэтыя злашчасныя пяць капеек за кіламетр, з-за якіх бузяць кіроўцы? Бо ім, увогуле кажучы, усё роўна: "лішнія" капейкі будуць плаціць не яны, а тыя, хто выклікае таксі.

Гіпатэтычна — павышэнне цэн можа справакаваць адток кліентаў. Аднак, як расказалі Еўрарадыё ў некалькіх службах, разлікаў а-ля "кіламетр становіцца даражэйшы на пяць капеек — пасажыраў становіцца на 10% менш" проста не існуе. Чаму ж у такім выпадку канфлікт паміж таксістамі і дыспетчарскімі дайшоў да пагроз блакаваць работу і перакрыць цэнтральныя вуліцы Мінска?


Глядзяць і чакаюць

У адной са службаў таксі Еўрарадыё расказваюць, што ніхто не перашкаджае павысіць тарыфы. Але гэта рашэнне павінна быць прынята сумесна — усімі ўдзельнікамі рынку.

"Усе глядзяць адно на аднаго і чакаюць, — кажа наш суразмоўнік. — Кожны гатовы падняць кошт, але разумее, што, калі гэтага не зробяць астатнія, пасажыры сыдуць туды, дзе танней".

Кіраўнік дыспетчарскай службы Taxi Laym Дзмітрый кажа, што гатовы падвысіць тарыф на 5 капеек за кіламетр. Але выстаўляе сустрэчную ўмову: кіроўцы павінны паабяцаць, што будуць "браць" не менш за 80% заказаў. Дзмітрый кажа, што сочыць за форумамі, дзе кіроўцы скардзяцца на сваё жыццё. Там ён піша, што згодны абмеркаваць умовы працы. Маўляў, прыходзьце — пагаворым. Ніхто не прыходзіць.

"Невядома нават, хто напісаў гэты ліст, — кажа Дзмітрый пра зварот-ультыматум, пад якім — больш за сто подпісаў таксістаў. — Які б ні быў тарыф, кіроўцы не стануць больш працаваць. Сапраўды працаваць, а не тое, што яны пішуць у сваім лісце [там напісана, што кіроўцы працуюць па 16-18 гадзін у суткі, а гэта небяспечна. — Еўрарадыё]".

Крыўда на Uber

Дырэктар Taxi Next Дзмітрый ставіцца да скаргаў кіроўцаў з разуменнем.

"Я гатовы пайсці насустрач таксістам, — кажа ён. — У Мінску сапраўды даўно не мяняліся тарыфы, і яны вельмі нізкія ва ўсіх службах. Вельмі! Пры гэтым цэны на бензін за апошнія два месяцы падняліся больш чым на 5 капеек".

 Кіраўнік кажа, што праблема наспявала даўно і вінаватыя ў ёй чыноўнікі, якія ігнаруюць праблемы рынку.

"У свой час я звяртаўся ў антыманапольны камітэт, — успамінае ён. — Мы працуем на адным рынку разам з таксі "Яндэкс" і "Убер", у нас таксама, як і ў іх, ёсць праграма. Яны могуць дазволіць сабе знізіць цану да 3 рублёў 30 капеек, але, каб кіроўцы не разбегліся, даплачваюць ім да 7 рублёў. Што рабіць нам? Прыйшлі да таго, што нізкая цана цяпер ва ўсіх. Кіроўцы плачуцца, што не могуць так працаваць. Я пішу пра гэта — мне адказваюць у стылі "Ай, не лезь", маўляў, "Яндэкс" і "Убер" не дыспетчары таксі. Але мы працуем на рынку аднолькава. Гэта называецца нядобрасумленная канкурэнцыя".

Дзмітрый кажа, што ў такім выпадку і ён можа больш не называцца дыспетчарам: знайсці інвестара ў Кітаі, які ўкладзецца ў яго, і вазіць пасажыраў па рублі, а кіроўцам плаціць нармальныя грошы.

Дзмітрый з Taxi Laym дык і ў прынцыпе лічыць, што ліст таксістаў датычыцца ў першую чаргу ўмоў, на якіх працуе "Яндэкс.Таксі", а іншыя дыспетчарскія пералічаныя там для большага рэзанансу.

"Наколькі я ведаю, да Новага года агаворвалася, што будзе нейкі адзіны фіксаваны тарыф на ўсе службы, — кажа Дзмітрый. — Чаму таксісты пагражаюць нам, чаму яны не пішуць дзяржаве? Зрабіце нейкі мінімальны тарыф на ўсе службы, разлічыце ў адпаведнасці з усімі нормамі. Калі ў службы ёсць магчымасць павышаць тарыф — калі ласка, няма — хай карыстаецца такім, як ва ўсіх. Гэта, напэўна, будзе правільным рашэннем для ўсіх з боку дзяржавы".

Дзмітрый хацеў бы даведацца, што наконт змены тарыфаў думаюць у іншых дыспетчарскіх службах.


Чыноўнікі не спалохаліся

21 студзеня ў МАРГ чыноўнікі і прадстаўнікі 17 мінскіх службаў таксі спрабавалі знайсці выйсце з сітуацыі, у якую іх паставілі кіроўцы. Сустрэча праходзіла за зачыненымі дзвярыма.

З самага пачатку стала зразумела, што ўладам вельмі не спадабалася пагроза таксістаў перакрыць вуліцы. "Адкрыты ліст з'явіўся каталізатарам сустрэчы. Але гэтая заява прымушае мяне сказаць: такім чынам дыялог мы не выбудуем", — папярэдзіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч.

Намеснік міністра транспарту Аляксей Ляхновіч расказаў, што тарыфы на паслугі таксі ў Мінску хутчэй будуць падаць, чым расці. Хутка на рынак выйдзе новы гулец — эстонскі сэрвіс Bolt. Канкурэнцыя, у тым ліку і цаной, стане яшчэ вастрэйшая.

Днямі Мінтранс прадставіць план мер па навядзенні парадку ў сферы аўтамабільных перавозак. Ён пішацца ў тым ліку пры ўдзеле бізнесу. Вакол дакумента шмат чутак — у тым ліку і тое, што ім ледзь не вяртаецца ліцэнзаванне ў сферы таксі.   

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: