У Мінску за хабар у 23 тысячы долараў затрымалі дырэктара завода (відэа)

У сераду, 13 лютага, супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама з доказамі злачынства затрымалі генеральнага дырэктара ААТ «Прыборабудаўнічы завод «Аптрон» пры атрыманні хабару.
Мікалай Янкевіч, дырэктар ААТ «Прыборабудаўнічы завод Аптрон», фота director.by

Мікалай Янкевіч, дырэктар ААТ «Прыборабудаўнічы завод Аптрон», фота director.by

Памер незаконнага грашовага ўзнагароджання склаў 23 100 долараў ЗША. Паводле аператыўнай інфармацыі, гэта толькі пятая частка сумы, якую патрабаваў кіраўнік выключна ў замежнай валюце. 

Затрыманы атрымаў грошы ад прадстаўніка камерцыйнай арганізацыі за спрыяльнае вырашэнне пытання па выдачы дакументаў на набыццё нерухомасці завода. Таксама былі дадзены ўказанні падначаленым работнікам заводу аб здзяйсненні дзеянняў у інтарэсах камерсанта, звязаных з наступным вызваленнем ад выплаты ПДВ у памеры 380 тысяч беларускіх рублёў па названай угодзе.

У цяперашні час матэрыялы праверкі перададзены ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску для вырашэння пытання пра ўзбуджэнне крымінальнай справы па ч. 3 арт. 430 КК Рэспублікі Беларусь (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры).

Санкцыя ўказанага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
mvd.gov.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!