У Полацку за камуналку можна разлічыцца макулатурай

У Полацку ўкараняюць ноу-хау — здачу макулатуры ў кошт квартплаты. 


У горадзе ставяць задачу нарыхтаваць як мага больш другасных рэсурсаў, якія не паедуць на сметнік, а будуць перапрацаваныя і прынясуць прыбытак, паведамілі ў Полацкім ЖГК vitvesti.by. Да жыхароў, у якіх сабралася 50 і больш кілаграмаў макулатуры, камунальнікі могуць прыехаць і забраць яе проста з дому. Трэба толькі зрабіць адпаведную заяўку. Затым інфармацыя аб колькасці здадзенай сыравіны будзе перададзена ў бухгалтэрыю, дзе разлічаць суму, на якую паменшаць квартплату.

Акрамя таго, у Полацку працуюць 10 нарыхтоўчых шапікаў і адзін перасоўны пункт прыёмкі другаснай сыравіны. Па суботах спецыяльная машына па графіку аб'язджае мікрараёны горада і сельскія населеныя пункты, а летам  яшчэ і дачныя пасёлкі, каб грамадзяне маглі здаць паперу, шкло, пластык паблізу месцаў пражывання.

Сістэма паасобнага збору адходаў таксама ўдасканальваецца — у дварах шматкватэрных дамоў, каля гандлёвых цэнтраў, на аўтобусных прыпынках устаноўлена больш за тысячу ярка размаляваных кантэйнераў з надпісамі «Шкло», «Пластык», «Папера».

Толькі за апошні месяц, як адзначыла начальнік участка збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны Полацкага ЖКГ Вольга Матвеева, ад насельніцтва і арганізацый раёна было сабрана больш за 106 т макулатуры, 97 т шкла, 13 т ПЭТ-бутэлек, тона пластыка, 4,2 т электраабсталявання.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!