У Польшчы толькі апошняя нядзеля месяца будзе гандлёвай

У 2019 годзе ў Польшчы ва ўсе нядзелі, апрача апошняй у месяцы, нельга будзе гандляваць. З-за зменаў пацерпяць таксама турысты з Беларусі, якія наведваюць гандлёвыя цэнтры.

Згодна з законам, забарона тычыцца і большасці гандлёвых пунктаў, у тым ліку гіпермаркетаў.

Супраць зменаў выступаюць прадпрымальнікі і некаторыя партыі з апазіцыі. З-за зменаў пацерпяць таксама турысты з Беларусі, якія наведваюць гандлёвыя цэнтры.

Паводле старшыні падляшскай “Салідарнасці” Юзэфа Мазалеўскага, свабодныя ад гандлю нядзелі многа гадоў без ніякіх праблем увяліся ў розных краінах Еўрасаюза, і ў Польшчы людзі прывыкнуць.

— Мы павінны ісці ў такім кірунку і параўняцца з тымі краінамі, дзе абмежаванне ці забарона гандлю дзейнічае ўжо некалькі гадоў і няма ў звязку з тым ніякіх праблем, іх эканоміка нармальна функцыянуе, а працаўнікі могуць прысвяціць гэты дзень сваім блізкім.

Закон аб абмежаванні гандлю прадугледжвае многія адступленні. Гандляваць могуць індывідуальныя прадпрымальнікі, але пры ўмове, што самі будуць прадаваць.

Паводле новага закона, гандляваць можна ў кожную апошнюю нядзелю месяца, дадаткова ў нядзелю перад Вялікаднем і дзве нядзелі перад Калядамі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!