У прадпрыемстваў-флагманаў у 4 разы абрынуліся фінансы

Прасадка па прыбытку адбылася яшчэ да жнівеньскіх выбараў. Толькі падумайце, якія могуць быць вынікі на 1 верасня.
Ілюстрацыйнае фота, belrynok.by

Ілюстрацыйнае фота, belrynok.by


Паводле ацэнкі статорганаў чысты прыбытак буйных і сярэдніх прадпрыемстваў за 7 месяцаў склаў 3,016 млрд BYN. У параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года чысты прыбытак скараціўся ў 2,8 разы (на 63,9%). У пераліку на грошы падзенне прыбытку склала 5,346 млрд BYN. Дэфлятар ВУП за студзень-ліпень 2020-га дасягнуў 111,3%. Гэта значыць, што з папраўкай на рост коштаў у эканоміцы чысты прыбытак у рэальным сектары ўпаў у 3,1 разы (на 67,6%).

Яшчэ горш фінансавыя вынікі за асобна ўзяты ліпень. Чысты прыбытак у гэтым месяцы склаў 328,7 млн BYN супраць 1,196 млрд BYN у чэрвені і 1,374 млрд BYN у ліпені 2019 года. Атрымліваецца, што да 2019 года ліпеньскі прыбытак зменшыўся ў 4,2 разы.

Чысты прыбытак з'яўляецца канчатковым фінансавым вынікам працы эканомікі і вызначаецца прыбыткам ад бягучай, інвестыцыйнай і фінансавай дзейнасці. Вынікі ад інвестыцыйнай і фінансавай дзейнасці моцна залежаць ад дынамікі курсу беларускага рубля — так званых курсавых розніц. Калі "зайчык" дэвальвуецца, гэта адразу адбіваецца на фінансах кампаній, якія (не) маюць валютную выручку. У першым выпадку гэта ўплыў часцей пазітыўны, у другім — негатыўны. Балансавы эфект залежыць ад таго, наколькі прадпрыемства закрэдытавана і якая доля валютных крэдытаў.

 Буйная дэвальвацыя беларускага рубля адбылася ў жніўні, на фоне і пасля прэзідэнцкіх выбараў. Аднак і ў ліпені была некаторая карэкцыя курсу не на карысць нацыянальнай валюты. Прасадка па пары USD / BYN склала 1,6% , па пары EUR / BYN — 6%. Гэта збольшага магло паўплываць на слабыя вынікі ліпеня.

Другі фактар ўплыву на чысты прыбытак — указ № 159 аб адмысловым парадку спісання курсавых розніц. Улады дазволілі прадпрыемствам расцягнуць працэс адлюстравання гіганцкіх страт 1 квартала 2020 года да канца 2022-га. На ліпень прыпадае месяц выплаты квартальных падаткаў. У тым ліку ў гэтым месяцы масава ідуць плацяжы за кошт прыбытку кампаній. Так як у прадпрыемстваў застаецца шмат "схаваных" страт мінулых перыядаў, то можна паступова ўключаць іх у фінансавыя справаздачы для мінімізацыі адлічэнняў у бюджэт.

У ліпені беларускі бюджэт паказаў слабое выкананне. У прыватнасці, плацяжы па падатку на прыбытак у цэлым скараціліся на 19,6%, а па рэспубліканскім бюджэце — наогул на 46,1%. Так што прадстаўлены вышэй механізм "прыніжэння" падатковай базы цалкам знаходзіць пацверджанне ў афіцыйных даных. Прыбытак прыбытковых прадпрыемстваў асеў за 7 месяцаў на 15,8% да 7,679 млрд BYN. У ліпені прыбытак такіх прадпрыемстваў упаў на 32,9% да 956,9 млн BYN. Акрамя прыбытковых натуральна маюцца і стратныя прадпрыемствы. Іх доля за 7 месяцаў павялічылася з 14,9% да 19%, а сума страт падскочыла ў 6,2 разы да 4,663 млрд BYN. Прырост страт стратных кампаній у ліпені-2020 аказаўся вышэй леташняга ў 12,3 разы —628,1 млн BYN.

Паводле banki24.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: