«У прыватніку не бачаць дзяржаўнага чалавека»

У 2000-х гадах Мікалай Лысянкоў стаў адным з самых маладых старшыняў «калгасаў» у Беларусі (у 26 гадоў), а ў хуткім часе быў прызнаны лепшым кіраўніком сельскагаспадарчага прадпрыемства ў сваім Стаўбцоўскім раёне. Прапановы ачоліць сяльгаспрадпрыемства рэгулярна паступаюць і цяпер. Але ён адмаўляецца, хоць душа ляжыць да гэтай працы.


Чытачам «Новага Часу» Мікалай Лысянкоў распавёў пра тое, чаму не хоча вяртацца ў «калгасы», колькі зарабляюць іх старшыні і якія выгады маюць. Што адбываецца са славутай працавітасцю беларусаў і чаму фермерам выдзяляюць няўдобіцы, а Лукашэнка баіцца даваць грошы прыватнікам у галіне сельскай гаспадаркі.


«Прыехаў смаркач камандаваць»

— Пасля заканчэння БДАТУ (Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта) я ўладкаваўся ў сельгаспрадпрыемства эканамістам і прапрацаваў на гэтай пасадзе больш за тры гады. Затым мяне перавялі ў райвыканкам — быў намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Але гэта не па мне. Таму папрасіўся ў старшыні райвыканкаму назад у «калгас». Той прапанаваў пасаду старшыні. Мне было 26 гадоў. Эканамістам я працаваў у дастаткова багатым прадпрыемстве, вопыту набраўся, а далі мне адну з самых бедных гаспадарак у раёне. Маўляў, давай падымай!

— Гэта такая распаўсюджаная практыка ў нашай краіне — накіроўваць маладых у занядбаныя гаспадаркі?

— Папросту вопытны кіраўнік, які пабыў старшынёй у розных раёнах па некалькі разоў, а цякучка гэтых кадраў немалая, разважае так: «Навошта мне гэтыя праблемы? Тым болей ад мяне нічога не залежыць — усё адно праз нейкі час здымуць і кудысьці прызначаць!» Я пагадзіўся яшчэ і таму, што добра ведаў прапанаванае мне сельгаспрадпрыемства, бо курыраваў яго падчас тых пасяўных, калі працаваў у райвыканкаме, і ездзіў туды не раз.

— Як паставіўся да вас, маладога прызначанага старшыні, тамтэйшы працоўны народ?

— Ну, мяне самі людзі выбіралі. Так паводле статуту сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву павінна было быць. Фармальна выбіралі, зразумела. Кандыдатуру маю прыехаў і запрапанаваў старшыня райвыканкаму. Бо ясна, што кіруе, у тым ліку кадрамі, той, хто распараджаецца фінансаваннем.

Першыя паўгода, канечне, людзі ставіліся часта з пагардай: «От, прыехаў нейкі смаркач камандаваць!»

Даводзілася даказваць прафпрыдатнасць уласным прыкладам — галавой і ў прамым сэнсе рукамі. Вось зваршчык кажа, напрыклад, што не можа зрабіць нейкую працу. А я ў дзяцінстве машыны варыў — то бяру зварачны апарат і прыварваю. Пасля гэтага ён ужо да мяне з такімі пытаннямі ці скаргамі не звяртаецца. Падчас уборачнай шуфляваў зерне апоўначы на току разам з усімі.

Да старшыняў «калгасаў» людзі ставяцца так, як тыя ставяцца да справы. Калі кіраўнік мае ўменні і працуе, а не глядзіць на працоўны люд праз вакно свайго джыпа, то такога старшыню паважаюць. Ёсць, прыкладам, на Стаўбцоўшчыне Вольга Аляксееўна Луцык, дырэктар ААТ «Вялікі Двор», якая даўным-даўно на пенсіі, але як належыць дбае пра гаспадарку і ведае не тое што кожную даярку — кожную карову там! А ёсць такія начальнікі, што думаюць, што на гэтай пасадзе Бога за бараду схапілі, і ім бы новы джып сабе набыць, а не новы трактар!

— Апрача джыпа і кіроўцы пры сабе, якія выгады мае старшыня «калгасу»? Усё ж гэта адзін з галоўных начальнікаў на сяле.

— Перадусім, гэта хіба статус — што ты старшыня, дырэктар, а не просты рабочы. Так, даецца службовы аўтамабіль з кіроўцам, але ж па прыватных справах надта не пакатаешся. Цешчу на вёску не павязеш, бо завядуць артыкул. Жыллём забяспечваюць, але жылля хапае, ім забяспечваюць усіх працаўнікоў. Красці? Лепей зарабіць. Ну што красці па дробязі — два яблыкі? А скрадзеш фуру — сядзеш за краты. Гэта многія разумеюць. Выпадкі, калі трапляюцца на гэтым, не носяць масавага характару. Я дасюль камунікую з кіраўнікамі сельскагаспадарчых арганізацыяў. І не скажу, што гэта вельмі заможныя людзі.

— А які заробак у старшыні?

— Гэта не надта вялікія грошы, як нехта можа падумаць. Тысячу рублёў зарабляюць. У паспяховых арганізацыях і болей, калі маюць магчымасць дзяліць прыбытак паміж працаўнікамі. А нядаўна вось у адно сельгаспрадпрыемства ў Брэсцкай вобласці шукалі годнага кіраўніка, абяцаючы зарплату 2000 рублёў.


«Калгасы» і фермеры: дзяржава няроўна дзеліць

— Мікалай, а чаму вы пакінулі гэтую пасаду?

— Таму, чаму і цяпер не прымаю прапановы, якія паступаюць, узначаліць тую альбо іншую гаспадарку. Я не згодны з тым, як функцыянуе сістэма, не згодны з каманднай эканомікай агулам.

Калі я стаў старшынёй гаспадаркі, то атрымаў заданне па валавой прадукцыі і каб быў парадак на зямлі. Але выраб валавой прадукцыі і эканоміка — гэта розныя рэчы. У нас жа галоўнае — вал, то бок вырасціць вось столькі і столькі бульбы, буракоў, збожжа. А можа гаспадарцы больш выгадна ўсё травамі засеяць, трымаць не свіней, а буйную рагатую жывёлу? Хачу я бычкоў разводзіць, але не — у раёне ёсць буйны жывёлагадоўчы комплекс, а таму ты мусіш практычна па разнарадцы здаць туды гэтых бычкоў.

Я бачыў, як размяркоўваюцца бюджэтныя грошы, куды ідуць субсідыі. Як правіла, перадусім на падтрыманне бедных гаспадарак. І іх кіраўнікам не трэба асабліва ламаць галаву наконт таго, дзе ўзяць грошы на заробкі. Я спрабаваў усе грошы накіроўваць у развіццё свайго СВК: рамантавалі пабудовы і закуплялі новую тэхніку. Своечасовая выплата заробкаў была на адмысловым кантролі чыноўнікаў, таму, калі пры канцы месяца на іх грошай не хапала, то абавязкова дапамагалі з бюджэту.

У выніку на наступны год майго старшынавання мы далі рост па валавой прадукцыі ажно 42%! Я быў прызнаны — гэта быў 2007 год — лепшым кіраўніком сяльгасарганізацыі ў Стаўбцоўскім раёне. 42% — гэта прыгожая гучная лічба. Але ў бедным «калгасе» выйсці на яе нашмат прасцей, чым у паспяховым даць рост, скажам, на 5–10%. Бо яго субсідуюць мізер — і сам жа трымаецца на плыву. Як, напрыклад, на Стаўбцоўшчыне адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Вішнявецкі-Агра», «Вялікі Двор», «Агранёманскае».

Я лічу, што грошы трэба ўкладаць туды, дзе будзе большая аддача!

А фермераў зусім не субсідуюць, хаця, паводле Канстытуцыі, у нас роўныя ўсе формы ўласнасці. Ім і землі даюць самыя горшыя, няўдобіцы, дзе нават мох часам не расце. Лепшыя абшары — у багатых «калгасаў».

— Якая, на ваш погляд, падтрымка з боку дзяржавы сельскай гаспадаркі была б слушнай?

— Субсідыі варта выдзяляць, напрыклад, у залежнасці ад урадлівасці земляў — зважаючы на бальнасць глебы. Таму што калі ў мяне на палетках пяскі, то пры аднолькавых выдатках на ўгнаенні, розныя агратэхнічныя захады, тэхніку, паліва і так далей я магу атрымаць ураджай, які ўдвая меншы, чым у гаспадарцы са спрыяльнай глебай.

Слушна, каб аказвалася аднолькавая падтрымка ўсім гаспадаркам незалежна ад іх формы ўласнасці. І фермерам таксама. На кілаграм выпрадукаванага мяса, на літр малака. Тады і кіраўніцтва такіх прадпрыемстваў будзе дбаць пра тое, каб вырабляць прадукцыю як мага больш эфектыўна. На жаль, у нас пакуль усё вырошчваецца і гадуецца па прымусе зверху.

Але рэгіёны Беларусі адрозніваюцца па рэльефе мясцовасці, глебе, клімаце. Скажам, на Віцебшчыне тэрміны сяўбы амаль на два месяцы адрозніваюцца ад Гомельшчыны. А рэльеф такі, што падчас жніва часта камбайны пераварочваюцца. Таму, у прыватнасці, там варта засейваць палі травамі. І хай бы нават каровы ці авечкі самі туды прыходзілі іх жваць-спажываць, бо ўбіраць тэхнікай — і нязручна, і гэта выдаткі на паліва, абслугоўванне, рамонт. Жывёлам жа ўсё адно — па гары хадзіць ці па роўнай пляцоўцы.

— І што, у нас не могуць заняцца зменамі нават у такіх простых справах?

— Урад якраз некалькі гадоў таму вырашыў, што Віцебшчыне варта спецыялізавацца на травах. Гэта толькі адзін прыклад таго, што трэба было рабіць не 2–3 гады, а 25 гадоў таму!

— Што да субсідыяў. Без падсілкавання нашай сельскай гаспадаркі яе развіццё немагчымае?

— Без субсідыяў не абысціся. Бо сельскую гаспадарку субсідуюць у Германіі, Расіі, Украіне — усе суседзі. Мы папросту не зможам канкураваць. Прычым нашы субсідыі нібыта вялізныя, але калі параўноўваць з той самай Германіяй, то яны меншыя ў разы. Там гэта 500 еўра на гектар, а ў нас і 100 не выходзіць. І субсідаванне там выразна прапісанае заканадаўча. У нас жа субсідыі дзеляцца так, як і наогул вядзецца кіраванне сельскай гаспадаркай і эканомікай. У ручным рэжыме. Гэтаму «калгасу» дамо, каб не знік, а той сам неяк выжывае — і добра.

Самая падставовая праблема палягае ў тым, што ў нашай сельскай гаспадарцы няма бізнесу як такога. Прадпрыемствы ў гэтай галіне — не бізнес-структура, а вытворчыя цэхі, якім даведзена, што і колькі трэба вырабіць без увагі на сабекошт ды іншыя варункі. Пры іншым падыходзе палова такіх прадпрыемстваў закрылася б. Хапае і лішніх працаўнікоў у іх. У таго самага фермера людзей працуе на аднолькавай плошчы меней, чым у «калгасе». А прадукцыі вырабляецца болей.


Лішнія рукі

— Самі людзі разумеюць заганнасць такой сістэмы?

— Не. Людзі ўдзячныя Лукашэнку, што дае працу. Днямі размаўляў са знаёмым «калгасным» кіроўцам. У красавіку за 30 дзён працы, без выходных, ён зарабіў 600 рублёў. Кажа: «Ну, куды я яшчэ пайду і такія грошы знайду?!»

А між тым, многія прыватнікі не трымаюць транспарту, а наймаюць яго пры патрэбе нейкіх грузаперавозак. У выніку гэта эканомія на захоўванні, рамонце тэхнікі. І заробак не трэба плаціць кіроўцу ўсесезонна, незалежна ад таго, маецца праца ці не. Дый сапраўдны гаспадар шмат што ўмее і робіць сваімі рукамі. Замежны досвед паказвае, што там кіраўнік гаспадаркі і карову падаіць можа, і на трактары папрацаваць, а не толькі рассякаць па полі на джыпе ды па райвыканкамаўскіх нарадах ездзіць, як нярэдка бывае ў нас.

— Як адбіваецца такі крываваты лад на працавітасці сучасных вяскоўцаў?

— Ад чалавека залежыць. Адзін і ў СВК спраўна працуе, і дома на прысядзібным участку ўсё ў парадку, 4–5 свіней трымае, 20 кураў, дзяцей у Мінску корміць, а другі і дома ў паўсілы робіць, і ў «калгасе» абы-як. А заробак аднолькавы. Гэта крыўдна. Але так будзе, пакуль сельскагаспадарчыя арганізацыі не ператворацца ў бізнес-ячэйкі.

— Пасля чатырох гадоў працы старшынёй СВК у Стаўбцоўскім раёне вы працавалі дырэктарам аграрнага каледжа ў Смілавічах. Наколькі прэстыжныя сёння аграрныя прафесіі ў Беларусі, якая мае імідж аграрнай краіны?

— Асаблівага попыту на аграрныя спецыяльнасці няма. Ва ўсе такія каледжы бяруць без экзаменаў. Калі іх увесці — будзе недабор. Так што задача — неяк набраць навучэнцаў і закрыць заяўкі арганізацыяў. І на значную колькасць спецыяльнасцяў у аграрныя вышэйшыя навучальныя ўстановы нізкі конкурс. Бяруць з мізэрнымі баламі на ЦТ. Моладзь часта ідзе туды вучыцца па рэшткавым прынцыпе. Хаця ёсць і тыя, хто жадае працаваць менавіта ў сельскагаспадарчай галіне, свядома паступаючы вучыцца па профільных спецыяльнасцях. Напрыклад, мой сын-дзевяцікласнік хоча стаць ветэрынарным лекарам — і ўжо рыхтуецца.

— Ці шмат кіраўнікоў і працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў мараць стаць гаспадарамі-фермерамі? Ну і ці шмат з іх тых, хто валодае адпаведнымі кампетэнцыямі?

— Можна быць добрым кіраўніком, менеджарам, але не мець здольнасцяў стаць бізнесоўцам. Гэта трэба прымаць рашэнні, мець доўгатэрміновую стратэгію, адказваць уласнымі маёмасцю і грашыма за тыя самыя ўзятыя крэдыты. Цяпер жа ў старшыні «калгаса» галава не баліць: яму спусцілі заданне што пасеяць, як не аддасць крэдыт — наступнік на пасадзе паспрабуе аддаць, за няўдачы — максімум звольняць, калі красці не будзеш.

Што да вясковых працаўнікоў, то жаданне пайсці ў фермеры ёсць шмат у каго, але не ў большасці. Многія зайздросцяць тым, хто працуе ў фермераў. Ну і фермеры бяруць да сябе не ўсіх, хто ў «калгасе» працуе. У «калгасе» даводзіцца працаваць з тымі, хто ёсць, а фермер наймае тых, каго хоча, хто яму патрэбны.

У сезон фермер плаціць добра. Але людзі трымаюцца за «калгасныя» пасады, разважаючы так: гэта стабільна, ёсць праца ці няма — мяне пракормяць, нават калі няма — атрымаю свае 200 рублёў.


— Ці маеце вы самі мару стаць фермерам?

— Мне падабаецца праца ў сельскай гаспадарцы, ляжыць да гэтага душа. Хоць я цяпер працую ў прыватнай фірме ў іншай галіне, але вядзем з бацькам асабістую прысядзібную гаспадарку. Напрыклад, паўсотні галоваў авечак. Гэта далёка ад фермерства, проста дадатковы даход ад продажу лішкаў.

Каб была ў нас іншая эканамічная сістэма, то з радасцю стаў бы фермерам. Ці выкупіў быў «калгас», але гэта вялікія грошы — мільёны долараў, усё ж зямля! У нашай краіне няма такіх грошай, каб купляць калгасы. А вось з усходняй суседкі Расіі, каб была магчымасць, скупілі б за два тыдні. І працаваць, можа быць, беларусам там давялося б, у горшых умовах, чымсьці цяпер.


Разносы на вертыкалі

— Калі б апынуліся ў кіраўніцтве ўсёй сельскагаспадарчай галіны, што б зрабілі ў кірунку рэформаў у першую чаргу?

— Перадусім трэба рэальна ўраўняць у правах усе формы ўласнасці. Каб у сельскай гаспадарцы запанавалі сумленная канкурэнцыя і бізнес-падыходы.

Возьмем да прыкладу авечкагадоўлю. Нейкі час таму ўзялі курс на яе развіццё. Выдаткавалі выбраным агромністыя грошы на авечкагадоўчыя комплексы. Але ж сыравіну можна купляць у насельніцтва. Я, напрыклад, трымаў бы тады не 50, а 200 галоваў. Бо стрыжэм авечак, а поўсць няма куды падзець. Складаем у мяхі — і на гарышча. Ідзе як уцяпляльны матэрыял. Бывае, знаёмыя тэлефануюць і пытаюць: «Па чым воўна?». Кажу, каб прыязджалі і задарма бралі. Каб устанавілі кошт за кілаграм воўны, людзі, якія разводзяць авечак, здавалі б яе на спецыялізаваныя камбінаты.

Тое самае са скурай — даводзіцца папросту ўтылізоўваць. То-бок, шмат чаго прападае. Каб дзейнічалі нейкія тарыфы і была наладжаная сістэма ў насельніцтва, то людзі б самі развівалі авечкагадоўлю. І не трэба ўбухваць вялізныя грошы ў комплексы.

Але ў нас баяцца даць грошы ў прыватныя рукі. Маўляў, прыватнік сам выкараскаецца, дасць рады. І гэтак з тымі самымі крамамі на сяле. Узяліся падтрымліваць «райпоўскія» крамы, дык а чаму не падтрымаць, не заахвоціць лаўкі дробных прыватнікаў, калі манаполія таго самага «Еўраопту» бачыцца небяспечнай?

Кіраўнік краіны лічыць, што дзяржаўныя грошы павінны ісці на дзяржаўныя патрэбы. Слушна, але пытанне: чаму ўлады не бачаць і ў прыватніку дзяржаўнага чалавека? У мяне вось уласная прысядзібная гаспадарка, я такі самы суб’ект гаспадарання паводле закона, вырабляю прадукцыю, выконваю санітарныя нормы і так далей. Я — частка дзяржавы.

Тое самае і з райвыканкамаўскімі чыноўнікамі, якія распараджаюцца якімі-ніякімі бюджэтам: не давядзі Бог, нешта патрапіць прыватніку! Ці прыйдзі і паспрабуй у іх папрасіць як фермер добрую зямлю, хай і прынясеш болей падаткаў...

А потым Аляксандр Лукашэнка будзе ездзіць па Беларусі і наракаць на гармідар у самых розных галінах. Так гармідар і застанецца, пакуль не з’явіцца гаспадар!

— Дарэчы, вось гэтыя разносы — яны па ўсёй вертыкалі ідуць? Як да іх ставяцца кіраўнікі розных узроўняў?

— Многія нязгодныя з такой сістэмай, але куды пайсці-падацца? Вось таму змірыліся і працуюць у такім заведзеным стылі. Шмат старшыняў райвыканкамаў, сельгаспрадпрыемстваў — разумныя кіраўнікі, годныя і больш высокіх пасадаў.

Адстаўлены ў сакавіку са скандалам міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц — талковы міністр. Я ведаю Леаніда Канстанцінавіча асабіста. Калі ён быў старшынёй Камітэту па сельскай гаспадарцы Мінскага аблвыканкаму, то прыязджаў у раён да нас. І не ўчыняў публічнага лупцавання, а спакойна раіў мне, маладому кіраўніку, да чаго трэба прыгледзецца, што выправіць.

Здымаць паказальна міністра праз абпэцканую карову?! Парадак і дысцыпліна павінны быць, так. Але калі дождж, то можна паехаць у любую гаспадарку, нават у лепшую — знакаміты «Сноў» ці «Александрыйскае» ў Шклоўскім раёне — і знойдзем там брудных кароваў. На выгуле яны абавязкова залезуць у бруд, лягуць у лужыну.

Гэта праява каманднай эканомікі. Разносы ідуць па ўсёй вертыкалі кіравання. Ад кіраўніка краіны — да старшыняў аблвыканкамаў, ад тых дастаецца старшыням райвыканкамаў, якія ў сваю чаргу выгаворваюць дырэктарам сяльгасарганізацый. А тыя потым прыязджаюць да сябе — і «строяць» з мацюкамі падначаленых працаўнікоў, даводзячы зададзеныя паказчыкі.

Знікне камандная эканоміка — разваліцца і вертыкаль улады. І «прыгонна-калгасны» люд ужо не прымусіш тады ісці з амаль 100-працэнтнай яўкай на выбары...



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!