У Расіі заяўляюць пра зрыў тэрмінаў дастаўкі еўрапейскіх грузаў праз Беларусь

Тэрміны зрыву пастаўкі еўрапейскіх грузаў у Расію праз Беларусь пасля рашэння аб узмацненні кантролю ўжо даходзяць да пяці дзён, піша «Коммерсант» са спасылкай на апытаных удзельнікаў рынка.
Фота: Інга Шкелер, TUT.BY

Фота: Інга Шкелер, TUT.BY

Пры гэтым пераарыентацыя паставак на іншыя маршруты звязана з павелічэннем выдаткаў — лагістычным аператарам гэта нявыгадна і з-за размяшчэння кансалідацыйных складаў у Літве, адзначае выданне.

Суразмоўцы паведамляюць, што масавыя надгляды фур, якія ідуць транзітам з Літвы праз тэрыторыю Беларусі ў Расію пачаліся яшчэ ў пачатку верасня.

Як патлумачыў «Коммерсанту» бізнес-амбудсмен па пытаннях транспарту і лагістыкі Ігар Рэбельскі, рашэнні, што прымаюцца беларускімі ўладамі, б'юць не толькі па літоўскім бізнесе, але і па расійскім — калі у 2019 годзе ў сярэднім у Беларусі даглядалі адну са ста фур, якія ідуць транзітам ў Расію, то ў апошнія два тыдні практычна ўсе расійскія «зборкі», якія ўязджаюць з боку Літвы, адпраўляюцца на дагляд. У сярэднім цяпер тэрмін зрыву пастаўкі еўрапейскіх грузаў у РФ праз Беларусь даходзіць да пяці дзён.

Сярод магчымых аб'ездаў — праз беларуска-польскі ўчастак мяжы, тут крук складае 350 км. Аднак расійскім лагістычным аператарам, якія маюць кансалідацыйныя склады ў Літве (а такіх большасць), вельмі нявыгадна накіроўваць машыну праз польска-беларускі ўчастак мяжы, адзначае Рэбельскі. Сітуацыя ўскладняецца і тым, што да канца года Расія забароніць увоз без маркіроўкі значнай часткі спажывецкіх тавараў — да абутку далучацца ўся тэкстыльная галіна, шыны, фотатэхніка, парфума і інш., гэта як раз тыя тавары, якія сёння складаюць значную частку еўрапейскага імпарту. А ўся маркіроўка ажыццяўляецца на літоўскіх складах.

Дырэктар падраздзялення Global Supply Chain кампаніі FM Logistic Аляксей Місаілаў адзначае таксама, што прыгранічныя тэрміналы ў Брэсце і Каменным Логу ўжо перапоўненыя, і аўтамабілі адпраўляюць на дагляд у Мінск.

Місаілаў нагадвае, што на транзіт праз Беларусь прыпадае больш за дзве траціны аўтамабільных перавозак з Еўропы. Транзітам праз балтыйскія краіны перамяшчаецца парадку траціны грузаў.

Як паведамляў TUT.BY, яшчэ 10 верасня міжнародныя аўтаперавозчыкі пачалі атрымліваць непадпісаныя папярэджанні аб тым, што фуры з прыбалтыйскімі нумарамі і грузам з Літвы, Латвіі, Эстоніі будуць затрымліваць на мяжы для вялікага дагляду. Інфармацыю пра гэта ДМК Беларусі тады не пракаментаваў.

18 верасня мытнікі паведамілі пра ўзмацненне кантролю на мяжы з Еўрасаюзам, асабліва ў дачыненні да фізічных асоб. Пры гэтым, як падкрэслілі ў ДМК, нормы ўвозу тавараў засталіся ранейшымі.

Яшчэ да атрымання афіцыйнай інфармацыі ад ДМК Беларусі чытачы пачалі дасылаць у рэдакцыю паведамленні аб тым, што на мяжы з Польшчай, Літвой, Латвіяй дальнабойшчыкаў «сур'ёзна трасуць»: правяраюць наяўнасць новага тавару ў транспарце, а міжнароднікаў, якія вязуць груз з Прыбалтыкі, даглядаюць часам ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: