У рэйтынгу эканамічных свабод Беларусь заняла 104 месца ў свеце

Беларусь заняла 104 месца з 180 краін свету ў рэйтынгу эканамічных свабод (2019 Index of Economic Freedom), складзеным амерыканскай Heritage Foundation.
Агульная колькасць балаў, набраных Беларуссю, склала 57,9. За год гэты паказчык скараціўся на 0,2 бала.

Краіны, якія набралі ў рэйтынгу менш за 50 балаў, лічацца «абсалютна несвабоднымі», 50-60 балаў — «пераважна несвабоднымі», 60-70 балаў — «адносна свабоднымі», 70-80 балаў — «у асноўным свабоднымі», а звыш 80- ці балаў — «свабоднымі».

Такім чынам, Беларусь патрапіла ў лік «пераважна несвабодных» краін.

Як адзначаюць у сваім аглядзе аналітыкі Heritage Foundation, высокія балы за фінансавае здароўе і грашовую свабоду, што атрымала Беларусь, не змаглі кампенсаваць зніжэнне паказчыка ў сферы «дзяржаўныя выдаткі» і «эфектыўнасць судовай сістэмы».

«Беларусь займае 42-е месца сярод 44 краін еўрапейскага рэгіёну, і яе агульны бал ніжэй сярэдняга па рэгіёне і свеце», — гаворыцца ў аглядзе Heritage Foundation.

Так адзначаецца, што эканамічны рост у краіне у 2018 годзе стымуляваўся унутраным попытам і інвестыцыямі.

«Аднаўленне расійскай эканомікі спрыяла павелічэнню экспарту прамысловых тавараў. Падвышэнне сусветных коштаў на ключавыя экспартныя тавары, такія як нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні, дапамаглі Беларусі абслугоўваць свой знешні доўг. Урад дамогся пэўных поспехаў у зніжэнні дзяржрэгулявання эканомікі, але шырокамаштабная лібералізацыя не была прыярытэтам. Замест гэтага паўсюдны ўдзел дзяржавы ў эканоміцы і кантроль над ёй па-ранейшаму сур’ёзна стрымліваюць рост і развіццё, а невялікі прыватны сектар застаецца маргіналізаваным», — адзначацца ў аглядзе.

Адзначым, што ў рэйтынгу суседняя Польшча заняла 46-е месца, Расія −98-е, а Украіна — 147-е.

Знаходзячыся на 104-м месцы, Беларусь размясцілася ў рэйтынгу паміж Малі і Камбоджай.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!