У 2015 годзе 60% прадпрыемстваў былі нерэнтабельнымі або нізкаэфектыўнымі

Згодна з фінансавымі вынікамі працы за 2015 год, дзейнасць 60% арганізацый Беларусі была нерэнтабельнай або нізкарэнтабельнай, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі.



З 7.896 арганізацый, якія ўлічваюцца Белстатам, нерэнтабельнымі былі 1.800 юрыдычных асоб, яшчэ амаль 3.000 суб`ектаў гаспадарання мелі рэнтабельнасць да 5%.
 

Найбольшая колькасць нерэнтабельных арганізацый зафіксаваная ў сельскай гаспадарцы (501) і прамысловасці (436).


У параўнанні з 2014 годам колькасць нерэнтабельных арганізацый, якія ўлічваюцца афіцыйнай статыстыкай, павялічылася на 24%.


На фоне павелічэння колькасці нерэнтабельных арганізацый вырасла і колькасць суб`ектаў гаспадарання, якія атрымалі страты. Так, калі ў 2014 годзе афіцыйная статыстыка фіксавала 1.128 стратных суб`ектаў гаспадарання, то ў 2015-м да такіх аднесеныя больш за 1.600 юрыдычных асоб. Пры гэтым страта, атрыманая такімі арганізацыямі, склала 42,8 трлн. рублёў і павялічылася ў 2,2 разу ў параўнанні з узроўнем 2014 года.


Нагадаем, 23 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу", у якім даручыў ураду "прыняць дадатковыя меры для забеспячэння прыбытковай працы дзяржаўных прадпрыемстваў".


У прыватнасці Лукашэнка паставіў перад урадам задачу забяспечыць на дзяржпрадпрыемствах зніжэнне сабекошту прадукцыі "не менш як на 25%".


Акрамя гэтага, ураду і аблвыканкамам даручана забяспечыць "штогадовае павелічэнне колькасці працаўладкаваных грамадзян на новыя створаныя працоўныя месцы за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў на 50 тыс. чалавек".


Указ № 78 быў падпісаны праз тыдзень пасля нарады аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу, якая праходзіла з удзелам кіраўніка дзяржавы і ўрада. Падчас нарады Лукашэнка адхіліў прапановы ўрада па структурным рэфармаванні эканомікі і даручыў "ўдасканальваць матэрыяльную вытворчасць".
 

"Калі вы гэта зробіце, мы паглядзім, на якім узроўні будзем знаходзіцца і ў якіх умовах працаваць. Магчыма, гэтая гаворка наогул знікне аб нейкіх рэформах", — падкрэсліў Лукашэнка.
 
 
Дзмітрый Заяц, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: