У красавіку складскія запасы ў Беларусі зноў істотна выраслі

Складскія запасы беларускіх прадпрыемстваў у красавіку павялічыліся на 1,4 трлн. рублёў і па стане на 1 мая дасягнулі 83,5% да месячнага аб'ёму прамысловай вытворчасці.



Як сведчаць даныя афіцыйнай статыстыкі, агульны аб'ём складскіх запасаў на пачатак мая ў грашовым выражэнні склаў 35,2 трлн. рублёў (супраць 33,8 трлн. рублёў — на 1 красавіка). 
 

Варта адзначыць, што рост запасаў гатовай прадукцыі ў красавіку адбыўся на фоне зніжэння (на 7,7% у параўнанні з сакавіком) аб'ёму прамысловай вытворчасці. 


Самы вялікі ўнёсак у прырост складскіх запасаў у красавіку зроблены прадпрыемствамі, падведамаснымі Міністэрству прамысловасці, Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання і дзяржканцэрну "Беллегпрам". 
 

Рост таварных запасаў зафіксаваны ў чатырох абласцях Беларусі і ў Мінску. Пры гэтым найбольшы аб'ём таварных запасаў традыцыйна склаўся ў сталіцы, дзе знаходзяцца буйныя прадпрыемствы беларускага машынабудавання. 
 

Так, па стане на 1 мая ўзровень таварных запасаў на прадпрыемствах Мінска склаў 136,3% да месячнага аб'ёму вытворчасці (супраць 127,5% — на 1 красавіка), у Мінскай вобласці — 115,2% (гэтулькі ж, колькі ў красавіку), у Брэсцкай — 86,2% (81%), Гродзенскай — 82,1% (76,3%), Магілёўскай — 81,2% (83,9%). 
 

Найменшы ўзровень складскіх запасаў на пачатак мая быў зафіксаваны ў Гомельскай і Віцебскай абласцях — 46,8% і 41,6% ад месячнага аб'ёму вытворчасці адпаведна (на 1 красавіка — 46,7% і 37,3%). 


Традыцыйна нізкая велічыня запасаў у гэтых дзвюх абласцях абумоўлена тым, што асноўны аб'ём вытворчасці там фарміруюць нафтаперапрацоўчыя заводы, якія выпускаюць высокаліквідны тавар — нафтапрадукты. 


Як раней паведамляў БелаПАН, паводле красавіцкага апытання прамысловых прадпрыемстваў, праведзенага Навукова-даследчым эканамічным інстытутам (НДЭІ) Мінэканомікі, многія арганізацыі лічылі назапашаны ўзровень складскіх запасаў залішнім. 


Наяўны на прадпрыемстве на момант апытання ўзровень запасаў гатовай прадукцыі 43% апытаных ацанілі як "залішні", 46% палічылі яго "нармальным" і толькі 9% адказалі "ніжэй за норму". 

Выступаючы 22 красавіка са штогадовым пасланнем да народа і парламента, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў працу ўрада і прадпрыемстваў у сувязі з высокім узроўнем таварных запасаў. 


"Павінны былі знізіць узровень запасаў гатовай прадукцыі на складах прампрадпрыемстваў да 76% сярэднямесячнай вытворчасці, а на самай справе ўжо 80. Пайшлі на рэкорд", — заявіў Лукашэнка. 


Ён падкрэсліў: калі б гэту прадукцыю атрымалася прадаць, краіна не мела патрэбы ў крэдытах. "Гаворка ж не проста пра лічбы. На складах ляжыць прадукцыі амаль на 34 трыльёны рублёў. Хто яе будзе прадаваць, хто верне грошы ў абарот? Гэта ж амаль 4 мільярда долараў! Дык чаго ж мы хочам і просім з працягнутай рукой крэдыты? Чаго мы просім? У нас на складах 4 мільярды", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
 
 
Дзмітрый Заяц, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!