У Міністэрстве ЖКГ не ведаюць, які працэнт жыроўкі аплачвае дзяржава

23 лютага кіраўнік Беларусі падпісвае “антыкрызіны” ўказ №78, у якім недвухсэнсоўна загадана “дасягнуць узроўню кампенсацыі тарыфаў для насельніцтва ў памеры 50% па ўсім комплексе паслугаў”.



Фота: yaostrov.ru


Некалькі дзён таму Аляксандр Лукашэнка казаў, што насельніцтва пагашае ледзь не 80% кошту камунальных плацяжоў.

Тэарэтычна гэта значыць, што жыроўка патаннее, але спачатку паспрабуем спытаць у чыноўнікаў з ЖКГ, якую частку маёй жыроўкі сёння аплачвае дзяржава.

У абласных упраўленнях ЖКГ не могуць адказаць на гэтае простае пытанне, маўляў, яшчэ не з’явілася статыстыка за студзень. У магілёўскім упраўленні кажуць дзіўнае: “Такая інфармацыя штомесячна не збіраецца, а толькі кожны квартал. Штомесячна проста фізічна немагчыма сабраць і апрацаваць аператыўна гэтую інфармацыю”.

Па словах начальніка гродзенскага абласнога ўпраўлення ЖКГ Алега Шафранскага, адказаць на такое пытанне ўвогуле немагчыма.

“Я не змешваю віды дзейнасці і цэны на іх. Адпаведна, не магу пракаментаваць, колькі працэнтаў плацім мы, а колькі — дзяржава”.

Пачакайце, але ўказ кіраўніка краіны менавіта пра гэта.

Фота: belnaviny.by
 

У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі проста перанакіроўваюць у Міністэрства эканомікі, маўляў, толькі там ведаюць пра гэта.

І толькі у разлікова-даведачным цэнтры горада Ліда Еўрарадыё атрымлівае адказ на пытанне, якое хвалюе ўсіх. У сярэднім па горадзе насельніцтва пагашае 32,7% кошту камунальных паслугаў, дзяржава — 67,3%. Атрымліваецца, у Лідзе цэны ў жыроўках будуць расці?

Прадстаўніца лідскага разлікова-даведачнага цэнтра супакойвае:

“Пакуль павышэння не плануецца, бо за студзень вельмі моцна павысілі камуналку. Вельмі шмат скаргаў!”

Міністэрства эканомікі паабяцала Еўрарадыё падлічыць дакладна і адказаць на гэтае складанае пытанне.

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: